Серада, 25 Люты 2026 16:30

1 студзеня 2026 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Паўла Рыгоравіча Кужыра (1946–2023), вучонага-фізіка, педагога, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь

Павел Рыгоравіч Кужыр нарадзіўся 1 студзеня 1946 г. у в. Батчы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька Рыгор Фёдаравіч працаваў на чыгуначнай станцыі Жабінка, маці Надзея Пятроўна — даяркай у калгасе. Павел выдатна закончыў сем класаў у Батчынскай школе, потым вучыўся ў СШ № 2 г. Кобрына. Карпатлівая праца, мэтанакіраванасць, глыбокія веды дазволілі юнаку закончыць школу з залатым медалём.

У 1963 г. Павел Кужыр паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У. І. Леніна (БДУ) на фізічны факультэт, пасля заканчэння якога (1968) пайшоў у аспірантуру на кафедру тэарэтычнай фізікі. Пасля аспірантуры працаваў малодшым, потым старшым навуковым супрацоўнікам навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем пры БДУ. Паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэарэтычнай і ядзернай фізіцы «Эффекты высших приближений в угловой корреляции при электромагнитных переходах ядер» (1973).

З 1979 г. П. Р. Кужыр пераходзіць на выкладчыцкую работу ў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Працаваў дацэнтам кафедры фізікі, з 1995 г. — загадчыкам кафедры «Фізіка». Дысцыпліны, якія выкладаў: механіка, малекулярная фізіка і тэрмадынаміка; электрычнасць і магнетызм; оптыка і ядзерная фізіка. Вобласць навуковых інтарэсаў П. Р. Кужыра: радыяцыйная бяспека, методыка выкладання фізікі. 

У рамках рэалізацыі сумесных навуковых праектаў з БНТУ Павел Рыгоравіч з’яўляўся даследчыкам, кіраўніком навуковай групы «Магнетарэалогія і нанаматэрыялы» (Інстытут фізікі Ніцы (INPHYNI) і дацэнтам Універсітэта Ніцы Сафіі Антыполіс.

Аўтар больш за 300 навуковых і навукова-метадычных прац. Апублікаваў вучэбныя дапаможнікі, якія маюць грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, сярод якіх: «Радиоционная безопасность», «Прикладная ядерная физика», «Сборник задач по курсу общей физики» ў 3 частках.

П. Р. Кужыру прысвоена званне «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1995). У 2002 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначана імянная стыпендыя за выдатныя заслугі ў вобласці падрыхтоўкі інжынерных кадраў.

У сям'і П. Р. Кужыра тры пакаленні фізікаў, тры дынастыі вучоных. Дзеці Паўла Рыгоравіча выбралі шлях свайго бацькі і дасягнулі поспеху. Паліна Паўлаўна і Павел Паўлавіч — вучоныя, прафесары, кандыдаты фізіка-матэматычных навук. Любоў да ведаў у гэтай сям’і перадаецца генетычна. Працягвае сямейныя навуковыя традыцыі і ўнук Іван, прафесійная дзейнасць якога цесна звязана з фізікай. Дынастыі з'яўляюцца ў сем'ях, дзе людзі захоплены сваёй прафесіяй, дзе з пакалення ў пакаленне перадаецца вопыт, навуковыя веды.

Павел Рыгоравіч Кужыр памёр 10 красавіка 2023 г.

