Чацвер, 26 Люты 2026 11:44

2025 г. — 245 гадоў з часу пабудовы царквы Архангела Міхаіла ў аг. Осаўцы (Драгічынскі р-н; 1780), помніка народнага драўлянага дойлідства

Осаўцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы з першай паловы ХVII ст. як вёска Берасцейскага ваяводства. У Осаўцах вядома царква Святога Іаана Хрысціцеля, якая ў канцы XVI ст. уваходзіла ў Драгічынскую пратапопію Турава-Пінскай епархіі. У 1772 г. тут адзначана ўніяцкая парафія са святыняй, у адміністрацыйных адносінах прыналежная Пінскай уніяцкай дыяцэзіі.

У 1780 г. драўляная царква была перабудавана памешчыкам Кліментам Ажэшкам, каля яе была пастаўлена 2-ярусная чацверыковая шатровая званіца-брама, сцены якой у ніжняй частцы зроблены пад адхонам. Прыналежнасць царквы XVII ст. выяўляецца ў асаблівасцях яе канструкцыі. Перабудова не змяніла першапачатковага плану, які ўтвараецца двума прамавугольнымі зрубамі літургічнай залы і падоўжанай алтарнай часткі, аднолькавымі па вышыні, гарманічнымі і суладнымі ў прапарцыянальных памерах. Стромкі дах Свята-Міхайлаўскай царквы захоўвае ў сабе ўплыў папярэдняй готыка-рэнесанснай эпохі. Яскравым элементам гэтага з'яўляецца буйны арачны праём са старажытнымі дзвярыма такой сама формы, які спалучае бабінец з літургічнай залай.

Сённяшняе аблічча царква набыла ў выніку рамонту 1876 г. коштам 990 рублёў, зробленага пры ўдзеле царкоўнапрыходскага апякунства. Царкву пафарбавалі ўнутры і звонку, паставілі новы іканастас, зрабілі новы фундамент, а таксама «выправілі» дах. 26 верасня 1876 г храм нанова асвяціў Іванаўскі благачынны Георгій Шастакоўскі. Перад уваходам паставілі нізкі бабінец. На вільчыку блізка да франтона з'явіўся грувасткі барабан з галоўкай у формах, не адпаведных традыцыям палескага дойлідства, які мог змяніць ранейшую вежу. У гэты ж час прыбудавалі нізкія рызніцы, што безумоўна чытаецца ў вымушаным дапасаванні іх вышыні да ніжняга краю вокнаў у алтарнай частцы. Вузкія хоры літургічнай залы маюць драўляную балюстраду, якая ўнізе мае надзвычай рэдкую дэкаратыўную аздобу ў выглядзе фрыза з архаічным рэльефным арнаментам. У інтэр'еры знаходзяцца жывапісныя творы высокага мастацкага ўзроўню.

Царква ў Осаўцах была шырока вядома знаходжаннем у ёй асабліва шанаванага цудадзейнага абраза Маці Божай «Тужлівая» («Скорбящая»). Паводле апісання XIX ст., выява «жывапісу выразнага, пісана на палатне алейнымі фарбамі, прыклееным на дошцы, даўжынёй 24 англійскія дзюймы, шырынёй 14 дзюймаў, акрыта срэбнай шатай з вызалочанымі вянцамі надтварамі і аздобамі з бліскучымі каменнямі, а ўверсе дугападобна — 6 зоркамі па полі, не занятым шатай на чырвоным тонкім сукне, прывескі з адлюстраваннямі вачэй, на шаце, унізе яе, па рэльефе выцінаннем адзначаны «год 1814 і месяц ліпень 6 дня, як мяркуюць, час вырабу шаты, а то і прынясення самога св. абраза ў царкву».

Згодна з мясцовым паданнем, абраз быў перанесены ў Осаўцы ў 1880-я гг. са струхлелай уніяцкай капліцы ў Беліне. Абраз знаходзіўся на левым клірасе ля сцяны ў пазалочаным ківоце 1893 г., зробленым на ахвяраванні вернікаў. Перад ківотам знаходзілася дарагая лампада з надпісам: «В память Священнаго Коронования Государя Императора Николая II». Старажытны цудадзейны абраз шанаваўся таксама і католікамі. Асабліва вялікая колькасць багамольцаў, у тым ліку і каталіцкага вызнання, штогод бывала ў царкве 15 жніўня. Цудадзейная выява Багародзіцы захавалася і знаходзіцца ў Осаўскай царкве на тым самым месцы, дзе, паводле апісання, яна была ў XIX ст.

