Серада, 25 Люты 2026 15:19

15 кастрычніка 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Рыгоравіча Солапава (1924–2019), дзеяча самадзейнага мастацтва, музычнага педагога, заслужанага дзеяча культуры БССР (1963)

Міхаіл Рыгоравіч Солапаў нарадзіўся 10 кастрычніка 1924 г. у сяле Пакроўскае Цярбунскага раёна Ліпецкай вобласці. Бацька валодаў многімі прафесіямі і добра іграў на гармоніку. Пачатковыя музычныя веды Міхаіл набыў самастойна, авалодаў многімі інструментамі. У 1940 г. паступіў у Курскае музычнае вучылішча.

Вучоба была спынена Вялікай Айчыннай вайной. У 1942 г. Міхаіл Солапаў стаў курсантам ваеннага вучылішча ў г. Шадрынску Курскай вобласці, па заканчэнні якога адпраўлены на фронт. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Беларусі, Заходняй Украіны, Польшчы, дайшоў да Берліна. З’яўляўся душой франтавых канцэртных брыгад, незаменным салістам, акампаніятарам, ансамблістам. Быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, медалямі «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «За освобождение Варшавы», «За взятие Берлина» і інш.

Пасля дэмабілізацыі Міхаіл Солапаў звязаў сваё жыццё з Беларуссю. З 1948 г. працаваў у Брэсце арганізатарам калектываў мастацкай самадзейнасці. З адзнакай закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча (1950). З 1950 г. выкладаў у Брэсцкім музычным вучылішчы. У 1951–1959, 1961–1967 гг. — дырэктар вучылішча. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных (1955). У 1967–1970 гг. — дырэктар Раснянскай дзіцячай музычнай школы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1963). Унёс вялікі ўклад у развіццё культуры Брэста. У 1950 г. арганізаваў гарадскі сімфанічнны аркестр, кіраваў ім да 1967 г. Арганізатар і кіраўнік народнай харавой капэлы настаўнікаў у 1961–1963 гг. Мерапрыемствы, арганізаваныя сіламі выкладчыкаў і навучэнцаў вучылішча, заўсёды збіралі вялікую аўдыторыю і праходзілі з поспехам.

З 1966 г. М. Р. Солапаў — выкладчык, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, з 1970 г. — дацэнт, у 1973–1979 гг. — загадчык кафедры народных інструментаў, прафесар кафедры баяна і акардэона (1980). Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1992). Прафесар (1993). Выкладаў дысцыпліны: «Спецыяльны інструмент», «Ансамбль», «Дырыжыраванне», «Чытанне партытур». Міхаіл Рыгоравіч выхаваў цэлую плеяду вучняў па класах баяна і акардэона, якія працуюць у розных галінах мастацтва ва ўсіх кутках Беларусі і за яе межамі.

Даследаваў праблемы прафесійнага выканальніцкага мастацтва і мастацкай самадзейнасці аўтар шматлікіх артыкулаў на гэтыя тэмы. Міхаіл Рыгоравіч вядомы як адзін з арганізатараў музычнай адукацыі ў Беларусі. Сваёй дзейнасцю ўнёс значны ўклад у станаўленне і развіццё беларускай баяннай акадэмічнай школы. Вынікам шматгадовай педагагічнай дзейнасці стала арыгінальная методыка музычнай адукацыі дзяцей, прапанаваная ім выкладчыкам дзіцячых музычных школ. У аснове гэтага метаду — прынцып ансамблевага музыцыравання, імправізацыі і акампанементу. Методыка карысталася вялікім поспехам, асабліва сярод баяністаў, і характарызавалася найбольш кароткім і эфектыўным шляхам навучання ігры на баяне.

Значную ўвагу надаваў стварэнню дзіцячага навучальнага рэпертуару на матэрыяле беларускага фальклору. Аўтар апрацовак і інструментовак для аркестраў і ансамбляў розных складаў, сольных п’ес, песень і рамансаў, вучэбна-педагагічнага рэпертуару для баяна, акардэона, цымбалаў, праграм па класу баяна для сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай кансерваторыі і па ўводзінах у спецыяльнасць для музычных вучылішчаў. Напісаў «Учебник для класса цимбал» (1977). Складальнік кнігі «І. І. Жыновіч ва ўспамінах сучаснікаў» (1997).

