Серада, 25 Люты 2026 16:50

2025 г. — 50 гадоў з часу заснавання ўзорнага хору хлопчыкаў «Пеўнікі» Брэсцкага гарадскога Цэнтра культуры (1975)

Харавая музыка належыць да найбольш дэмакратычных відаў мастацтва. На базе Брэсцкай дзіцячай музычнай школы (цяпер ДМШМ № 1) у 1975 г. быў створаны хор хлопчыкаў «Пеўнікі». Арганізатар і першы кіраўнік — Л. А. Карабейнікава. З 1978 г. калектыў працуе пры Брэсцкім гарадскім Доме культуры (цяпер гарадскі Цэнтр культуры).

Хор хлопчыкаў — гэта спецыфічны вакальны калектыў, які патрабуе асобага падыходу да фарміравання голасу і ўліку этапаў мутацыі. На музычных педагогаў ускладаецца вялікая адказнасць. У 1980 г. хору хлопчыкаў «Пеўнікі» прысвоена ганаровае званне «ўзорны аматарскі калектыў», якое было рэгулярна і своечасова пацверджана.

У 1984 г. кіраўніком калектыву, які тады перажываў упадак, стаў Алег Яўгенавіч Нярода. Канцэртмайстрамі з’яўляюцца Таццяна Віктараўна Толак, Таццяна Анатольеўна Мядзведзева. Дзякуючы штодзённым намаганням, прафесійнаму майстэрству, веданню педагогікі і псіхалогіі, умеламу падыходу да кожнага хлопчыка створаны творчы і працаздольны калектыў, якія мае свае традыцыі. У выхаванні дзяцей і пераемнасці пакаленняў важным момантам з’яўляецца сумесная работа і выступленні з капэлай настаўнікаў, з хорам ветэранаў.

У калектыве 60–70 хлопчыкаў ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў. Сёння «Пеўнікі» — гэта паўнавартасная харавая студыя з сур’ёзнай праграмай навучання. У Цэнтры харавога спявання, дзе працуюць «Пеўнікі» і хор ветэранаў, з харыстамі займаюцца 11 педагогаў і тры хармайстры. Дзеці вывучаюць сальфеджыа, музычную літаратуру, пастаноўку голасу, займаюцца ў класах вакалу, фартэпіяна, гітары і вакальна-інструментальнага ансамбля. Заняткі праводзяцца тры разы на тыдзень. Пры паспяховай здачы дзяржаўнага экзамена выпускнікам выдаецца атэстат, які дазваляе паступаць у спецыялізаваныя навучальныя ўстановы.

Манера выканання хору «Пеўнікі» — акадэмічная. Рэпертуар фарміруецца з улікам інтарэсаў харыстаў, патрабаванняў конкурсаў і запытаў горада, абавязкова ўключаюцца творы беларускіх аўтараў. Харыстам неабходна трымаць у галаве тэксты і ноты, разумець жэсты дырыжора, клапаціцца аб знешнім выглядзе. У рэпертуары — апрацоўкі народных песняў, твораў беларускіх, рускіх і замежных аўтараў, класічная, духоўная і сучасная музыка.

Сярод твораў савецкіх кампазітараў: «Мальчишки бессмертного Бреста» Г. Вагнера, «Музыка» Г. Струве, «Беловежская пуща» А. Пахмутовой, «Спасибо, Родина» С. Сасніна і інш. Выконваюцца «Песня о Бресте», «Летите, голуби», «По секрету всему свету», «Позови меня тихо по имени», «Зорка Венера», «Радзіма мая дарагая» і інш. Творы сусветнай класікі: «Аve Maria» «Азбука» В. А. Моцарта, «Dignare» Г. Гендэля, «Весна» Ф. Мендэльсона, «Достойно есть» П. I. Чайкоўскага і інш.

Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, выступае ў гарадах Беларусі і за мяжой: Польшча, Германія, Балгарыя, Расія. У гады СССР паспеў пабываць з гастролямі ў Украінскай ССР, Літоўскай ССР, Эстонскай ССР. Удзел у канцэртах выяўляе ўсе магчымасці калектыву, яго мастацкія дасягненні, высокі выканальніцкі ўзровень; дэманструе дысцыпліну, сцэнічнасць, эмацыянальнасць, сабранасць. Кожны канцэрт мае і выхаваўчае значэнне. У 2001 г. за захаванне і развіццё харавых традыцый славянскага мастацтва хор узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі.

