Панядзелак, 10 Лістапад 2025 16:53

2025 г. — 80 гадоў з пачатку ўтварэння камунальнай гаспадаркі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» (1945)

Пачаткам дзейнасці камунальнай службы Івацэвіцкага раёна варта лічыць 1945 г., калі было створана камунальная гаспадарка г. Івацэвічы Косаўскага (з 1947 г. Івацэвіцкага) раёна. 26 кастрычніка 1956 г. створаны Івацэвіцкі аддзел камунальнай гаспадаркі з наступным пераўтварэннем у лютым 1963 г. у жыллёва-камунальную кантору.

У сакавіку 1965 г. жыллёва-камунальная кантора была перайменавана ў Івацэвіцкі камбінат камунальных прадпрыемстваў. У 1969 г. былі здадзены ў эксплуатацыю гарадскі водазабор, каналізацыйна-помпавая станцыя. У сакавіку 1974 г. пабудаваны будынак гасцініцы, а ў 1977 г. здадзена ў эксплуатацыю квартальная кацельня ў г. Івацэвічы (мікрараён Паўночны). На базе камбіната ў 1984 г. створана Івацэвіцкае вытворчае аб'яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

У ліпені 2001 г. Івацэвіцкае вытворчае аб'яднанне жыллёва-камунальнай гаспадаркі перарэгістравана як КУМПП «Івацэвіцкая ЖКГ». У 2003 г. прадпрыемства зарэгістравана як дзяржаўнае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства «Івацэвіцкае ЖКГ».

У цяперашні час ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» з'яўляецца шматгаліновым прадпрыемствам, якое эксплуатуе жыллёва-камунальныя аб'екты і аказвае жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтву і юрыдычным асобам г. Івацэвічы, г. Косава, г. п. Целяханы і сельскіх населеных пунктаў раёна. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці прадпрыемства з'яўляюцца: цепла- і водазабеспячэнне, водаадвядзенне, эксплуатацыя жылфонду, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, рамонт аб'ектаў добраўпарадкавання.

Камунальнае прадпрыемства абслугоўвае 24 452 асабовых абанентаў. На яго балансе 51 кацельня, 18 лазняў і больш за 100 адзінак рознай тэхнікі. Івацэвіцкая ЖКГ абслугоўвае 57 артэзіянскіх свідравін, 21 станцыю абезжалезвання, 36 воданапорных вежаў, 84 каналізацыйна-помпавых станцый, 26 ачышчальных збудаванняў.

Насельніцтва Івацэвіцкага раёна на 88% забяспечана цэнтралізаваным водазабеспячэннем. Участак жыллёвага фонду налічвае 300 жылых дамоў і 4 інтэрнаты, плошча тэхнічнага абслугоўвання складаецца больш за 370 тысяч кв. м. На абслугоўванні ЖКГ знаходзіцца больш за 140 км вуліц і дарог, з іх амаль 64 км — з удасканаленым пакрыццём. За прадпрыемствам замацаваны 45 помнікаў, 29 брацкіх магіл, адно курганнае пахаванне перыяду ранняга Сярэднявечча, 8 мемарыяльных дошак, 86 гарадскіх і сельскіх могілак. Прадпрыемства таксама абслугоўвае зоны адпачынку ля сажалак Яглевіцкі і Івацэвіцкі, возера Вулькаўскае і басейн г. Косава. Акрамя таго, аказвае і спектр платных паслуг: вытворчасць сталярных вырабаў, вокнаў і дзвярэй з профілю ПВХ, транспартныя паслугі, рытуальныя, па рэалізацыі, распілоўцы і колцы дроў, пракладцы інжынерных сетак, рамонце і іншае.

За першыя 20 гадоў на прадпрыемстве змянілася 10 начальнікаў, і толькі ў сярэдзіне 1960-х гг. пад кіраўніцтвам Васіля Мікуліча наступіла кадравая стабільнасць. У 1972 г. на пасадзе яго змяніў Міхаіл Худзінскі, якому за 16 гадоў працы ўдалося вывесці службу ў лік перадавых у БССР.