Пры ўдзеле М. Р. Солапава ў 1973 г. быў адкрыты Рэспубліканскі інстытут павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры БССР і факультэт павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў музычных вучылішчаў па народных інструментах пры кансерваторыі. Ініцыятар шэрагу навукова-метадычных канферэнцый усесаюзнага і рэспубліканскага ўзроўняў, канцэртаў лепшых савецкіх выканаўцаў.

Узнагароджаны ордэнамі Свяціцеля Кірыла Тураўскага І ступені (2009) і Францыска Скарыны (2011), медалём Францыска Скарыны (2000), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры СССР, Міністэрства культуры БССР.

М. Р. Солапаў памёр 6 ліпеня 2019 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. Скарабагатчанка, А. В. Солапаў Міхаіл Рыгоравіч / А. В. Скарабагатчанка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 79.
  2. Солопов Михаил Григорьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 360–361.
  3. Солопов Михаил Григорьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 34.
  4. Солопов Михаил Григорьевич // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 410.
  5. Шмельніка, І. М. Солапаў Міхаіл Рыгоравіч / І. М. Шмелькіна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 94.
  6. Михаил Солопов. Жизнь в музыке : сборник статей, материалов, документов / [составитель М. С. Григорьев]. – Минск : Издатель А. Н. Вараксин, 2014. – 275 с.
  7. Пьесы : для оркестров народных инструментов / [Репертуарно-редакционная коллегия Управления культпросветучреждений Министерства культуры БССР, Республиканский научно-методический центр народного творчества и культурно-просветительной работы ; составитель В. Перетятько ; музыкальный редактор М. Солопов]. – Минск, 1988. – 194 с.
  8. Палескі вальс : «Ахінае цёплы вечар сенажаці…» : [для голасу і хору з фартэпіяна] / музыка М. Солапава. – Брэст, 1967. – [3] с.
  9. У ручья : «Под цветущей грушицей…» : [для голоса и хора с баяном] / музыка М. Солопова. – Брест, 1967. – [2] с.
  10. Курыла, Т. М. Брэсцкая народная харавая капэла настаўнікаў / Т. М. Курыла, І. Л. Вінаградава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 488.
  11. Солапаў, М. Р. Баян ён нёс да Берліна / Міхаіл Солапаў ; [гутарыла] Надзея Бунцэвіч // Культура. 2018. 5 мая (№ 18). С. 1, 14.
  12. Кардашова, Н. Віват, Настаўнік! : [пра М. Р. Солапава] / Наталля Кардашова // Літаратура і мастацтва. 2017. 24 лістапада (№ 47). С. 15.
  13. Берестень, С. И. Слыша дыхание Музыки : [о М. Г. Солопове] / Светлана Берестень // Нёман. 2015. № 5. С. 191–202.
  14. Скачко, Л. Я всего лишь делаю свое дело… : к юбилею Михаила Григорьевича Солопова / Л. Скачко // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2015. № 26. С. 17–19.
  15. Солапаў, М. Р. Згадкі музычнага паліглота : танкіст, разведчык і дырыжор Міхась Солапаў / Міхась Солапаў ; [гутарку вяла] Таццяна Мдывані // Мастацтва. 2014. № 4. С. 9.
  16. Скачко, Л. Талант, творчество, труд и терпение : педагогическая деятельность Михаила Григорьевича Солопова / Л. Скачко // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2012. № 20.
  17. Чабан, В. Верность делу и Отечеству : страницы жизни и творчества Михаила Григорьевича Солопова / В. Чабан // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2011. № 18.
  18. Солапаў, М. Цяжкі доўг памяці / Міхаіл Солапаў // Літаратура і мастацтва. 2010. № 20. С. 11.
  19. Солопов, М. Учить сегодня для завтра : [о фестивале «Берасцейскiя гармонiкi» в Бресте] / Михаил Солопов // Заря. 2002. 11 июня.
  20. Солапаў, М. Старэйшы педагог Брэста : [пра педагога Брэсцкага музычнага вучылішча Яўгенію Міхайлаўну Дабратворскую да яе 75-годдзя] / М. Солапаў // Літаратура і мастацтва. 1968. 5 ліпеня.
  21. Солопов, М. Кузница музыкальных кадров : [к 25-летию Брестского музыкального училища] / М. Солопов // Заря. 1964. 5 декабря.
  22. Солопов, М. В расцвете творческих сил : [к 50-летию преподавателя Брестского музыкального училища М. Е. Минстера] / М. Солопов // Заря. 1963. 18 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 60 разоў Апошняя змена Серада, 25 Люты 2026 15:29