Серада, 25 Люты 2026 15:32

17 верасня 2025 г. — 115 гадоў з дня з’яўлення Лышчанскай цудатворнай іконы Божай Маці (1910), святыні Пінскай праваслаўнай епархіі

Першы праваслаўны храм у в. Лышча Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) пабудавалі з дрэва і асвяцілі 22 кастрычніка 1889 г. у гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. У 1897 г. у вёсцы 91 двор, 534 жыхары.

З’яўленне (самавыява) Лышчанскай іконы Божай Маці адбылося ў верасні 1910 г., калі за абразом Ісуса Хрыста, які знаходзіўся ў алтары, цудоўным чынам з’явіўся абраз Божай Маці. Па легендзе царкоўны стараста Даніл Шапялевіч пасярод ночы пачуў голас, які тройчы загадаў яму ісці ў царкву, дзе адбываецца цуд. Ён прыйшоў да храма і пабачыў, што ад купала ў неба падымаецца вогненны слуп. На каленах ён зайшоў у храм, які быў асветлены, пачуў прыгожае спяванне, а голас сказаў — праз тры дні з’явіцца абраз Божай Маці.

Праз тры дні, 17 верасня (па новым стылю), на іконе Збавіцеля адбіўся вобраз Божай Маці: крыху твару з левага боку і крыху пальчыкаў левай рукі. Прычым у першыя гады выяву Божай Маці, якая нагадвала ікону «Знамение», бачылі не ўсе, хто прыходзіў у храм. Адна жанчына смуткавала, што не бачыць вобраз Маці Божай, шчыра ўзмалілася аб цудзе і пабачыла, што да яе ідзе сама Божая Маці.

Хуткім часам усё Палессе даведалася пра цуд у Лышчы, з усіх канцоў пайшлі паломнікі. Іконе прыпісваецца здольнасць вылячэння ад розных хвароб, яе называюць «Целительница». Вядзецца кніга сведчанняў цудоўных выздараўленняў. У засуху і галодныя гады мясцовыя жанчыны давалі абет Божай Маці выткаць рушнік, затым рабілі хрэсны ход і малебен. Бывала так, што яшчэ ў час малебну пачынаўся дождж.

У 1915 г. у сувязі з набліжэннем фронту Першай сусветнай вайны жыхары Піншчыны падаліся ў бежанцы, шмат каштоўнасцей было вывезена ўглыб Расіі. Ікону Збавіцеля з адлюстраваннем Божай Маці ўзяў з сабою Даніл Шапялевіч, спыніўся ў г. Злынка Чарнігаўскай губерні (цяпер Бранскай вобласці). Тут вернікі фатаграфавалі цудатворны абраз, зрабілі шмат спісаў. Праз некалькі гадоў ікона вярнулася ў сваю вёску.

Даніл Пятровіч Шапялевіч служыў у царкве панамаром, у любы час адкрываў храм усім, хто прыязджаў ці прыходзіў да цудатворнага абраза, маліўся і кожнаму прасіў дапамогі ў святой Багародзіцы. Ніколі не разлучаўся з напрастольным крыжам з жоўтага металу, які невядома якім чынам трапіў у яго рукі яшчэ ў час цудатворнага з’яўлення ў храме і з якім ён вярнуўся дамоў. Пражыў 78 гадоў, памёр у 1947 г., пахаваны на могілках паблізу царквы.

У богаборчы час на пачатку 1960-х гг. многія храмы закрывалі. 21 снежня 1960 г. Лышчыцкая царква была знята з уліку дзеючых, у 1962 г. яе раскідалі рабочыя, прыехаўшыя з Лагішына. Прыхаджане разабралі іконы, каб захаваць ад знішчэння. Богаборцы тры драўляныя крыжы, што стаялі ля царквы, скінулі ў рэчку Вісліца, але адзін з іх паплыў супраць цячэння. Рыбакі выцягнулі крыж і паставілі на могілках. Ужо ў 2000-я крыж перанеслі на царкоўны двор, у 2025 г. узнялі над ім купал на шасці слупах.

Пасля разбурэння Лышчанскай царквы святыня знаходзілася ў прыватным доме ў в. Дабраслаўка, а ў ліпені 1964 г. яе перанеслі ў Кірыла-Мяфодзіеўскую царкву в. Пагост-Загародскі Пінскага раёна.

Па сведчанні прыхаджан, у 1984 г. на іконе зверху цудоўным чынам сталі праяўляцца выявы трох патрыярхаў. Яны з’яўляліся па адным на працягу года. Трохі пазней з левага і правага боку на іконе сталі заўважнымі фігуры. З правага боку — мужчынскі вобраз у адзенні бардовага колеру — добра бачна правая рука ў бласлаўляючым жэсце.

У пачатку 1990-х гг. жыхары Лышча пачалі аднаўленне царквы паблізу ад рэшткаў старога фундамента. Ахвяраванні на царкву збіралі па ўсіх вёсках раёна, у Пінску, Брэсце і іншых месцах. Новы будынак храма святога князя Аляксандра Неўскага ўзведзены з дрэва за дзевяць месяцаў у 1995 г. па праекце і пад кіраўніцтвам Паўла Феафілавіча Шаламіцкага. У вобліку храма традыцыі палескага народнага дойлідства спалучаюцца з элементамі рэтраспектыўна-рускага стылю.

