Панядзелак, 27 Кастрычнік 2025 16:31

2025 г. — 125 гадоў з часу цудоўнага з’яўлення Божай Маці ва ўрочышчы «Грушка» ля в. Бушмічы (Камянецкі р-н; 1900)

Больш за сто гадоў па традыцыі перад святкаваннем Успення Святой Багародзіцы сотні паломнікаў нясуць паклонныя крыжы ва ўрочышча «Грушка», каб памаліцца за здароўе сваіх блізкіх. Пасярод поля на пагорку вакол самотнага дрэва ўстаноўлена некалькі сотняў праваслаўных крыжоў.

Урочышча «Святая Грушка» (альбо проста «Грушка») знаходзіцца паміж вёскамі Бушмічы і Вярховічы ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Згодна народнай легендзе, менавіта ў гэтым месцы, пад грушай, дзяўчынцы-сіраце Праскоўі з сям'і Паўлючукоў было з'яўленне Божай Маці. Дзяўчынка пасвіла на пагорку гаспадарскіх авечак і яе заспела навальніца. Яна схавалася пад дзікую грушу і стала маліцца і плакаць, скардзячыся на свой горкі лёс. Тады і з'явілася ёй Багародзіца — жанчына ў белым і сонечных праменнях, каб суцешыць і прадказаць ёй шчаслівы лёс.

У архівах захаваліся дакументы, паводле якіх здарылася гэта ў 1899–1900 гг. Дзяўчынка расказала пра гэта ў вёсцы і ёй паверылі. З тых часоў сталі лічыць гэтае месца святым. Пазней, згодна з казаннем, тут цудоўна вылечваліся хворыя, што яшчэ больш умацавала веру ў святасць гэтага месца. Узнікла традыцыя прыходзіць сюды, каб маліцца за здароўе і ставіць вялікія ці маленькія ахвярныя крыжы і павязваць на іх ручнікі і стужкі. Веруючыя збіраліся пабудаваць побач з грушай царкву, нават падрыхтавалі будаўнічы матэрыял, але перашкодзіла Першая сусветная вайна.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Бушмічы разам з урочышчам «Грушка» адносіліся да праваслаўнай прыхадской супольнасці з цэнтрам у вёсцы Вярховічы. У гэты ж час згадваецца капліца «пад грушкай» — «Успенская», збудаваная ў 1942 г. мясцовымі жыхарамі. Будынак капліцы быў драўляным, на каменным падмурку, з бляшаным дахам, умяшчальнасцю на 50–60 чалавек. З усходняга ад яе боку ў малой агароджы пад грушкай знаходзіўся абраз Успення Божай Маці, пісаны на палатне. Службы тут праводзіў свяшчэннік Навучамаў з Вярховічаў.

28 лістапада 1958 г. выйшла Пастанова ЦК КПСС «Аб мерах па спыненні паломніцтва да так званых «святых месцаў», пасля якога паўсюдна пачалася кампанія па знішчэнні шанаваных народных святынь. У снежні 1959 г. па бушміцкай капліцы былі аформлены матэрыялы і перасланыя ў Савет па рэлігіі для зняцця з уліку дзеючых. У 1960 г. гаварылася ўжо аб ліквідацыі дадзенага «святога месца»: капліца была разабрана, груша выкарчавана, крыжы вывезены і спалены.

Але людзі па-ранейшаму ішлі ва ўрочышча «Грушка» са сваімі малітвамі і спадзяваннямі і неслі крыжы. Дрэва адрасло з карэння. 9 чэрвеня 1980 г. была праведзена чарговая ліквідацыя. Тады каля 200 крыжоў былі вывезены і знішчаны, груша зноў выкарчавана, а пляцоўка разарана і засеяна збожжавымі.

Але дрэва зноў вырасла, а калгасныя механізатары пакідалі неараным гэтае месца, туды зноў пратапталася сцяжынка. З 1995 г. тут пачалі зноўку праводзіць святыя службы. Быў пабудаваны навес. Першым пачаў весці службы іерэй Сергій Козел. У 1997 г. служыў яго брат іерэй Мікалай Козел.

У 2003 г. святаром прыхода в. Вярховічы, да якога належыць «Грушка», быў прызначаны іерэй Георгій Варанко. Пры ім у 2007 г. быў пакладзены пачатак будаўніцтву новага храма ў гонар З'яўлення Божай Маці. Царкву асвяціў 27 жніўня 2012 г. епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. З 2014 г. службы праводзіў іерэй Аляксей Кудласевіч. Цяпер — іерэй Георгій Маційчык.

