Панядзелак, 22 Снежань 2025 17:09

6 снежня 2025 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Мікалаевіча Каштальяна (1950), Ганаровага грамадзяніна г. Іванава і Іванаўскага раёна (2012)

Вячаслаў Мікалаевіч Каштальян нарадзіўся ў 6 снежня 1950 г. у в. Хомск Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1972 г. скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі па спецыяльнасці «Механізацыя сельскай гаспадаркі», атрымаў кваліфікацыю «інжынер-механік».

Пасля вучобы Вячаслаў Каштальян вярнуўся ў родны край, працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе галоўнага інжынера калгаса «Шлях Леніна». У 1982–1985 гг. — намеснік старшыні калгаса «Кастрычнік», далей — старшыня калгаса «Савецкі».

У 1989 г. В. М. Каштальян узначаліў калгас «40 год Кастрычніка» ў Моталі Іванаўскага раёна. У 1990-я гг. у краіне наступіў эканамічны крызіс, сельская гаспадарка яго балюча перажывала. Супольна мотальскія калгаснікі знайшлі новыя шляхі гаспадарання, падзенне вытворчасці ўдалося спыніць, паступова выйшлі з даўгоў. Старшыня пабываў у Францыі, Галандыі, Ізраілі, дзе пазнаёміўся з вопытам аграрыяў, вывучыў тэхнічныя характарыстыкі абсталявання і машын. Былі закуплены імпартныя камбайны, якія сябе апраўдалі.

З 2003 г. В. М. Каштальян — старшыня СВК «Агра-Моталь», у які быў пераўтвораны калгас «40 год Кастрычніка», з красавіка 2012 г. — дырэктар новаўтворанага ААТ «Агра-Моталь». Агульная зямельная плошча — 11 247 га. У аснове жывёлагадоўчай дзейнасці — развядзенне буйной рагатай жывёлы і племянная работа. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітных гатункаў бульбы галандскай, нямецкай і беларускай сялекцый.

Галоўная рыса характару Вячаслава Мікалаевіча — дальнабачнасць і велізарны стваральны энтузіязм, які выклікае ў падначаленых жаданне працаваць. Пад яго кіраўніцтвам нават у самыя складаныя часы гаспадарка заставалася на плаву. Старшыня стварыў у працоўным калектыве (каля 600 чалавек) атмасферу зацікаўленасці ў дасягненні пастаўленых задач. Умела накіроўвае працу кадраў, надае асаблівае значэнне іх падбору, выхаванню і расстаноўцы, умацаванню працоўнай дысцыпліны, фарміраванню адказнасці кожнага за вынікі працы.

Шмат працуе над вывучэннем перадавога вопыту арганізацыі аграпрамысловай дзейнасці. На асаблівым кантролі — праца па падтрыманні належнага санітарнага парадку і добраўпарадкавання прылеглых да сельскагаспадарчых аб’ектаў тэрыторый. Пад кіраўніцтвам В. М. Каштальяна актыўна ўкараняюцца перадавыя метады гаспадарання, новыя тэхналогіі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, удасканалены спосабы і метады апрацоўкі зямлі.

Шмат намаганняў В. М. Каштальян прыкладвае для пашырэння і асваення новых рынкаў збыту сельскагаспадарчай прадукцыі. Рэканструкцыя малочна-таварных ферм, перавод іх на новыя прагрэсіўныя тэхналогіі ўтрымання і кармлення жывёлы, укараненне новых парод буйной рагатай жывёлы дазволілі дасягнуць высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі. Вялікае значэнне надае мерапрыемствам па падтрымцы і развіцці асабістых падсобных гаспадарак грамадзян і інш.

В. М. Каштальян з асаблівай увагай ставіцца да праблем устаноў адукацыі, культуры раёна. Пры фінансавай падтрымцы калгаса «40 год Кастрычніка» ў 1990 г. быў узведзены будынак Мотальскага музея народнай творчасці, які адкрыўся 13 жніўня 1995 г., што стала значнай падзеяй для ўсяго Палесся. Мотальскі СДК — адна з лепшых устаноў культуры вобласці. Выдзяляліся сродкі на рамонт Свята-Праабражэнскай царквы у Моталі. Дэпутат Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.

