Пятніца, 14 Лістапад 2025 10:53

2025 г. — 5 гадоў з часу ўнясення традыцыі выпякання грачанага хлеба ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей РБ (Маларыцкі р-н; 2020)

Каля пяці гадоў (2015–2020) праводзілася даследчая работа па вывучэнні традыцыі выпякання на тэрыторыі Маларытчыны грэцкага хлеба: адшукваліся архіўныя дакументы, збіраліся звесткі, праводзіўся пошук людзей, якія, пераняўшы ад старэйшых пакаленняў старажытную традыцыю, сёння валодаюць уменнем выпякаць грачанікі. Падвынікавала ўсю пошукавую работу экспертнае заключэнне доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры этналогіі, музеялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Тадэвуша Антонавіча Навагродскага.

У склад дэлегацыі ад Маларытчыны, якая накіравалася ў Мінск на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэем Гарбацэвічам, увайшла і жыхарка в. Дарапеевічы, прадаўжальніца традыцыі выпякання хлеба з грэцкай мукі Валянціна Іванаўна Гатоўчыц, якая навучылася пячы грачанікі ад сваёй маці — Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк (1935–2022), народнага майстра Беларусі, Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна. Яе грачанікі, а таксама хлеб з грэцкай мукі Кацярыны Калянкевіч з в. Дрочава прадэгуставала рэспубліканская камісія.

Звычай выпечкі хлеба з грэчневай мукі, які бытуе ў Маларыцкім раёне, атрымаў афіцыйны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як нематэрыяльная форма творчасці. Пасля разгляду на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады (рашэнне ад 12 лютага 2020 г.), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне аб уключэнні гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113АК000139).

На землях Маларытчыны грачыха давала лепшы ўраджай, чым пшаніца. Малолі зерне грэчкі на жорнах, у грачаную муку дабаўлялі пшанічную. Працэс выпякання складаецца з наступных этапаў: прыгатаванне апары, вытрымка, замешванне цеста і ўласна выпяканне. Замешвалі цеста вечарам, каб выстаялася, раніцай зноў вымешвалі, каб выйшлі рэшткі паветра, давалі пастаяць гадзіну-другую. У добра нагрэтай печы грачанікі выпякаюцца хвілін 40.

На тэрыторыі Маларыцкага раёна больш яскрава праяўляецца традыцыя выпякання грэцкага хлеба ў вёсках Гвозніца, Брадзяцін, Арэхава, Дрочава, Хаціслаў, Сушытніца, Лукава, Грушка, Дарапеевічы, Збураж. Сярод носьбітаў старажытнай традыцыі — Лідзія Ваўрушэвіч і Надзея Курганюк з Гвозніцы, Вольга Шыгалёва і Валянціна Барысюк з Сушытніцы і многія іншыя.

Улічваючы, што асноўнай задачай прызнання традыцыі выпечкі хлеба з грэцкага зерня ў якасці нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца захаванне і перадача гэтага майстэрства будучым пакаленням, у Доме фальклору в. Дарапеевічы, паралельна з заняткамі па традыцыйных рамёствах, арганізавана навучанне ўмельству выпечкі грачанікаў.

Грачаны хлеб ад майстроў Маларытчыны з’яўляецца на фестывалях і кірмашах як брэнд нашага краю. Яго смакавалі на рэспубліканскім каравай-фэсце «Бацькава булка» ў г. Свіслач Гродзенскай вобласці. Быў таксама прадстаўлены на выставе «Брэстчына этнаграфічная: Маларыцкі край» у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі (2025).

Грачанік, грэчаны хлеб, бабка… Па-рознаму называюць яго ў нашых вёсках, але гэты хлеб — як візітная картка Маларытчыны. Без яго некалі не ўяўлялі ні вясельныя сталы, ні іншыя святочныя застоллі. Ды і цяпер, калі клічуць гасцей на якую бяседу, гаспадыні стараюцца абавязкова спячы грачанікі ці заказаць іх выпечку ў мясцовай майстрыхі. Рэдка каго пакіне раўнадушным смак гэтага хлеба з хрумсткай, залатой скарыначкай і далікатным, духмяным мякішам. Нездарма грачанікі, нават пры наяўнасці выбару хлеба, заўсёды першымі знікаюць са стала. Карацей кажучы, грачанік — на стале начальнік.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

 