З 1988 г. па 2008 г. калектыў Івацэвіцкага раённага вытворчага аб'яднання ЖКГ узначальваў Леанід Кавалевіч. Гады яго працы прыйшліся на цяжкі час перабудовы і нестабільнасці эканомікі, аднак граматны падыход дапамог упраўленцу і яго калектыву паступова ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу прадпрыемства, пабудаваць новыя аб'екты і ў той жа час прыняць на баланс ЖКГ функцыі і іншых прадпрыемстваў раёна, тым самым павысіць колькасць і якасць аказваемых паслуг, а таксама ў разы павялічыць колькасць працуючых (з 220 да 1200 чалавек), у тым ліку і дзякуючы будаўніцтву службовага жылля.

У канцы 2008 г. працягваць слаўныя традыцыі папярэдніх кіраўнікоў камунальнай службы стаў Аляксандр Кісель. За гады яго кіраўніцтва на прадпрыемстве прайшлі працэсы мадэрнізацыі і аўтаматызацыі многіх вытворчых працэсаў, удасканальваліся сістэма цепла- і водазабеспячэння, водаадвядзення, а ў 15 населеных пунктах раёна пабудаваны станцыі абезжалезвання.

З верасня 2023 г. Івацэвіцкае ЖКГ узначаліла Людміла Ільянкова, стаўшы першай жанчынай-кіраўніком камунальнай службы. У камунальнай службе яна чалавек не новы, да кіруючай пасады за яе плячыма было больш за 20 гадоў працы на прадпрыемстве на пасадах начальніка планававытворчага аддзела ў філіяле «Райводаканал» і намесніка генеральнага дырэктара па эканоміцы Івацэвіцкай ЖКГ. Пад яе граматным кіраўніцтвам цяперашняя Івацэвіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка — гэта шматфункцыянальнае прадпрыемства, якое ідзе ў нагу з часам.

У падпарадкаванні ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» дзейнічаюць участкі: электрагаспадаркі; абаненцкі; дапаможных работ; аўтамехтранспарту; эксплуатацыі жылфонду; па бягучым утрыманні аб'ектаў добраўпарадкавання, саначыстцы і рытуальным паслугам; аварыйна-дыспетчарская служба. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ЖКГ у рамках добраўпарадкавання населеных пунктаў, уключаюць у сябе азеляненне тэрыторый, рамонт і ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў і многае іншае.

Прадпрыемствам вядзецца пастаянная мадэрнізацыя сетак цэнтральнага водаадвядзення ў раёне. Перапампоўка сцёкавых вод ажыццяўляецца 81 каналізацыйнай помпавай станцыяй, 51 з якіх пераведзена ў аўтаматычны рэжым працы. Ачыстка сцёкаў ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях. Цвёрдыя камунальныя адходы, якія ўтвараюцца на тэрыторыях населеных пунктаў, збіраюцца і вывозяцца спецыяльнай тэхнікай на два палігоны па пахаванні цвёрдых камунальных адходаў.

Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і людзей, якія ў ёй працуюць. На плячах калектыву Івацэвіцкай ЖКГ сёння ляжыць вялікая адказнасць за забеспячэнне камфортных умоў жыцця нашых грамадзян. Клопатаў у камунальнікаў шмат, аднак са сваімі задачамі яны спраўляюцца зладжана, ад іх аператыўнасці залежыць камфорт у дамах і будынках, а таксама аблічча райцэнтра і ўсяго раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.