У 1861 г. была адкрыта царкоўна-прыходская школа, у якой навучаліся 41 хлопчык і 10 дзяўчынак. На 1898 г. адносілася да Іванаўскага благачыння. Прыхаджан — 1712 чалавек. Мелася царкоўная школа і народнае вучылішча. Прычт складаўся з святара і псаломшчыка.

У 1915 г. у сувязі з надыходам кайзераўскіх войскаў і адступленнем Імператарскай рускай арміі царква перастала дзейнічаць да 1921 г. У 1921 г. у вёсцы было 56 двароў, 260 жыхароў, з якіх 228 — праваслаўных, а ў прыход уваходзілі пяць населеных пунктаў.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў раёне актыўна дзейнічалі партызанскія атрады. Нямецка-фашысцкія захопнікі шукалі партызанскія сувязі і прыбылі ў Асаўцы раніцай 8 чэрвеня 1942 г. Сагналі сялян у цэнтры вёскі, а некалькім мужчынам загадалі капаць вялікую яму ў лесе. Іерэй Антон Аляксандравіч Аляхновіч выратаваў жыхароў вёскі ад немінучага расстрэлу, угаварыўшы нямецкага афіцэра адмовіцца ад сваіх намераў.

У 1961 г. пасля закрыцця царквы размешчанай у в. Вінч да Асавецкага прыходу былі далучаны вёскі Ялач і Язвіны. У савецкі час храм ніколі не зачыняўся. У розны час тут служылі свяшчэннікі: Гаўрыіл Чаховіч (упом. у 1755 г.), Міхаіл Чаховіч (упом. у 1832–1837 гг.), Каспер Шэмеціла (з 1837 г. у 1861 г.–1873), Канстанцін Паўловіч (1873–1889), Іаан Вераксін (1889–1901), Аляксей Асечанскі (1901–…), Антоній Аляхновіч (1930–1940), Віктар Сарока (1973–2018). З 2019 г. служыць іерэй Леанід Сцяпанавіч Куроўскі.

Прыход храма святога Архангела Міхаіла адносіцца да Драгічынскага благачыння Брэсцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы. Прастольнае свята — 21 лістапада. Да прыходу адносяцца Адамава, Белін, Малінаўка, Марцінава, Овзічы, Пуховая, Смольнікі, Старое Кліменцінава, Язвіны, Ялач.

Помнік архітэктуры народнага дойлідства. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (113Г000213).

11 верасня 2017 г. храм святога Архангела Міхаіла наведаў Герой Расійскай Федэрацыі, лётчык-касманаўт Расійскай Фыедэрацыі Алег Віктаравіч Навіцкі. Настаяцель храма протаіерэй Віктар Сарока паднёс яму ў падарунак абраз і блаславіў на далейшыя добрыя справы.

21 лістапада 2025 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан здзейсніў Бажэственную літургію ў храме святога Архангела Міхаіла ў аг. Осаўцы з нагоды 245-годдзя з дня асвячэння храма.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

