Чацвер, 26 Люты 2026 15:24

22 чэрвеня 2026 г. — 55 гадоў з пачатку экспедыцыі «Цытадэль мужнасці» зводнага атрада «Граніт-41» па месцах баявой славы (Брэст; 1971)

У Савецкім Саюзе важным кірункам пазашкольнай выхаваўчай работы была ваенна-патрыятычная дзейнасць школьных калектываў. У многіх школах актыўна працавалі чырвоныя следапыты, якія знаходзілі імёны байцоў Чырвонай арміі і партызан, хадзілі ў паходы па месцах баявой славы, клапаціліся аб помніках на брацкіх магілах, стваралі музеі.

На адной з сустрэч з моладдзю старшыня Цэнтральнага штаба Усесаюзнага паходу камсамольцаў і моладзі па месцах славы савецкага народа Маршал Савецкага Саюза І. С. Конеў выказаў думку аб важнасці правядзення аперацыі «Цытадэль мужнасці». Чырвоныя следапыты Масквы, Брэста і Пружан у пісьмах падзяліліся думкамі, як лепш правесці сумесны паход па месцах найболей значных вузлоў супраціўлення ворагу ў 1941 г. Быў вызначаны маршрут паходу: Брэст – Мінск – Барысаў – Орша – Смаленск – Вязьма – Малаяраславец – Нара-Фамінск – Масква, яго працягласць склала больш за 1000 км.

У Пружанах ініцыятарамі гэтай цікавай і безумоўна карыснай задумкі сталі члены клуба «Гвардзеец» СШ № 1 — лаўрэаты ІV і V Усесаюзных злётаў следапытаў. Да іх далучыліся навучэнцы Пружанскага саўгаса-тэхнікума. 20 чэрвеня на цэнтральнай плошчы горада пачалася ўрачыстасць, адсюль калона ўдзельнікаў будучага паходу і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны накіравалася да помніка-самалёта, да падножжа якога былі ўскладзены вянкі.

Затым у клубе «Космас» адбыўся тэматычны вечар «Баявыя сцягі расказваюць». Удзельнікаў маршу сардэчна віталі сакратар райкама ЛКСМБ У. М. Граб, член бюро райкама Б. І. Максіменка, прызыўнік Мікалай Рэўцкі, ветэраны вайны В. А. Гаўрыловіч, В. К. Бачурын, В. Ф. Аляксандраў і інш. Аб праграме аперацыі «Цытадэль мужнасці» расказалі дзесяцікласніца Людміла Канцэвіч і настаўнік гісторыі М. А. Шульман. Юныя следапыты прынялі з рук старэйшых таварышаў ампулу з зямлёй з брацкіх магіл Пружаншчыны, якая будзе дастаўлена ў Маскву, да месца пахавання Невядомага салдата.

21 чэрвеня следапыты трох гарадоў сустрэліся ў Брэсце. Быў створаны зводны атрад «Граніт–41», у які былі ўключаны каля 80 юных патрыётаў — навучэнцаў СШ № 15 г. Брэста, СШ № 1 г. Пружаны і СШ № 408 г. Масквы.

22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці, дзе тады ішлі будаўнічыя работы па ўзвядзенні манументаў мемарыяльнага комплексу (адкрыты 25 верасня 1971 г.), сабраліся ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, абаронцы крэпасці, прадстаўнікі партыйнай і савецкай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў. Раніцай адбыўся мітынг, прысвечаны 30-й гадавіне з пачатку гераічнай абароны. Байцы атрада «Граніт–41» пабывалі на месцах былых жорсткіх баёў, сустрэліся з многімі абаронцамі крэпасці.

На плошчы крэпасці быў дадзены ўрачысты старт экспедыцыі «Цытадэль мужнасці». Да ўдзельнікаў экспедыцыі звярнуліся дырэктар музея абароны крэпасці В. Р. Кудзелін, былы абаронца крэпасці В. С. Часнакоў, ветэран 17-га гаўбічнага артылерыйскага палка А. Ф. Лук’яненка, інспектар аблана Н. П. Смаль. Падпалкоўнік у адстаўцы Г. Н. Валавельскі ўручыў атраду «Граніт–41» сцяг 371-га стралковага палка, байцы якога прайшлі слаўны шлях ад Сталінграда да Берліна.

Раніцай 23 чэрвеня атрад «Граніт–41» адправіўся ў шлях. У турыстаў-следапытаў былі дзясяткі сустрэч ля абеліскаў і брацкіх магіл, начоўкі ў палатках, турысцкія песні ля вогнішчаў, спаборніцтвы з вучнямі мясцовых школ па ваенна-прыкладных відах спорту, сустрэчы з воінамі праслаўленай Таманскай дывізіі.

Паход завяршыўся ўрачыстай лінейкай на Чырвонай плошчы ў Маскве. Матэрыялы, якія сабралі ўдзельнікі маршу, узбагацілі экспазіцыі школьных музеяў аб пачатковым перыядзе вайны, паслужылі яскравай, пераканаўчай формай ідэйна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Па выніках экспедыцыі «Цытадэль мужнасці» атрад «Граніт–41» быў узнагароджаны Ганаровай граматай Савецкага камітэта ветэранаў вайны. Сёння толькі пажоўклыя старонкі газет ў бібліятэчных сховішчах нагадваюць пра паўзабытую экспедыцыю 1971 г.

У СШ № 1 г. Пружаны ў 1968 г. заснаваны музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы, ля вытокаў якога стаяў настаўнік гісторыі, краязнаўца Міхаіл Аркадзьевіч Шульман (1927–1998). У верасні 1973 г. школе прысвоена імя Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. У СШ № 15 г. Брэста ў 1994 г. быў створаны музей, у якім ёсць экспазіцыя аб Вялікай Айчыннай вайне. Маскоўская школа № 408 была пераўтворана, цяпер не існуе.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. Навучальна-выхаваўчая школьная і пазашкольная работа // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка. : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 529–530.
  2. Операция «Цитадель мужества» // Вечерняя Москва. 1971. 5 июля.
  3. Назарава, Л. Стартуе «Граніт-41» : [аб экспедыцыі «Цытадэль мужнасці», якая стартавала ў Брэсцкай крэпасці] / Л. Назарава // Зара камунізма. Пружаны, 1971. 24 чэрвеня. С. 3.
  4. Величко, В. Старт «Гранита-41» : [в Брестской крепости] / В. Величко // Заря. 1971. 23 июня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 45 разоў