Чацвер, 26 Люты 2026 15:20

27 снежня 2025 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Канстанцінавіча Камарова (1940), кампазітара, паэта, народнага артыста Расійскай Федэрацыі (2001)

Уладзімір Канстанцінавіч Камароў нарадзіўся 27 снежня 1940 г. у г. Куляб Таджыкскай ССР. Бацька Канстанцін Афанасьевіч Камароў і маці Марыя Аляксандраўна паходзілі з бедных сялян Пскоўскай губерні, у Ленінградзе прасоўваліся па партыйнай лініі, былі накіраваны на партыйную работу ў Таджыкістан.

У час Вялікай Айчыннай вайны жылі ў Сталінабадзе (Душанбе), куды трапілі эвакуіраваныя з Масквы тэатральныя і музычныя калектывы. Вялікі ўплыў на малога Валодзю зрабіў старэйшы на восем гадоў брат Рэм (Ерамей), які стаў інжынерам-канструктарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1946 г. Камаровы пераехалі ў Маскву, дзе бацька вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе, у 1948 г. атрымаў накіраванне ў Віцебскі абкам КП(б)Б, праз год перавялі ў Брэст.

У Брэсце Уладзімір Камароў закончыў сярэднюю школу, займаўся музыкай на скрыпцы, баяне. Паступіў у музычнае вучылішча, але праз год яго прызвалі ў Савецкую армію. Тры гады служыў у духавым аркестры танкавага палка пад Брэстам (в/ч 54238). Меў спецыяльны дазвол тры разы на тыдзень наведваць заняткі ў вучылішчы. Тут пачаліся першыя кампазітарскія крокі пад кіраўніцтвам выдатнага педагога Марка Аляксандравіча Русіна (1921–1977). Абласная газета «Заря» 16 чэрвеня 1957 г. надрукавала яго песню «Школьная прощальная», гэта была першая публікацыя пачынаючага кампазітара і паэта.

У вучылішчы пасябраваў з Эдуардам Ханком, будучым кампазітарам, народным артыстам Беларусі. Пазнаёміўся з Маргарытай Яўгенаўнай Солтан, сястрой беларускага кампазітара Уладзіміра Солтана. Яны пажаніліся ў 1962 г., у 1968 г. у Брэсце нарадзілася дачка Таццяна, якая ў свой час закончыла Маскоўскую кансерваторыю, стала кампазітарам.

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір Камароў закончыў Брэсцкае музычнае вучылішча (1962) і паступіў у музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, якое закончыў у 1966 г. У 1971 г. — Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага. З 1967 г. працаваў музычным рэдактарам на «Саюзмультфільме», з 1979 г. па 2011 г. — на кінастудыі «Масфільм». Член Саюза кампазітараў СССР (1973), Саюза кінематаграфістаў СССР (1989), Саюза пісьменнікаў Расіі (2023).

З’яўляецца аўтарам балета «Портрет» (1975), оперы «Притча о Поэте» (1985), мюзікла «Свадебная карусель» (1983), кантанты «Хлеб моей Родины» (1984), 4 сімфоній, 3 сімфанічных паэм, 7 інструментальных канцэртаў, камерных, харавых твораў, музыкі для аркестра народных інструментаў, духавога і эстраднага аркестраў і інш. Яго творы з поспехам выконваюцца вядучымі музычнымі калектывамі краіны.

Напісаў музыку да вялікай колькасці мастацкіх кінафільмаў. Сярод іх: «Мужики!» (1981), «Лестница» (1989), «Сукины дети» (1990), «Любить по-русски» (1995), «Шапка» (1990), «Волчья кровь» (1995), «Барышня-крестьянка» (1995), а таксама мастацкія тэлефільмы: «Сыщики» (2001), «Нина» (2001), «Две судьбы» (2002), «Паутина» (2007), «Капкан» (2007), «Ермоловы» (2008), «На солнечной стороне улицы» (2010), «Дело следователя Никитина» (2012), «Всем всего хорошего!» (2015), «Выйти замуж за Пушкина» (2017) і інш. Поспехам карыстаюцца мультфільмы з яго музыкай: «Бобик в гостях у Барбоса» (1977), «Бравый инспектор Мамочкин» (1977), «Илья Муромец и Соловей-разбойник» (1978) і інш.

Кампазітар Уладзімір Камароў — значымая фігура ў гісторыі савецкай і расійскай электроннай музыкі, вядомы сваімі электраакустычнымі паэмамі, цесна звязаны з наватарамі накшалт Льва Тэрмена. Выкарыстоўваў навейшыя тэхналогіі для стварэння філасофскіх і наватарскіх твораў, спалучаючы электроніку з традыцыйнымі інструментамі і галасамі. Працаваў з вынаходнікам тэрменвокса Л. С. Тэрменам, выступаў з ім на міжнародных фестывалях і лекцыях.

