У райцэнтры ў 1940 г. было 6100 жыхароў. У горадзе працавалі гарбарны (15 рабочых) і цагельны заводы, маслазавод (10 рабочых), 6 млыноў, 7 пякарняў, 3 няпоўныя сярэднія школы, пошта, тэлеграф. У кастрычніку 1940 г. утвораны 12 сельсаветаў: Агародніцкі, Баршчэўскі, Вярховіцкі, Воўчынскі, Гольскі, Лумненскі, Лютаўскі, Навасёлкаўскі, Расненскі, Стаўскі, Такарскі, Тымянкаўскі.
20 чэрвеня 1941 г. у Высокім размясціўся штаб Брэсцкага ўмацаванага раёна. На тэрыторыі раёна з 22 чэрвеня абарончыя баі вяла 49-я Чырвонасцяжная стралковая дывізія, штаб якой знаходзіўся ў Высокім. Супраць адной савецкай дывізіі (10 тыс. чалавек) наступалі 5 пяхотных і 17-я танкавая дывізіі ворага. Чырвонаармейцы вялі ўпартыя баі з праціўнікам, які ў 10 разоў пераўзыходзіў па колькасці, праяўлялі гераізм і самаахвярнасць. 23 чэрвеня Высокаўскі раён быў акупіраваны нямецка-фашыскімі захопнікамі.
За час вайны акупанты загубілі ў горадзе і раёне 1297 чалавек. Сагналі ў гета яўрэйскае насельніцтва раёна — 3600 чалавек (па іншых звестках 2500–3000). У студзені, жніўні і верасні 1942 г. правялі так званыя «акцыі» — растралялі сотні вязняў, у асноўным мужчын, каб выключыць супраціўленне. У кастрычніку 1942 г. большую частку вязняў вывезлі па чыгунцы ў канцлагер Трэблінка (80 км ад Варшавы), дзе ўсе былі атручаны газам. 10 ліпеня 2010 г. на вул. Фрунзэ ля руінаў сінагогі ўстаноўлены помнік ахвярам Халакосту.
На тэрыторыі Высокаўскага раёна дзейнічалі асобныя партызанскія атрады «Чэкіст», «За Радзіму», імя Кутузава, імя Эрнста Тэльмана. Дзейнічаў падпольны райкам ЛКСМБ (снежань 1943 г. – 10 ліпеня 1944 г.). Высокаўскі раён вызвалены 28 ліпеня 1944 г. воінамі 54-й гвардзейскай і 152-й стралковай дывізіямі 3-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі. У гарадскім скверы знаходзіцца брацкая магіла 42 воінаў і 3 партызан, якія загінулі пры вызваленні, у 1955 г. устаноўлены абеліск.
У 1945 г. у Высокім дзейнічалі заводы па вырабе алею і мыла, пякарня, ваўначоска і інш., быў адчынены дзіцячы дом, які ў 1956 г. пераўтвораны ў школу-інтэрнат. У канцы 1940-х у раёне праходзіла калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У 1958 г. створаны Высокаўскі міжкалгасбуд (цяпер ПМК-15). У 1945–1962 гг. выдавалася раённая газета «Ленінец», якая ў 1945–1952 гг. выходзіла на рускай мове («Ленинец»), з 1953 г. — на беларускай. Выйшла 1975 нумароў. Нумары «раёнкі», якія захаваліся, у 2020-я гг. алічбаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага, даступны для чытачоў.
16 жніўня 1945 г. 4 сельсаветы (Гольскі, Лумненскі, Такарскі, Тымянкаўскі) былі перададзены Польшчы, а з складу скасаванага Кляшчэльскага раёна (перададзены Польшчы) Высокаўскаму раёну перададзены Бушліцкі, Воўкавіцкі і Амелянецкі сельсаветы. На 1947 г. плошча раёна складала 800 кв. км, налічвалася 97 населеных пунктаў.
19–20 верасня 1953 г. у Высокім прайшоў першы раённы агляд мастацкай самадзейнасці, у якім прынялі ўдзел 300 маладых людзей. У 1954 г. у раёне працавалі раённы Дом культуры, 2 сельскія Дамы культуры, 2 сельскія клубы, 40 чырвоных куткоў, 9 хат-чытальняў. У 1958 г. устаноўлены помнік У. І. Леніну.
16 ліпеня 1954 г. у раёне скасаваны 5 сельсаветаў, тэрыторыі якіх перададзены ў суседнія сельсаветы раёна, засталося 6: Агародніцкі, Баршчэўскі, Бушліцкі, Вярховіцкі, Воўчынскі, Расненскі. Па дадзеных перапісу насельніцва 1959 г. у Высокім пражывала 2600 чалавек, усяго ў раёне — 27 067 чалавек, тым ліку 24 966 беларусаў (92,24%).
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 17 красавіка 1962 г. Высокаўскі раён быў скасаваны, а ўся яго тэрыторыя далучана да Камянецкага раёна.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бібліяграфіі
- Высокаўскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 323.
- Высоковский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 257.
- Камінскі, М. І. Высокаўскі раён / М. І. Камінскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 374.
- Высоковский район // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 172.
- Высокае : [Камянецкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : у 7 т. Мінск, 2006. Т. 4. С. 29–32.
- Высокое : [Каменецкий район] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 224–225.
- Якубоўскі, У. М. Высокае / У. М. Якубоўскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 137.
- Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка / [рэдактары-складальнікі: Г. П. Парафянюк, Р. Я. Смірнова]. – Мінск : Ураджай, 1999. – 524, [1] с.
- Об организации Высоковского района Брестской области БССР // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 179.
- Кондратюк, М. В. Трагедия еврейского населения города Высокое в годы Великой Отечественной войны / Кондратюк М. В. // Информационные технологии и управление : материалы 59-й науч. конф. аспирантов, магистрантов и студентов / БГУИР. Минск, 2023. С. 60.
- Глазов, В. И. Юзеф Харитон. Образы трагедии и быта, запечатленные на холстах : [художник, жил в Высоком] / авт.-сост. В. Глазов // Симфония еврейских судеб Брестчины / авт.-сост. В. Глазов. Брест, 2015. С. 129–131.
- Мусевич, Г. С. Народ, который жил среди нас : многострадальному еврейскому народу посвящается : [Каменецкий район] / Георгий Степанович Мусевич. – Брест, 2009. – 96 с.
- Братская могила советских воинов и партизан : [Высокое] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 225.
- Братская могила советских воинов. Могила жертв фашизма : [Волчин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 223.
- Литвинович, Е. Без права на жизнь : [трагедия евреев Каменецкого района в годы немецко-фашистской оккупации] / Евгений Литвинович // Заря. 2024. 7 декабря. С. 16–17.
- Грыцук, Н. Ля былой сiнагогi... : [аб адкрыцці памятнага знака вязням гета ў г. Высокiм] / Наталля Грыцук // Навiны Камянеччыны. 2010. 4 жніўня.