Серада, 29 Кастрычнік 2025 11:50

2025 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Ананія Максімавіча Зарэцкага (1895–1980), удзельніка Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайнаў, грамадскага дзеяча

Ананій Максімавіч Зарэцкі нарадзіўся ў 1895 г. у в. Навасёлкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Астроміцкага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Рана застаўся сіратой і яго ўсынавілі чужыя людзі. У 1915 г. у ліку тысяч іншых бежанцаў з Заходняй Беларусі Ананій Зарэцкі разам з жонкай апынуўся ў Самарскай губерні. Адтуль яго мабілізавалі ў Расійскую імператарскую армію.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ананій Зарэцкі стаў у шэрагі яе байцоў. Быў у чырвонагвардзейскім атрадзе па разаружэнні казачых часцей, якія вярталіся з фронту на Дон і Кубань. Давялося змагацца з мяцежным чэхаславацкім корпусам.

У гады Грамадзянскай вайны са зброяй у руках абараняў маладую Савецкую рэспубліку спачатку чырвонаармейцам, а затым камандзірам кулямётнага ўзвода 25-й стралковай дывізіі імя В. І. Чапаева. З 15 студзеня 1918 г. да 9 мая 1920 г. служыў у палкавой кулямётнай камандзе на пасадзе інструктара па зброі ў 219-м Дамашанскім стралковым палку. Часта бачыў легендарнага камдыва В. І. Чапаева, які, як успамінаў былы чапаевец, быў мозгам і сэрцам кожнай аперацыі, вучыў байцоў стратэгіі, тактыцы бою і сам заўсёды быў наперадзе.

А. М. Зарэцкі прайшоў баявы шлях Грамадзянскай вайны, прымаў актыўны ўдзел у баях супраць белагвардзейцаў, казацтва на Уральскім фронце, а таксама ў разгроме войска Калчака на Уфімскім фронце. Быў адважным кулямётчыкам. У снежні 1918 г. у час баёў на Уральскім фронце стаў членам партыі бальшавікоў. У адным з баёў быў паранены, а пасля шпіталя атрымаў накіраванне на Паўднёвы фронт у 32-і кавалерыйскі полк Чырвоных камунараў. Полк удзельнічаў у баях за вызваленне Крыма, у жорсткіх сутычках пад Кахоўкай, баях супраць Урангеля і Махно.

У 1921 г. пасля дэмабілізацыі Ананій Зарэцкі вярнуўся ў родную Беларусь, якая апынулася ў польскай акупацыі. Чалавекам ён быў пісьменным, яго паважалі мясцовыя жыхары. Але разам з тым ён не хаваў сваёй непрыязнасці да польскай улады, таму быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны на год у канцлагер у Познані.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР А. М. Зарэцкага прызначылі старшынёй выканкама Іласкага сельскага Савета дэпутатаў працоўных Антопальскага раёна. Шмат сіл і энергіі аддаў Ананій Максімавіч аднаўленню Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. У Іласку ў 1940 г. было 353 жыхары, на тэрыторыі сельсавета 8 населеных пунктаў, 118 хутароў, 2112 жыхароў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны А. М. Зарэцкі, каб даведацца пра сітуацыю і атрымаць распараджэнні, пакінуў жонку Яўгенію і чацвярых дзяцей і на ровары адправіўся ў тагачасны райцэнтр Антопаль. Ён нават не здагадваўся, што гэтая паездка разлучыць яго з сям'ёй на доўгія шэсць гадоў. З кіраўніцтвам Антопальскага раёна Ананій Максімавіч быў эвакуіраваны і прызваны ў Чырвоную армію, быў добраахвотнікам у запасным палку. Ваяваў на Дняпроўскім рубяжы пад Магілёвам, затым быў дэмабілізаваны і працаваў на абарону ў тыле на Урале. Вярнуўся на радзіму толькі ў 1947 г.

Ананій Максімавіч з 1947 г. па 1954 г. — старшыня Іласкага сельсавета (сельсавет скасаваны 16 ліпеня 1954 г.), потым — старшыня калгаса імя Кутузава Антопальскага (з 1959 г. Кобрынскага) раёна.

На пенсіі Ананій Максімавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, часта бываў у школах, выступаў перад дзецьмі, якія з захапленнем звалі яго «чапаевец».

Радзіма высока ацаніла ратны і працоўны подзвіг А. М. Зарэцкага. Ён быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі «За працоўную адзнаку», «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. I. Леніна», Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

29 снежня 1980 г. на 86-м годзе жыцця Ананій Максімавіч Зарэцкі памёр. У Кобрыне жывуць сваякі нашага героя, якія берагуць памяць аб ім і перадаюць яе нашчадкам.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Зарэцкі Ананій Максімавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 87, 427.
  2. Зарэцкі Ананій Максімавіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 18.
  3. 130 гадоў з дня нараджэння А. М. Зарэцкага (1895) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 168.
  4. Ананій Максімавіч Зарэцкі : [некралог] // Камуністычная праца. Кобрын, 1981. 4 студзеня. С. 4.
  5. Зарэцкі, А. Нас заўсёды наперад вялі камуністы : успаміны былога чапаеўца / А. Зарэцкі // Камуністычная праца. Кобрын, 1978. 23 лютага. С. 2.
  6. Спиридонов, П. Чапаевец : [А. М. Зарецкий] / П. Спиридонов // Заря. 1967. 17 октября.
Чытаць 72 разоў