Хор «Пеўнікі» — лаўрэат і дыпламант многіх рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў. Лаўрэат Усесаюзнага злёту харавых калектываў хлопчыкаў (1979), ІІ Усесаюзнага фестывалю самадзейнасці мастацкай творчасці, дыпламант Міжнароднага фествалю славянскага мастацтва (Расія), Міжнароднага фестывалю «Виват, Петербург» (Расія), фестывалю-конкурсу дзіцячай харавой музыкі «Певческое поле – 2000», I фестывалю народнага мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», фестывалю хароў хлопчыкаў «Мінскія асамблеі – 98». Удзельнік музычных фестываляў у Тарту, Таліне, Кішынёве, фестывалю-конкурсу «Ступени» (2012), конкурсу дзіцячай песні «Пастушок» (2012) і інш.

27 мая 2022 г. у зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбыўся творчы вечар-канцэрт, прысвечаны 60-годдзю А. Я. Няроды. Павіншаваць юбіляра прыйшлі некалькі пакаленняў брэстчан, якія займаліся ў Алега Яўгенавіча ў розных калектывах. 7 мая 2024 г. хор «Пеўнікі» адкрываў праграму II Міжнароднага фестывалю хароў хлопчыкаў і юнакоў «Берасцейскія харавыя асамблеі – 2024» на сцэне Брэсцкага тэатра лялек.

А. Я. Нярода — член Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны шматлікімі граматамі і дыпломамі. Брэсцкім гарвыканкамам музычнаму педагогу было прысвоена званне «Чалавек года» (2025). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2025 г. яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь».

12 снежня 2025 г. у ГКЦ па вул. Кіжаватава, 9/1 адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 50-годдзю ўзорнага хору хлопчыкаў «Пеўнікі». Канцэртная праграма аб’яднала дзеючы склад і выпускнікоў розных гадоў праслаўленага калектыву.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. «Пеўнікі», образцовый хор мальчиков // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 419.
  2. «Пеўнікі» // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 299.
  3. Даніловіч, Т. В. Брэсцкі ўзорны хор хлопчыкаў «Пеўнікі» / Т. В. Даніловіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 501.
  4. Узорныя самадзейныя калектывы : Хор хлопчыкаў «Пеўнікі» Брэсцкага гарадскога Дома культуры // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 593.
  5. Вовк, Ю. В музыке есть душа : [о заслуженном деятеле культуры Республики Беларусь О. Е. Нероде] / Юлия Вовк // Заря. 2026. 11 февраля. С. 12.
  6. Федорова, И. Полвека в унисон : [о праздновании 50-летия образцового хора мальчиков «Пеўнікі»] / Ирина Федорова // Брестский вестник. 2025. 18 декабря. С. 14.
  7. Калініна, Г. У сугуччы галасоў : [звання «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь» удастоены кіраўнік хору хлопчыкаў «Пеўнікі» Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры А. Я. Нярода] / Ганна Калініна // Культура. 2025. 5 снежня (№ 49). С. 6.
  8. Шляжко, Н. С юбилеем, маэстро! : [60-летний юбилей отметил дирижер, член Белорусского союза музыкальных деятелей О. Е. Нерода] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2022. 2 июня (№ 22). С. 20.
  9. Нерода, О. Е. Олег Нерода: «Искусство не имеет границ» / Олег Евгеньевич Нерода ; [беседовала] Ольга Ковальская // Брестский вестник. 2020. 3 декабря (№ 49). С. 6.
  10. Глущенко, Т. Настройщик хрустальных материй : [о руководителе образцового хора-студии «Пеўнікі» О. Е. Нероде] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2017. 9 июня. С. 6.
  11. Серебрянный голос прозвучал на конкурсе им. Ф. Шаляпина : [воспитанники образцового хора-студии «Пеўнікі» Владимир Пищанюк и Влад Грицев, приняли участие во ІІ Республиканском конкурсе юных вокалистов (Минск)] // Брестский курьер. 2013. 28 марта (№ 13). С. 2.
  12. Ноздрин-Плотницкая, А. Мои года – мое богатство : [о творческом вечере О. Нероды, руководителя хора мальчиков «Пеўнiкi» и хора ветеранов им. Шощица Брестского ГДК] / А. Ноздрин-Плотницкая // Брестский вестник. 2012. 31 мая. С. 11.
  13. Николаева, И. Неугомонные «Пеўнiкi» : [о 30-летии образцового хора мальчиков «Пеўнiкi» городского Дома культуры] / Ирина Николаева // Брестский вестник. 2005. 27 декабря. С. 8.
  14. Шеламова, Т. Звонкоголосые «Пеўнiкi» : [о хоре мальчиков «Пеўнiкi» Брестского ГДК] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2004. 1 января. С. 7.
  15. Нярода, А. Я. Кожны выбірае для сябе / Алег Нярода ; гутарыла Э. Баравік // Народная трыбуна. 2001. 29 верасня. С. 4.
  16. Глущенко, Т. Чутьё на рассветы : [об образцовом хоре мальчиков «Пеўнiкi» Брестского ГДК] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2000. 15 декабря. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 51 разоў Апошняя змена Серада, 25 Люты 2026 17:01