В. М. Каштальяну прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» (2001). Па выніках працы за 2011 г. за дасягнутыя высокія вынікі і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё аграпрамысловага комплексу Брэсцкай вобласці прысвоена ганаровае званне «Чалавек года», імя кіраўніка перадавой гаспадаркі занесена на абласную Дошку Гонару. За вялікі асабісты ўклад у павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці, укараненне перадавых форм і метадаў арганізацыі працы і актыўную грамадскую дзейнасць узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені.

За важны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Іванаўскага раёна, актыўную вытворчую і грамадска-культурную дзейнасць, якая атрымала шырокае грамадскае прызнанне рашэннем Іванаўскага раённага Савета дэпутатаў № 93 ад 9 жніўня 2012 г. В. М. Каштальяну прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Іванава і Іванаўскага раёна». Уручэнне дыплома адбылося 12 жніўня на свяце 590-годдзя Моталя ў рамках V Мiжнароднага фестывалю «Мотальскія прысмакі». У 2019 г. яго імя занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.

У 2022 г. Ордэнам Айчыны II ступені ўзнагароджаны Вячаслаў Мікалаевіч Каштальян, дырэктар ААТ «Агра-Моталь». Цырымонія ўшанавання аграрыяў адбылася ў Палацы Незалежнасці напярэдадні свята Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Вячаслаў Мікалаевіч адзін з самых вопытных кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу Брэстчыны. Амаль 40 гадоў жыцця аддадзены кіруючай працы ў сельскагаспадарчых арганізацыях Іванаўскага раёна, з якіх 36 год ён узначальвае ААТ «Агра-Моталь» — найбуйнейшую валаўтваральную гаспадарку Іванаўшчыны.