Русак Таццяна Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання

і інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. Івацэвіцкі край = Ивацевичский край = Ivatsevichi district / [прадмова: У. У. Бялоў]. – Минск : Беларусь, 2024. – 131, [12] с. : іл.
  2. Ивацевиччина: уникальный край / [авторы текста: О. Пономарев, С. Мощик, С. Рекуц ; фото: С. Кислая, Г. Козловский, А. Рыбачук]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2022. – 95 с. : фот.
  3. Терешко, О. Их нелегкий труд – наш комфортный быт : ГУПП «Ивацевичское ЖКХ» исполняется 80 лет / Оксана Терешко // Івацэвіцкі веснік. 2025. 31 мая. С. 8–9.
  4. Рабаў, А. Л. Як падрыхтуемся, так і сагрэемся / [Аляксандр Рабаў] ; гутарыла Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2024. 17 ліпеня. С. 3.
  5. Ільянкова, Л. Ф. У адказе за камфорт: чым парадуюць камунальнікі ў 2024 годзе? / [Людміла Ільянкова ; гутарыла] Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2024. 23 сакавіка. С. 8–9.
  6. Ковалева, Ю. Проекты будущего страны и перспективы отрасли ЖКХ / Юлия Ковалева // Івацэвіцкі веснік. 2024. 20 сакавіка. С. 2.
  7. Шэляговіч, В. У Наліўкі і Заполле прыйшла чыстая вада – у ліпені тут запрацавалі станцыі абезжалезвання / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2023. 22 ліпеня. С. 4.
  8. Рабаў, А. Л. Рыхтуй цепласеткі летам / [Аляксандр Рабаў] ; гутарыла Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2023. 7 чэрвеня.
  9. Кісель, А. І. Быць у адказе за камфорт і бяспеку людзей / [Аляксандр Кісель] ; гутарыла Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2023. 25 сакавіка. С. 5, 12.
  10. Кісель, А. І. «Наша задача – зрабіць ваша жыццё камфортным» / [Аляксандр Кісель] ; гутарыла Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2022. 26 сакавіка. С. 1, 4.
  11. Горбач, А. На шляху да поўнай лічбавізацыі ЖКГ / Аляксандр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2021. 27 сакавіка. С. 1, 4.
  12. Гербедзь, Н. Для людзей – працаваць і дасягаць яшчэ большага! / Наталля Гербедзь // Івацэвіцкі веснік. 2020. 30 мая. С. 8–9.
  13. Кисель, А. «Идем в ногу со временем» / [Александр Кисель] ; беседовал Александр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2020. 21 сакавіка. С. 3.
  14. Кісель, А. І. Каманда аднадумцаў і прафесіяналаў / А. І. Кісель ; гутарыў Аляксандр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2018. 23 сакавіка. С. 1, 4.
  15. Клочко, Е. Представлять свое предприятие – всегда почетно / Евгения Клочко // Заря. 2017. 15 апреля. С. 10.
  16. Кісель, А. І. «Робім максімальна магчымае» / гутарыў Аляксандр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2017. 24 сакавіка. С. 1, 4.
  17. Бобрык, В. Трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе – у целяханскіх камунікальніках / Валянціна Бобрык // Івацэвіцкі веснік. 2016. 15 лістапада. С. 1, 6.
  18. Заградский, В. Качество и комфорт гарантируются : [о работе ГУПП «Ивацевичского ЖКХ»] / Виктор Заградский // Сельская газета. 2016. 20 сентября. С. 14.
  19. Шелегович, О. Новое «лицо» филиала «Ивацевичский райтопсбыт» / Ольга Шелегович // Івацэвіцкі веснік. 2015. 20 лістапада. С. 3.
  20. Шурко, В. П. «У нашай рабоце няма і не можа быць перапынкаў» / В. П. Шурко // Івацэвіцкі веснік. 2015. 16 кастрычніка. С. 4.
  21. Кисель, А. И. У ивацевичских коммунальников есть чему поучиться / А. И. Кисель // Івацэвіцкі веснік. 2015. 22 верасня. С. 3.
  22. Рабаў, А. Л. Спякота, а камунальнікі думаюць пра зіму / А. Л. Рабаў // Івацэвіцкі веснік. 2015. 14 жніўня. С. 3.
  23. Кісель, А. І. Камунальнай службе раёна – 70 / А. І. Кісель // Івацэвіцкі веснік. 2015. 29 мая. С. 1, 5.
  24. Юркевич, Е. Копейка рубль бережет : [о работе ГУПП «Ивацевичское ЖКХ»] / Елена Юркевич // Заря. 2014. 3 апреля. С. 7.
  25. Прус, Е. ЖКХ: генеральная уборка / Елена Прус // Экономика Беларуси. 2014. № 3. С. 34–40.
  26. Муха, Ф. Дали жару... / Федор Муха // Рэспубліка. 2011. 16 лютага. С. 1–2.
  27. Горбач, А. ГУПП «Ивацевичское ЖКХ» – 65 лет / Аляксандр Горбач // Iвацэвiцкi веснiк. 2010. 1 чэрвеня. С. 1, 3, 4.
  28. Горбач, А. Самы шырокі спектр работ выконваюць работнікі рамонтна-будаўнічага ўчастка ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» / Аляксандр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2010. 26 сакавіка. С. 1.
  29. Шэляговіч, В. Час мяняць «смеццевую» традыцыю / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2010. 19 студзеня. С. 5.
  30. Кисель, А. И. Сегодня и завтра ГУПП «Ивацевичское ЖКХ» / А. И. Кисель // Івацэвіцкі веснік. 2009. 4 снежня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 94 разоў