  1. Навумчык, М. Бацькава булка : [пра ўдзел у каравай-фэсце «Бацькава булка» ў г. Свіслач майстроў з Маларытчыны] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 20 жніўня. С. 3.
  2. Пракапук, Г. Грачанік — на стале начальнік : [пра Лідзію Ваўрушэвіч з в. Гвозніца, якая шмат гадоў выпякакае грачаны хлеб] / Галіна Пракапук // Голас часу. Маларыта, 2024. 6 лістапада. С. 2.
  3. Навумчык, М. Бацькава булка : [дэлегацыя Маларыцкага раёна прыняла ўдзел у каравай-фэсце «Бацькава булка» ў Гродзенскай вобласці] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2024. 28 жніўня. С. 8.
  4. Муха, Ф. Гречка, черника и творческий подход : [о работе хлебозавода Малоритского райпо] / Федор Муха // Вести потребкооперации. 2023. 15 сентября (№ 36). С. 8.
  5. Навумчык, М. Хлеб «Брэтонскі грачаны» ад маларыцкіх хлебапёкаў : [на хлебазаводзе Маларыцкага райспажыўтаварыства з лістапада 2022 г. выпякаецца хлеб «Брэтонскі грачаны», ці па-іншаму — маларыцкі грачанік] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2023. 30 жніўня. С. 3.
  6. Навумчык, М. Грачанік — на стале начальнік : [майстар-клас па выпяканню грачанага хлеба паказвае народны майстар Беларусі Валянціна Іванаўна Гатоўчыц, якая працуе ў школе народнай творчасці Дарапеевіцкага Дома фальклору] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 16 лістапада. С. 4.
  7. Казловіч, В. Там і рай, у каго хлеба край : [аб традыцыі выпякання хлеба з грэчневай мукі ў в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна] / Валянціна Казловіч // Рэспубліка. 2021. 27 жніўня. С. 24.
  8. Навумчык, М. Пра грачаны хлеб, тэхналогію ткацтва «кажушком»… : [у Кобрыне прайшла рэспубліканская нарада па пытаннях выканання работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны, удзел у якой прыняў Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці] Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2021. 13 мая. С. 5.
  9. Пракаповіч, Г. Традыцыя выпякання грачанага хлеба / Ганна Пракаповіч // Культурнае жыццё Брэстчыны / ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр». Брэст, 2020. № 10. С. 34–35.
  10. Навумчык, М. І педагог, і пекар : [пра настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Маларыцкай раённай гімназіі Н. А. Асіпук, якая занялася традыцыяй выпякання грэцкага хлеба] / Мікалай Навумчык // Настаўніцкая газета. 2020. 16 мая. С. 16.
  11. Максімук, Н. Маларыцкія грачанікі : [рэцэпт дамашняга хлеба з грэцкай мукі, які выпякаюць вучні Арэхаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна] / Наталля Максімук // Настаўніцкая газета. 2021. 24 красавіка. С. 15.
  12. Козлович, В. Там и рай, у кого хлеба край : [о традиции выпекания гречневого хлеба в д. Доропеевичи Малоритского района рассказала народный мастер Беларуси С. А. Степанюк] / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 4 марта. С. 14.
  13. Кивачук, Л. Уникальный хлеб / [Лидия Кивачук ; записала] Елена Данилова :  придании статуса нематериального культурного наследия традиции выпечки гречневого хлеба в Малоритском районе] // Заря. 2020. 15 февраля. С. 4.
  14. Максімук, С. Статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці : [трыдыцыя выпякання хлеба з грэцкай мукі на Маларытчыне] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2020. 15 лютага. С. 2.
  15. «Маларыцкія грачанікі лепшыя ў свеце!» : [традыцыі выпякання маларыцкіх грачанікаў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці] // Голас часу. Маларыта, 2020. 13 лютага. С. 4.
  16. Максімук, С. Грачанікі з арэхаўскім смакам ад Аляксандры Алесік : [пра асаблівасці выпечкі грачанікаў Александрай Андрэеўнай Алесік з в. Арэхава] / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2019. 14 октября. С. 5.
  17. Яцушкевіч, К. Сакрэтам выпякання грачанікаў валодаюць у Брадзяціне : [аб жыцці Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца] / Кацярына Яцушкевіч // Голас часу. Маларыта, 2018. 18 лістапада. С. 4.
  18. Яцушкевіч, К. Самы смачны хлеб / Кацярына Яцушкевіч : [аб жыцці Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца] // Голас часу. Маларыта, 2018. 25 ліпеня. С. 6.
  19. Ківачук, Л. Грачанік вагаю ў жыццё / Лідзія Ківачук : [у гасцях у Надзеі Рыгораўны Курганюк з в. Гвозніца, якая дала майстар-клас па выпечцы грачаніка] // Голас часу. Маларыта, 2014. 8 снежня. С. 4.
  20. Навумчык, М. Грачанік з рыцкім смакам / Мікалай Навумчык // Культура. 2014. 26 ліпеня. C. 10–11.
  21. Навумчык, М. Спадчына зямлі маларыцкай : культура — культ святла / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2014. 21 чэрвеня. C. 3.
  22. Гарбацэвіч, А. Калі спадніца і грачанік – брэнды... : [аб арганізацыі работы ў аддзеле культуры Маларыцкага райвыканкама/ Андрэй Гарбацэвіч // Культура. Мінск, 2014. 26 красавіка. С. 12.
  23. Мощик, С. Гречаники из печи на стол мечи : [Евдокия Васильевна Прокопук из д. Бродятин Малоритского района и ее гречаники] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2011. 2 марта. С. 7.
  24. Яскевіч, С. У Збуражы не бядуюць, што грэчка дарагая, тут яе самі вырошчваюць і пякуць грачанікі : [выпяканне грэчанага хлеба ў в. Збураж Маларыцкага раёна] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2011. 25 лютага. С. 3.
  25. Максімук, С. Гвозніцкія грачанікі / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2010. 22 сакавіка. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 91 разоў Апошняя змена Пятніца, 14 Лістапад 2025 11:01