Ён ніколі не забываў пра сваю малую радзіму, падтрымліваў цесную сувязь з землякамі. У Кобрыне жыве яго родная сястра Валянціна Рыгораўна, да якой да апошняга часу ён разам з сям’ёй прыязджаў у госці, праводзіў свой водпуск. Даўнія сяброўскія адносіны звязвалі Паўла Рыгоравіча з былымі аднакласнікамі, у тым ліку з Міхаілам Дземчуком (1946–2016), вядомым дзяржаўным і грамадскім дзеячам, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, 

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Працы П. Р. Кужыра

  1. Электричество и магнетизм : сборник задач : учебное пособие для студентов учреждений высшего образования по техническим специальностям / П. Г. Кужир, Н. П. Юркевич, Г. К. Савчук. – Минск : ИВЦ Минфина, 2019. – 263 с.
  2. Общая физика: оптика, квантовая физика, физика атомного ядра и элементарных частиц : сборник задач : учебное пособие для студентов учреждений высшего образования по техническим специальностям / П. Г. Кужир, Н. П. Юркевич, Г. К. Савчук ; М-во образования Республики Беларусь, БНТУ, Каф. физики. – Минск : БНТУ, 2018. – 187 с.
  3. Изучение электрических и магнитных полей : пособие для студ. спец. 1-70 02 01 «Промышленное и гражданское строительство», 1-70 04 02 «Теплогазоснабжение, вентиляция и охрана воздушного бассейна», 1-70 04 03 «Водоснабжение, водоотведение и охрана водных ресурсов», 1-70 03 02 «Мосты, транспортные тоннели и метрополитены» / [авт.: П. Г. Кужир и др.] ; М-во образования РБ, БНТУ, Каф. физики. – Минск : БНТУ, 2016. – 64 с.
  4. Сборник задач по общему курсу физики : учебное пособие для студентов высших учебных заведений по техническим специальностям : в 2 ч. / П. Г. Кужир, Н. П. Юркевич, Г. К. Савчук ; Министерство образования Республики Беларусь, Белорусский национальный технический университет. – Минск : БНТУ, 2014. – Ч. 1: Механика, статистическая физика и термодинамика.
  5. Диагностика при проектировании учебных занятий / П. Г. Кужир [и др.] ; Белорусский национальный технический университет. – Минск, 2013.
  6. Общая физика: электричество и магнетизм : сборник задач / П. Г. Кужир. – Минск : изд-во Гревцова, 2013.
  7. Сборник задач по общему курсу физики. Ч. 1. Механика, статистическая физика и термодинамика : в 2 ч. : учебное пособие для студентов высших учебных заведений по техническим специальностям / П. Г. Кужир, Н. П. Юркевич, Г. К. Санчук. – Минск, 2009.
  8. Прикладная ядерная физика : учебное пособие для вузов / П. Г. Кужир. – 2-е изд., стер. - Минск : Технопринт, 2004. – 112 с. : ил.
  9. Физика : учебно-методическое пособие для вузов / П. Г. Кужир. – Минск, 2003.
  10. Физика : учебно-методическое пособие для студентов-заочников строительного и горно-механического профилей : в 3 ч. / П. Г. Кужир, В. А. Самойлюкович, Б. И. Тесевич ; кол. авт. Белорусский национальный технический университет (Минск). Кафедра «Физика». – Минск : Технопринт, 2002.
  11. Физика конденсированных сред : учебное пособие для вузов / П. Г. Кужир, А. А. Баранов, А. П. Каравай, Н. П. Юркевич. – Минск, 2002.
  12. Радиационная безопасность : учебное пособие для студентов инженерно-технических и технологических специальностей / П. Г. Кужир, И. А. Сатиков, Е. Е. Трофименко ; под ред. В. И. Стражева. – Минск : Пион, 1999. – 280 с.
  13. Эффекты высших приближений в угловой корреляции при электромагнитных переходах ядер : автореферат диссертации ... кандидата физико-математических наук : 01.04.02 / Кужир Павел Григорьевич. – Минск : [б. и.], 1973. – 14 с.

Аб жыцці і дзейнасці П. Р. Кужыра

  1. Кужыр Павел Рыгоравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 436.
  2. Кужыр Павел Рыгоравіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік. 2-е выд., дапрац. і дап. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 84–85.
  3. 75 гадоў з дня нараджэння П. Р. Кужыра (1946) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 17. 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 43 разоў Апошняя змена Серада, 25 Люты 2026 16:50