Аўторак, 23 Снежань 2025 12:00

2025 г. — 10 гадоў з часу адкрыцця царквы Іверскай іконы Божай Маці ў аг. Сачыўкі (Іванаўскі р-н; 2015)

У цэнтры аг. Сачыўкі Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца царква Іверскай іконы Божай Маці. Раней у вёсцы не было свайго храма. 8 жніўня 2009 г. адбыліся асвячэнне месца будаўніцтва, якое ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, і закладка першых камянёў у падмурак новага храма.

У красавіку 2012 г. пачалося будаўніцтва храма, якое вялося на ахвяраванні прыхаджан і спонсарскую дапамогу прадпрыемстваў раёна. Прыход аб’яднаў больш за 200 вернікаў — жыхароў вёсак Сачыўкі, Крывіцы, Беразляны, Кулякі. Узначальвае прыход іерэй Алег Багданец.

Царква пабудавана на старых могілках у паўднёвай частцы вёскі. Мураваны храм складаецца з квадратнай у плане малітоўнай залы, пяціграннай апсіды, рызніцы, прытвора пад двухсхільным дахам. Над цэнтральнай часткай будынка светлавы купал, які накрыты чатырохсхільным дахам, над якім барабан з макаўкай. Па вуглах знаходзяцца квадратныя ў плане вежы, якія накрыты чатырохсхільным дахам, увенчаным барабанамі з макаўкамі. Аконныя праёмы рознай формы, вызначаны строгімі белымі ліштвамі. Увесь будынак афарбаваны ў сіні колер.

17 кастрычніка 2015 г. храм Іверскай іконы Божай Маці быў асвечаны архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам у саслужэнні духавенства Іванаўскага благачыння і гасцей з Украіны, Літвы, Мінскай епархіі. Непасрэднымі ўдзельнікамі гэтай гістарычнай падзеі сталі сотні жыхароў аграгарадка, бліжэйшых вёсак, г. Іванава, прадстаўнікі раённага і мясцовага кіраўніцтва.

Асаблівыя словы ўдзячнасці айцец Алег выказаў тым, хто ўклаў сілы і значныя сродкі ў будаўніцтва храма: Іван Лукіч Гарбачык, старшыня СВК «Бакунова», Васіль Канстанцінавіч Гетманчук, дырэктар Іванаўскага ДРБУ № 139, Сцяпан Ільіч Шкапіч, дырэктар ААТ «Брэсцкі электратэхнічны завод» і інш. Усе яны ўзнагароджаны медалямі праваслаўнай царквы і абразамі Іверскай Божай Маці. Імянную Біблію ўладыка Стэфан уручыў яшчэ аднаму дабрачынцу — Мікалаю Сцяпанавічу Шыкалаю, дырэктару ПК «Моталь».

Вялікую працу па зборы ахвяраванняў на будаўніцтва храма правялі Вольга Ігнацьеўна Скаль, Вольга Мікалаеўна Базан, Валянціна Міронаўна Гарбацэвіч, Вольга Міхайлаўна Снітавец, Лідзія Мікалаеўна Шуляк і многія іншыя. Усе яны ўзнагароджаны Архіерэйскімі Граматамі і абразамі.

Царква Іверскай іконы Божай Маці ў аг. Сачыўкі ўваходзіць у склад Іванаўскага благачыння Пінскай праваслаўнай епархіі. 26 кастрычніка — прастольнае свята храма, на якое з’язджаецца шмат вернікаў з усяго раёна. Іверская ікона Божай Маці вядома на Русі з 1648 г., калі яе спісак, выкананы ў Іверскім манастыры на гары Афон, даставілі ў Маскву. Лічыцца цудотворнай, праславілася многімі цудамі, мноства людзей атрымалі дапамогу пры цяжкой хваробе і няшчасцях. У храме пастаянна знаходзяцца іконы з часціцамі мошчаў свяціцеля Мікіты, епіскапа Наўгародскага, і святога пакутніка Канстанціна, прасвіцера Шаркаўшчыцкага.

У храме аг. Сачыўкі 26 кастрычніка 2017 г. была асвечана мемарыяльная дошка пратаіерэю Васілю Антоніевічу Катовічу (1849–1937). У час Першай сусветнай вайны, калі Іванаўшчына была акупіравана германскімі войскамі і амаль усе праваслаўныя свяшчэннікі эвакуіраваны, айцец Васіль застаўся адзіным духоўным пастырам для насельніцтва. Штодзённа служыў ў розных храмах, выконваў трэбы па хрышчэнні, вянчанні, пахаванні. У цырымоніі асвячэння дошкі прынялі ўдзел сваякі і нашчадкі В. А. Катовіча — праўнукі Іраіда, Васіль і Мікалай, прапраўнукі Аляксей і Павел, і прапрапраўнук Савелій.

З нагоды 10-гадовага юбілею і прастольнага свята 26 кастрычніка 2025 г. сваёй прысутнасцю прыход ушанаваў Праасвяшчэннейшы Георгій, епіскап Пінскі і Лунінецкі, узначаліўшы ў храме Боскую літургію. Набажэнства прайшло пры вялікім зборы духавенства і вернікаў. Уладыка Георгій звярнуўся да паствы са словамі настаўлення. Былі ўручаны ўзнагароды прыходскаму актыву.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кухарчук, К. Признались малой родине в любви / Катерина Кухарчук // Янаўскі край. Іванава, 2025. 5 снежня (№ 49). С. 12.
  2. Соломка, И. А. Большое сердце маленького храма : [о богослужении по случаю престольного праздника в храме Иверской иконы Божией Матери аг. Сочивки и 10-летнего юбилея храма] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2025. 31 кастрычніка (№ 44). С. 22.
  3. Богданец, О. Путь от Пасхи до Вознесения / священник Олег Богданец // Янаўскі край. Іванава, 2024. 31 мая (№ 22). С. 9.
  4. Воронина, Е. Агрогородок Сочивки – победитель областного смотра по благоустройству / Елена Воронина // Янаўскі край. Іванава, 2023. 24 лістапада (№ 47). С. 12.
  5. Богданец, О. Прощеное воскресенье / Олег Богданец // Янаўскі край. Іванава, 2023. 24 лютага (№ 8). С. 13.
  6. Богданец, О. Радуйся, Благая Вратарнице! / Олег Богданец // Янаўскі край. Іванава, 2019. 25 кастрычніка. С. 13.
  7. Богданец, О. Жизнь посвятил служению Богу и людям / Олег Богданец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 27 ліпеня. С. 13.
  8. Михальчук, В. В. Хранительница рода людского : [день Иверской иконы Божией Матери в православном храме аг. Сочивки] / Валерий Михальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2017. 3 лістапада. С. 3.
  9. Соломка, И. Молитвенная звонница, о чем тебе трезвонится / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 24 лютага. С. 13.
  10. Михальчук, В. Ценнейший подарок сельчанам / Валерий Михальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 23 октября. С. 1.
  11. Саломка, І. І ў Сачыўках паўстанне храм / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2010. 17 жніўня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 87 разоў