Чацвер, 23 Кастрычнік 2025 09:18

7 красавіка 2025 г. — 225 гадоў з дня нараджэння Келясціна Іванавіча Брэна (1800–1875), беларускага краязнаўца, фалькларыста, этнографа, які некалькі год служыў святаром у Кобрыне

Келясцін Іванавіч Брэн нарадзіўся 7 красавіка 1800 г. на Брэстчыне ў сям’і чыншавых дзяржаўных сялян. У розных крыніцах годам яго нараджэння называюцца таксама 1799 г. ці 1802 г. Закончыў Брэсцкае шасцікласнае вучылішча, дзе пасля два гады працаваў выхавацелем. У канцы 1820-х гг. вучыўся і працаваў пісьмаводам у Жыровіцкай духоўнай грэка-ўніяцкай семінарыі, якую закончыў у 1831 г.

З 1831 г. Келясцін Брэн служыў святаром у Кобрыне, атрымаў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Кобрыне.

З 14 кастрычніка 1838 г. — настаяцель царквы св. Міхаіла ў в. Стары Корнін Бельскага павета Гродзенскай губерні. З 30 красавіка 1839 г. —праваслаўны. Пасля прыняцця праваслаўя сустрэў варожыя адносіны да сябе з боку мясцовага насельніцтва і нават быў вымушаны перамяшчацца пад аховай тысяцкага.

Свяшчэннік К. І. Брэн быў этнографам і фалькларыстам, збіраў матэрыялы пра абрады, народныя гульні і забавы. Ён адзначаў некаторую архаічнасць у беларускім фальклоры, што дало магчымасць лічыць беларускую народную творчасць адной з самых старажытных у славянскім рэгіёне. Стварыў першае этнаграфічнае апісанне беларускай вёскі на Падляшшы.

Асноўная праца Келясціна Брэна — «Мясцовае этнаграфічнае апісанне Бельскага павета Гродзенскай губерні…» (напісана ў 1856 г.), якая прысвечана матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага насельніцтва на тэрыторыі Падляшша (цяпер Беласточчына). Складаецца з шасці раздзелаў: «Вонкавы выгляд», «Мова», «Хатні побыт», «Асаблівасці грамадскага быту», «Разумовыя здольнасці, маральныя якасці і адукацыя», «Народныя паданні і помнікі». У раздзеле «Хатні побыт» прадстаўлена штодзённае жыццё селяніна, адзенне, прылады працы, звычаі і абрады, дзіцячыя гульні, хваробы людзей і спосабы іх лячэння. Раздзел «Народныя паданні і помнікі» змяшчае і фальклорны матэрыял.

У працы К. І. Брэна 38 народных песень, у тым ліку 14 вясельных з апісаннем вясельных абрадаў, 24 загадкі, 15 прымавак, 2 казкі, дадзена параўнальнае апісанне побыту беларусаў і мазураў. Вясельныя песні пададзены ў адпаведнасці з апісаннем вясельных абрадаў, іншы фальклорны матэрыял змешчаны ў дадатку. Да працы прыкладзены малюнкі адзення, рыбалоўных прылад, планы жылых і гаспадарчых пабудоў. Аўтар параўноўвае беларусаў з палякамі (мазурамі), паказвае іх знешні выгляд, хатні побыт, разумовыя здольнасці, маральныя якасці і інш., падкрэслівае аднолькавае і адметнае адрознае ў іх культурах, вераваннях, фальклоры.

Рукапіс захоўваецца ў архіве Геаграфічнага таварыства Расійскай Федэрацыі ў Санкт-Пецярбургу. Фальклорныя запісы К. І. Брэна ўвайшлі ў кнігі серыі «Беларуская народная творчасць»: «Вяселле. Песні» (кн. 2, 1981); кн. 4–6 (1985–1988), «Гульні, забавы, ігрышчы» (2003).

Келясцін Іванавіч Брэн памёр 29 сакавіка 1875 г., пахаваны пры царкве ў Старым Корніне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы К. І. Брэна

  1. Местное этнографическое описание Бельского уезда / Келестин Иванов Бренн // Бельскі гостінэць. № 1. Бельск-Падляскі, 2017. С. 13–51.
  2. Вяселле ў Бельскім павеце / на падставе рукапісу К. І. Брэна з 1853 г. ; апрацаваў Мікалай Лобач // Беларускі каляндар. 1982. Беласток, 1982. С. 163–174.
  3. Из путевых заметок старого священника / Келестин Бренн // Литовские епархиальные ведомости. 1864. № 24. С. 951–958.

 

Аб жыцці і дзейнасці К. І. Брэна

  1. Лобач, М. С. Брэн Келясцін Іванавіч / М. С. Лобач // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 283.
  2. Брэн Келясцін Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 49.
  3. Брен Келестин Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 122–123.
  4. Брен Келестин Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 498.
  5. Лобач, М. С. Брэн Келясцін Іванавіч / М. С. Лобач // Этнаграфія Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1989. С. 90.
  6. Саламевіч, У. І. Брэн Келясцін Іванавіч / У. I. Саламевіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 190–191.
  7. Лобач, М. С. Брэн Келясцін Іванавіч / М. С. Лобач // Асветнікі зямлі Беларускай, Х – пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2010. С. 65.
  8. Лобач, М. Келясцін Брэн. Па слядах рукапіснага этнаграфічнага апісання Бельскага павету свяшчэнніка Келясціна Брэна з 50-х гадоў ХІХ ст. / М. Лобач // Беларускі каляндар 1986. Беласток, 1986. С. 69–90.
  9. Брэн Келясцін Іванавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук ; 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 14–15.
  10. 225 гадоў з дня нараджэння Келясціна Іванавіча Брэна (1800–1875) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 162.
  11. Doroteusz, F. Dziela duchownych ze Starego Kornina fundamenty naszej toźsamości / Fionik Doroteusz // Бельскі гостінэць. № 1. Бельск-Падляскі, 2017. С. 3–12.
  12. 7 красавіка 1800 г. [нарадзіўся К. І. Брэн] : Даты. Падзеі. Людзі // Звязда. 2016. 7 красавіка. С. 16.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 79 разоў Апошняя змена Чацвер, 23 Кастрычнік 2025 09:29