Уладзімір Канстанцінавіч сур’ёзна захапляецца літаратурнай творчасцю. Сачыняе вершы да сваіх песен, аўтар лібрэта для балета «Портрет» і оперы «Притча о Поэте». Піша артыкулы аб кінамузыцы і выбітных музыкантах. Аўтар кніг «Мозаика жизни» (2011), «Реальность и мотивы» (2018), «Стихи для здоровья» (2018), «Басни, сказки и…» (2019), «Бабушкин графин» (2020), «Столетие отечественной киномузыки» (2020), «Дневник в стихах» (2021), «Свет и тени» (2022), «Негаснущие свечи» (2023), «Поэзия жизни» (2024), «Мотив дождя» (2025).

Творчую дзейнасць У. К. Камароў спалучае з вялікай грамадскай работай. З’яўляўся прэзідэнтам Гільдыі кампазітараў кіно і тэлебачання, членам праўлення Саюза кінематаграфістаў Расійскай Федэрацыі. Сапраўдны член Нацыянальнай акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук.

Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу кампазітараў (1977), прэміі «Ника» (1995), музычнай прэміі «Аврора» (2017). Узнагароджаны медалём «За трудовое отличие» (1980), Залатым Пушкінскім медалём (1999), ордэнам Пашаны (2006), Залатым медалём Саюза маскоўскіх кампазітараў (2010), орденам Дружбы (2013), ордэнам Аляксандра Неўскага (2021) і інш. Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР (1989). Народны артыст Расійскай Федэрацыі (2001).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

Творы У. К. Камарова

  1. Мотив дождя : дневник в стихах 2024–2025 гг. Из ранних книг : Басни. Воспоминания / Владимир Комаров. – Ростов-на-Дону : Альтаир, 2025. – 367 с. : ил.
  2. Поэзия жизни : дневник в стихах 2023–2024 гг. : избранное / Владимир Комаров. – Москва : Альтаир ; Ростов-на-Дону : Российский фонд культуры, 2024. – 335 с. : ил.
  3. Негаснущие свечи : стихи, басни (2022–2023), новеллы, миниатюры, мои фразы, мой словарь, заключение / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2023. – 219 с. : ил., ноты.
  4. Свет и тени : чувства в стихах. Нам шестьдесят : воспоминания, басни / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2022. – 216 с. : ил., ноты.
  5. Дневник в стихах : публикации юбилейного года / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2021. – 255 с. : ил.
  6. Столетие отечественной киномузыки. 1920–2020 : антология / Владимир Комаров. – Москва, 2020. – 286 с. : ил.
  7. Бабушкин графин : стихи, песни, картины и фотографии / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2020. – 159 с. : ноты, цв. ил.
  8. Стихи для здоровья / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2018. – 131 с. : ил.
  9. Реальность и мотивы : экспромты в прозе и стихах / Владимир Комаров. – Москва : Перо, 2018. – 124 с. : ил.
  10. Мозаика жизни : [воспоминания, очерки, миниатюры, песни, стихи, список произведений] / Владимир Комаров. – Москва : Издательский Дом ТОНЧУ, 2011. – 398 с. : фот.
  11. Первая симфония : [Олимпийская) : для большого симфонического оркестра / Владимир Комаров. – Москва : Советский композитор, 1988. – 172 с.
  12. Дискотека и флейта : песни для голоса (хора) в сопровождении фортепиано (баяна, гитары) / Владимир Комаров. – Москва : Советский композитор, 1987. – 56 с.
  13. Это ты, наша молодость! : песни для сред. и ст. школ. возраста / Владимир Комаров ; предисл. М. Пляцковского. – Москва : Советский композитор, 1983. – 44 с.
  14. Сын Руси великой (Евпатий Коловрат) : поэма для большого симфонического оркестра / Владимир Комаров. – Москва : Советский композитор, 1981. – 60 с.
  15. Концерт «Праздник в деревне» / Владимир Комаров. – Москва : Советский композитор, 1980. – 156 с.
  16. Хлеб моей Родины = Хлеба, хлеба от края и до края : кантата для баритона, смешанного хора, трубы и оркестра русских народных инструментов / Владимир Комаров ; слова Г. Георгиева. – Москва : Музыка, 1980. – 79 с.
  17. Школьная-прощальная : [песня] / слова и музыка В. Комарова // Заря. 1957. 16 июня. С. 2.

Аб жыцці і творчасці У. К. Камарова

  1. Орден Почёта из рук президента России : [получил народный артист Российской Федерации, композитор В. Комаров] // Брестский курьер. 2007. 22 февраля. С. 28.
  2. Павлова, Л. Мастер и Маргарита навестили город над Бугом : [о композиторе В. Комарове из Москвы] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. № 2. С. 2.
  3. Александров, Н. Радость музыки подарил студентам Владимир Комаров : [о творческой встрече с композитором, народным артистом России В. Комаровым в Брестском музыкальном колледже] / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. № 1. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 50 разоў Апошняя змена Чацвер, 26 Люты 2026 15:24