6 снежня 2025 г. Вячаслаў Мікалаевіч прымаў віншаванні з юбілеем ад кіраўніцтва вобласці і раёна, ад сваіх калег, сяброў і ўсіх сваіх блізкіх.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Почетные граждане Ивановского района // Ивановский район / [автор текста Галина Шафран ; фото Валерия Михальчука, Андрея Рыбачука]. Брест, 2024. С. 7–8.
  2. Почетные граждане : Каштальян Вячеслав Николаевич // Ивановский район. Будущее создается сегодня / [гл. ред. А. М. Суворов]. Брест : Полиграфика, 2019. С. 14–15.
  3. Основные показатели социально-экономического развития // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 524–564.
  4. Людзі Янаўскага краю / [аўтар тэксту і ўкладальнік: І. Гетман ; прадмова Ю. Бісуна]. – Мінск : Звязда, 2018. – 163, [3] с.
  5. О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  6. Саломка, І. Спадзяванні, і боль, і любоў : [6 снежня Вячаслаў Мікалаевіч Каштальян адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2025. 12 снежня (№ 50). С. 5.
  7. Курец, А. Хозяин земли Мотольской / Александр Курец // Сельская газета, 2025. 6 декабря. С. 7.
  8. Віншуем! // Янаўскі край. Іванава, 2025. 5 снежня (№ 49). С. 3.
  9. Воронина, Е. «По плодам их, узнаете их» / Елена Воронина // Янаўскі край. Іванава, 2024. 15 лістапада (№ 46). С. 7.
  10. Бушкевич, А. С. Не давать душе лениться / [Андрей Степанович Бушкевич ; записала] Людмила Сергеева // Янаўскі край. Іванава, 2024. 28 чэрвеня (№ 26). С. 19.
  11. Соломка, И. ...И светлый день продлится дольше : [Заслуженный работник сельского хозяйства Республики Беларусь, почетный гражданин г. Иваново и Ивановского района Вячеслав Каштальян 35 лет возглавляет ОАО «Агро-Мотоль»] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2024. 21 чэрвеня (№ 25). С. 9.
  12. Михновец, А. Тридцать пять лет безупречной работы / страницу подготовила Алина Михновец // Янаўскі край. Іванава, 2024. 14 чэрвеня (№ 24). С. 17.
  13. Каштальян, В. Дырэктар іванаўскага ААТ «Агра-Моталь» Вячаслаў Каштальян: «Прэзідэнт паціснуў мне руку і сказаў, што прыедзе ў Моталь» / [Вячаслаў Каштальян ; гутарыў] Уладзімір Субат // Сельская газета. 2022. 26 ноября. С. 10–11.
  14. Литвинович, Е. Торжественная церемония предварила обсуждение рабочих вопросов / Евгений Литвинович // Заря. 2022. 26 ноября. С. 3.
  15. Саломка, І. Высокія ўзнагароды аграрыям : [ордэнам Айчыны другой ступені ўзнагароджаны В. М. Каштальян, дырэктар ААТ «Агра-Моталь»] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2022. 25 лістапада (№ 47). С. 15.
  16. Соломка, И. Хлеб жизни / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2021. 26 лістапада (№ 47). С. 14–15.
  17. Сергеева, Л. «Осень жизни, как и время года, надо благодарно принимать…» / Людмила Сергеева // Янаўскі край. Іванава, 2020. 11 снежня. С. 8–9.
  18. Каштальян, В. Вячаслаў Каштальян: «Зусім іншая краіна» / Вячаслаў Каштальян ; [гутарыў] Ігар Гетман // Янаўскі край. Іванава, 2018. 21 снежня. С. 4.
  19. Ерошенко, Е. О чем хрустит белорусская картошка? : [по материалам беседы з директором ОАО «Агро-Мотоль» В. Каштальяном и директором кампании «Онега» С. Метто] / Евгений Ерошенко // Белорусское сельское хозяйство. 2015. № 11. С. 23–25.
  20. Олесик, Э. ОАО «Агро-Мотоль»: элитный производитель – элитный продукт : [руководитель В. Н. Каштальян] / Э. Олесик // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 25 жніўня. С. 2.
  21. Каштальян, В. Хлеб, грошы і медныя трубы : [гутарка з дырэктарам ААТ «Агра-Моталь» аб дзейнасці прадпрыемства] / Вячаслаў Каштальян ; [гутарыў] Уладзімір Субат // Сельская газета. 2015. 27 июня. С. 24.
  22. Таболич, А. Стратегия Каштальяна : [о СПК «Агро-Мотоль»] / Адам Таболич // Заря. 2012. 21 июля. С. 4.
  23. Сергеева, Л. «Надо быть спокойным и упрямым» : [В. Н. Каштальян – директор ОАО «Агро-Мотоль» Ивановского района] / Людмила Сергеева // Заря. 2012. 14 июня. С. 4.
  24. Курец, А. Случись Вячеславу Каштальяну стать ученым, быть может, и не было бы СПК «Агро-Мотоль» / Александр Курец // Белорусская нива. 2012. 30 мая. С. 5.
  25. Сергеева, Л. Профессия – председатель : [о руководителе ОАО «Агро-Мотоль» В. Н. Каштальяне] / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 22 мая. С. 3.
  26. Сергеева, Л. От сельхозартели – к открытому акционерному обществу : [вехи развития ОАО «Агро-Мотоль»] / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 17 красавіка. С. 2.
  27. Сергеева, Л. Когда руководитель умеет предвидеть… : наработки и перспективы СПК «Агро-Мотоль» / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 12 ліпеня. С. 3.
  28. Марзан, А. Каждый на своем месте : [портрет коллектива ОАО «Агро-Мотоль»] / А. Марзан // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 12 лютага. С. 3.
  29. Муха, Ф. Зачем Каштальяну духовой оркестр? : [о председателе СПК «Агро-Мотоль» В. Н. Каштальяне] / Федор Муха // Рэспублiка. 2009. 11 снежня.
  30. Сергеева, Л. Путь к успеху легким не бывает: СПК «Агро-Мотоль» / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2009. 20 лютага. С. 2.
  31. Яцура, Н. «Каб у доме было ўтульна і цёпла» : [старшыня СВК «Агра-Моталь» В. М. Каштальян] / Надзея Яцура // Народная трибуна. 2008. 27 снежня. С. 9.
  32. Каштальян, В. «Наше спасение – в передовых технологиях» : [колхоз «40 лет Октября»] / Вячеслав Каштальян // Чырвоная звязда. Іванава, 2003. 4 сакавіка. С. 2.
Чытаць 83 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Снежань 2025 17:21