Да асноўнага аб’ёму далучаны чатырохгранная апсіда і квадратны ў плане прытвор, над якім узвышаецца двух’ярусная званіца. Над асноўным аб’ёмам — чатырохсхільны дах, на якім размешчаны гранёны глухі барабан з буйной цыбулепадобнай галавой. Падоўжаныя прамавугольныя вокны маюць арачнае завяршэнне і аздоблены простымі ліштвамі. Званіца накрыта шатровым дахам, які вянчае барабан з галавой. Ганак галоўнага ўваходу — пад паўкруглым накрыццём.

18 чэрвеня 1995 г. хрэсным ходам святы абраз перанеслі з Пагост-Загародскай царквы ў Лышчу. Прыхаджане ўрачыста развітваліся са святыняй, многія плакалі, праводзячы яе. Прыняўшы абраз за вёскай, прадстаўнікі Лышчанскай царквы пранеслі яго цераз Круглае і Дабраслаўку (19 км). Святыню сустракалі з хлебам-соллю, дарогу да храма ў Лышчах усыпалі кветкамі. 22 чэрвеня Аляксандра-Неўская царква была асвячона архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам.

У 2001 г. паведамлялася пра надзвычайныя падзеі ў Лышчы, звязаныя з аднаўленнем двух старых абразоў у тутэйшай могілкавай капліцы. Летам 2012 г. зламыснікі абрабавалі Лышчанскую царкву, сярод іншых прадметаў скралі святы абраз Збавіцеля з выявай Божай Маці. Міліцыя знайшла скрадзенае толькі ў сакавіку 2015 г. і вярнула вернікам.

Цяпер святыня Пінскай епархіі — Лышчанская ікона Божай Маці знаходзіцца ў храме в. Лышча, у 2023 г. уключана ў спецыяльны ківот. Ікона не мае аналагаў у царкоўным мастацтве праваслаўнага свету. Штогод 17 верасня — у дзень памяці з’яўлення іконы — завяршаецца Божая Літургія, прыязджаюць паломнікі з Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцей.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. Воложина, В. А. Лыщанская Чудотворная Икона (Икона-Целительница) / Вера Адамовна Воложина. – Брест : Альтернатива, 2009. – 35 с.
  2. Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага : [в. Лышча] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік. / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 231–232.
  3. Корзун, І. Р. Крыніцы духоўнасці. Лышчанскі цудатворны абраз Корзун, Ірына Рыгораўна // Сборник докладов «Свято-Воскресенских» педагогических чтений с международным участием, приуроченных у 1035-летию крещения Руси, «От инноватики к педагогической практике». Брест, 2023. С. 141–146.
  4. Валожына, В. Лышчанскі цудатворны абраз / В. Валожына // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 533–536.
  5. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. –  511 с., [40] л. іл. – Са зместу: 1889, Лышча. С. 278.
  6. Лышча // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 430–431.
  7. Урбанович, И. Отметили 115-летие явления чудотворной иконы : [в д. Лыще] / Инна Урбанович // Пінскі веснік. 2025. 19 верасня (№ 38). С. 18.
  8. Урбанович, И. Чудесное возвращение креста : [в д. Лыще] / Инна Урбанович // Пінскі веснік. 2025. 5 верасня (№ 36). С. 13.
  9. Лодыга, Е. Л. Икона моего детства / Е. Л. Лодыга // Методический вестник / УО «Пинский ГПТК машиностроения». Пинск, 2020. 30 апреля (№ 8). С. 2–3.
  10. Михайлюк, Е. Лыщенская икона Спасителя : [история Лыщенской чудотворной иконы] / подготовила Елена Михайлюк // Полесская правда. Пинск, 2016. 10 сентября. С. 10.
  11. Бровач, О. Украденную три года назад чудотворную икону вернули пинчанам / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2015. 26 августа. С. 16.
  12. Лягушина, А. Спасенные иконы : [Лыщенская чудотворная икона] / Александра Лягушина // Царкоўнае слова. 2016. 29 ліпеня (№ 2). С. 12.
  13. Урбанович, И. Возвращение святыни : [сотрудники Пинского РОВД нашли похищенную из Лыщенской церкви Пинского района икону Богородицы] / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 2015. 11 апреля. С. 3.
  14. Козлович, В. Праздник на сельской улице : [сотрудники Пинского РОВД нашли похищенную из Лыщенской церкви икону Богородицы] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2015. 11 апреля. С. 3.
  15. Стасюк, Т. Возвращение святыни : найдена чудотворная Лыщанская икона Божьей Матери / Татьяна Стасюк // Брестский вестник. 2015. 9 апреля (№ 15). С. 7.
  16. Яскевіч, С. Цудоўнае вяртанне Лышчанскага абраза / Святлана Яскевіч // Звязда. 2015. 4 красавіка. С. 5.
  17. Бизюк, Т. Украденная икона вернулась / Татьяна Бизюк // Сельская газета. 2015. 4 апреля. С. 4.
  18. Ильенков, В. Возвращение «Целительницы» / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2015. 3 красавіка.
  19. Гришковец, В. Возвращение «Целительницы» : [сотрудники Пинского РОВД нашли похищенную из Лыщенской церкви икону Богородицы, называемой в народе «Целительница»] / Валерий Гришковец // Заря. 2015. 2 апреля. С. 8.
  20. Куликова, О. Подарок к Пасхе : [в Пинском районе найден чудотворный образ, украденный 3 года назад] / Ольга Куликова // На страже. 2015. 10 апреля. С. 9.
  21. Водчиц, И. В землянке под Пинском нашли украденную чудотворную икону / Ирина Водчиц // Варяг-пресс. Пинск, 2015. 10 апреля.
  22. Лыщенская икона Божией Матери // Самарянин. Пинск, 2015. № 2. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 47 разоў Апошняя змена Серада, 25 Люты 2026 15:48