Кожны год у дзень памяці З'яўлення Божай Маці 27 жніўня збіраецца шмат паломнікаў ва ўрочышчы «Грушка». З Вярховіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы адбываецца хрэсны ход да царквы пад грушай. Абрад амаль не змяніўся. Яшчэ да пачатку ўрачыстага набажэнства трэба пацалаваць іконы на крыжах, дакрануцца да ствала грушы і завязаць каляровую стужачку на галінцы. Пасля службы жанчыны раскладваюць посную ежу, якую гатавалі дома. Бацюшка асвячае, і ўсе прыкладваюцца да той ежы.

У пацверджанне сваёй веры і «за здароўе» ў розны час людзі нясуць да грушкі драўляныя крыжы, укопваюць каля дрэва, упрыгожваюць іх стужкамі. Сярод крыжоў ёсць ад імя прадпрыемстваў і арганізацый з просьбамі аб дабрабыце сваіх работнікаў. Аднак на большасці няма ніякіх таблічак і надпісаў. Людзі вераць, што імёны тых, за каго яны моляцца, Святая Багародзіца прачытае ў іх сэрцах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [1941, Грушка]. С. 301.
  2. Мазурук, І. М. Святая «Грушка» ў Камянецкім раёне / Мазурук І. М. // Молодежь: свобода и ответственность : материалы V Туровских епархиальных образовательных чтений, [26 октября 2018 г.]. Мозырь, 2019. С. 68–72.
  3. Шарая, В. М. Асаблівасці фарміравання культавых аб‘eктаў і звязаных з імі ўяўленняў (на прыкладзе лакальнай традыцыі ўшанавання Грушкі ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці) / Шарая В. М. // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (28–29 лістапада 2013 г., г. Мінск) : у 2 ч. Мінск : Права і эканоміка, 2014. Ч. 2. С. 185–189.
  4. Церковь Явления Божией Матери в урочище «Грушка» : [д. Бушмичи, Каменецкий район] // Храмы Брестчины. Брест, 2024. С. 104.
  5. Каменецкий район // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2019. С. 38–42.
  6. Яскевіч, С. Грушка, што пакідае надзею : [пра святое для праваслаўных месца Грушка ля в. Бушмічы Камянецкага раёна паводле аповяду мясцовай жыхаркі Н. І. Карпук] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2023. 27 снежня. С. 1, 5.
  7. Грицук, Н. Грушка... Святое место Каменетчины / Наталья Грицук // Навіны Камянеччыны. 2022. 3 верасня (№ 36). С. 10.
  8. Грицук, Н. Особое место для молитвы : [Грушка] / Наталья Грицук // Навіны Камянеччыны. 2020. 22 жніўня (№ 34). С. 16.
  9. Шатило, И. Путешествуем по Каменетчине : не Белой вежей и пущей едиными : [упоминается святое место «Грушка»] / Ирина Шатило // Брестская газета. 2017. 8 сентября (№ 37).  С. 8–9.
  10. Козлович, В. У каждого свой крест / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 16 апреля. С. 14.
  11. Трибулева, Е. Белорусская Грабарка / Елена Трибулёва // Вечерний Брест. 2015. 7–9 января. С. 4.
  12. Медведюк, Е. За веру, за Отечество, за ближних / Елена Медведюк // Навіны Камянеччыны. 2013. 1 чэрвеня. С. 14.
  13. Семенюк, О. Праздник под Грушкой / Ольга Семенюк // Навіны Камянеччыны. 2013. 5 кастрычніка. С. 6.
  14. Кляшчук, А. «Грушка» : [незвычайны абрад напярэдадні свята Успенне, ўслаўлення грушы-дзічкі ў Камянецкім раёне] / Анатоль Кляшчук // Родная прырода. 2013. № 8. С. 53–57.
  15. Грыцук, Н. Святыня, імя якой – Грушка / Наталля Грыцук // Навіны Камянеччыны. 2011. 3 верасня. С. 5.
  16. Бунеева, Л. Спас под соснами / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2011. 24 августа. С. 7.
  17. Грыцук, Н. З хрэсным ходам па зямлі камянецкай / Наталля Грыцук // Навіны Камянеччыны. 2011. 20 жніўня. С. 4.
  18. Олиферчик, И. Свтяые места Каменетчины : [урочище Грушка] / Игорь Олиферчик // Брестские епархиальные ведомости. 2003. № 2. С. 28.
  19. Ильенков, В. Грушка / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2000. 14 красавіка. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 106 разоў