  1. Асавецкая Міхайлаўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 269.
  2. Осовецкая Михайловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 172.
  3. Свято-Михайловская церковь [The Church of St. Michael] // Дрогичинский край = Drahichyn and its environs. Пинск, 2007. С. 43.
  4. Церковь святого Архангела Михаила : [Осовцы] // Храмы Брестчины / [составитель Н. Васюк]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2024. С. 72.
  5. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Асаўцы] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2007. С. 21.
  6. Свята-Міхайлаўская царква : [в. Осаўцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 152.
  7. Габрусь, Т. В. Михайловская церковь : [д. Осовцы] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 173.
  8. Габрусь, Т. В. Міхайлаўская царква : [в. Осаўцы] / Т. В. Габрусь// Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 153.
  9. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Осаўцы. С. 133, 221, 313, 327–328.
  10. Иосиф (епископ). Гродненский православно-церковный календарь или Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века / Иосиф (епископ). 2-е изд. Т. 1–2. Воронеж, 1899. Т. 1. С. 338–339.
  11. Литовские епархиальные ведомости. 1876. № 42. С. 344.
  12. Денисейко А. И. Осовецкой Свято-Михайловской церкви 235 лет / А. И. Денисейко // Есть пророки в своем Отечестве. Отныне и вовек : о чудотворных молитвах и Божественной силе Креста / А. И. Денисейко. Брест, 2019. С. 10.
  13. Восаўцы [Асаўцы] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 263–264.
  14. Осовцы // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 173.
  15. Осаўцы // Памяць : Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 537.
  16. Осаўцы // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 578.
  17. Осовецкий сельсовет // Дрогичинский край: из прошлого – в будущее. Брест, 2022. С 83.
  18. Драгічынскі раён // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Минск, 2009. С. 30–36, 35.
  19. Трафімчук, М. М. Ведай свой край. Осаўцы на скрыжаванні стагоддзяў / складанне, агульная рэдакцыя: М. М. Трафімчук. – Мінск : Ковчег, 2024. – 805 с.
  20. Ильин, А. Л. Я подарю тебе «Осовецкий календарь» / Александр Львович Ильин ; составители: Елена Александровна Игнатюк, Виктор Сергеевич Мисиюк ; [предисловие Виктора Сергеевича Мисиюка]. – Минск : Цимберов Р. М., 2024. – 322 с.
  21. Стойко, А. В. Молитва отца Виктора / Анна Стойко. – Брест : Брестская типография, 2025. – 335 с.
  22. Вовк, Ю. Архипастырские визиты / подготовила Юлия Вовк // Заря. 2025. 26 ноября. С. 19.
  23. Родько, М. Ангелы с нами / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2025. 28 лістапада (№ 48). С. 13.
  24. Родько, М. Благословенное место / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2025. 12 верасня (№ 37). С. 21.
  25. Родько, М. Книга, которую ждали : [Анна Стойко написали книгу о своем отце протоиерее Викторе Сороке] / подготовил Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2024. 19 студзеня. С. 20–21.
  26. Родько, М. Дороги, ведущие из Закозеля / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2022. 28 кастрычніка (№ 43). С. 6–7.
  27. Дорогой любви и добра : [воспоминания о настоятеле Свято-Михайловской церкви в д. Осовцы протоиерее Викторе Ивановиче Сороке] // Драгічынскі веснік. 2022. 11 сакавіка (№ 10). С. 7.
  28. Дулевич, В. Дорогой любви и добра : [готовится к выходу в свет книга воспоминаний о протоиерее Викторе Сороке, настоятеле храма в д. Осовцы Дрогичинского района] / подготовил Виктор Дулевич // Заря. 2022. 10 марта. С. 19.
  29. Денисейко, А. В память о батюшке : [в Свято-Михайловской церкви д. Осовцы Дрогичинского района почтили память настоятеля храма Виктора Сороки] / Анатолий Денисейко // Янаўскі край. Iванава, 2020. 27 сакавіка (№ 13). С. 13.
  30. Парчук, Н. Сіла хрысціянскай любові, альбо Жыццё, прысвечанае людзям і Богу : [пра новую кнігу Анатоля Дзенісейка «Ёсць прарокі ў сваёй Айчыне»; пра Свята-Міхайлаўскі храм в. Осаўцы] / Надзея Парчук // Драгічынскі веснік. 2018. 10 лістапада. С. 14.
  31. Памяти дорогого батюшки : [воспоминания о протоиерее Викторе Сороке, настоятеле храма в д. Осовцы] / духовный сын Дмитрий // Драгічынскі веснік. 2018. 21 красавіка. С. 12.
  32. Павлюкович, А. Слуга Господа : [о священнике Антоне Олехновиче из д. Осовцы и его деятельности во время Великой Отечественной войны] / Александр Павлюкович // Драгічынскі веснік. 2017. 2 снежня. С. 12, 14.
  33. Падлужны, П. Осаўцы : гісторыя вёскі Драгічынскага раёна (1628 – цяперашні час) / Пётр Падлужны // Драгiчынскi веснiк. 2009. 21 студзеня. С. 3.
  34. Денисейко, А. Осовецкой Свято-Михайловской церкви – 225 лет / Анатолий Денисейко // Заря. 2005. 10 декабря. С. 3.
  35. Денисейко, А. Осовецкой Свято-Михайловской церкви – 225 лет / Анатолий Денисейко // Драгiчынскi веснiк. 2005. 19 кастрычніка. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 46 разоў Апошняя змена Чацвер, 26 Люты 2026 11:56