Чацвер, 05 Сакавік 2026 10:37

1 сакавіка 2026 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Паўла Іванавіча Лука (1956), беларускага скульптара

Павел Іванавіч Лук нарадзіўся 1 сакавіка 1956 г. у в. Жылічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў Мікалаеўскай базавай школе, Камянецкай сярэдняй школе. У час вучобы з’яўляўся членам рэдкалегіі школьнай сценгазеты.

Майстэрства разьбы па дрэве ў сям’і Лукаў перадавалася з пакалення ў пакаленне. Бацька Іван Васільевіч, вядомы ў рэгіёне разьбяр па дрэве, пераняў яго ад свайго бацькі і навучыў гэтай справе свайго сына Паўла. З шостага класа Павел удзельнічаў у выставах народнай творчасці. У 1968 г. атрымаў Ганаровую грамату за ўдзел у абласной выставе, дзе выстаўляліся яго работы «Белавежская пушча», «Алень на вадапоі», «Дзікі кабан» і інш. Карціна «Сустрэча» была на выставе дзіцячай творчасці ў Польшчы.

Мастацкую адукацыю Павел Лук атрымаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні скульптуры. Вучыўся ў А. Анікейчыка, А. Мурамцава, А. Арцімовіча. У 1987 г. абараніў дыплом з працай «Белавежская пушча». З 1987 па 1991 гг. стажыраваўся ў «Творчых акадэмiчных майстэрнях жывапiсу, графiкi i скульптуры».

П. І. Лук жыве ў Мінску, працуе ў манументальнай, станковай і мемарыяльнай скульптуры. Часта выкарыстоўвае любімы матэрыял — бронзу. У мастацкіх выставах пастаянна ўдзельнічае з 1986 г. Член ГА «Беларускі саюз мастакоў» з 1990 г.

У 1985 г. Павел Лук стварыў рэльеф помніка на магіле ахвяр фашызму ў в. Лескі Рэчыцкага сельсавета Камянецкага раёна, дзе пахаваны мірныя жыхары — ахвяры фашысцкага тэрору, расстраляныя 4 мая 1943 г. На чатырохвугольнай плоскай пліце створаны барэльефныя выявы твараў дзяцей, жанчын, старых, выбіты імёны загінуўшых.

Асноўныя творы: станковыя — «Беларуска» (1986), «Пушчы беларускія», «Язэп Драздовіч», «Кастусь Каліноўскі», «Францішак Багушэвіч» (усе 1988), «Апостал» (1989), «Эмілія Плятэр. 1831» (1996), «Меркурый» (1997), «Адам Міцкевіч» (1998), «Пане Каханку» (2000), «Зоў апошняга тура» (2001), «Янка Купала» (2002); манументальныя — «Дэметра» (2004), «Дрэва прыгожага беларускага пісьменства» (2006),

 «Самота» (2009), «Святы Хрыстафор» (2010), «Пакровы Прасвятой Багародзіцы», «Спас Нерукатворны» (абодва 2012), партрэт «Мацей Бурачок» (1988); медаль «Францыск Скарына» (1986).

П. І. Лук стварыў мемарыяльныя дошкі Тадэвушу Касцюшку (1999–2001), мастаку Паўлу Масленікаву (2004), А. Сысу, Віталію Цвірку (абедзве 2009), паэту Сяргею Грахоўскаму (2013). Выступіў у якасці рэстаўратара скульптуры Дэметры з Плутасам і Персефонай у сааўтарстве з Алесем Дранцом (чэрвень 2004 г.).

Для экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2011 г. Павел Лук стварыў скульптурныя рэканструкцыі польскага караля Ягайлы і вялікага князя ВКЛ Вітаўта. Мастак Юрый Піскун апрануў фігуры ў касцюмы той эпохі. Пазней твары скульптур расфарбавалі.

Аўтар скульптуры «Студэнт» («Студэнт эпохі Ф. Скарыны»), якую ўстанавілі ў 2013 г. каля Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта да 80-годдзя ўстановы. Бронзавы студэнт у адной руцэ трымае кнігу, а ў другой — старажытны світак, што сімвалізуе прыняцце ведаў ад пакалення старэйшага і перадачу іх праз свае працы патомкам. Як растлумачыў стваральнік помніка, у аснову пакладзены вобраз Францыска Скарыны — аднаго з самых вядомых студэнтаў Беларусі.

19 чэрвеня 2019 г. у Бараўлянах пад Мінскам адбылося адкрыццё скульптурнай групы ўрачам-анколагам, якое было прымеркавана да 60-годдзя РНПЦ анкалогіі і радыялогіі  імя М. М. Аляксандрава. Праца скульптара Паўла Лука «Скульптуры трох медыкаў» адлюстроўвае хіміятэрапеўта, хірурга і радыёлага, якія абмяркоўваюць дыягназ, сімвалізуючы камандны падыход да лячэння.

У Гродне на тэрыторыі храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы 26 мая 2024 г. адкрыты помнік мітрапаліту Філарэту. Скульптура мітрапаліта Філарэта выканана з бронзы, першы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы паказаны ў поўны рост з паднятай для блаславення рукой. За гэтую працу Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін узнагародзіў скульптура Паўла Лука медалём праведнай Сафіі Слуцкай І ступені.

Творы Паўла Лука знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, літаратурных музеях Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, К. Чорнага, фондах Беларускага саюза мастакоў і прыватных калекцыях.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Лук Павел Іванавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2014. Т. 5. С. 148.
  2. Лук Павел Иванович // Современное искусство Республики Беларусь : справочник персоналий / [составители: В. П. Прокопцова и др.]. Минск, 2018. С. 239.
  3. Лук Павел Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 33–34.
  4. Лук Павел Іванавіч // Янка Купала : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2018. Т. 2. С. 165.
  5. Лук Павел Іванавіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 325.
  6. Лук Павел Іванавіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум хроніка. Мінск, 1997. С. 510.
  7. Сучасная беларуская скульптура. ХХІ стагоддзе. – Мінск, 2012. – 360 с. : іл. – Са зместу: Лук Павел. С. 188–191.
  8. Сучасная беларуская скульпутра : альбом-каталог твораў рэспубліканскай выстаўкі «Беларуская скульптура 1984–2004 гадоў». – Мінск, 2007. – 190 с. : іл. – Са зместу: Лук П. І. С. 122, 123, 179, 186.
  9. Могила жертв фашизма : [д. Лески] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 230.
  10. Павел Лук // Мастацтва Беларусі. 1991. № 9. С. 12–13.
  11. Любімы занятак ветэрана // Ленінец. Камянец, 1971. 8 мая. С. 3.
  12. Юны ўмелец // Ленінец. Камянец, 1969. 1 сакавіка. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 69 разоў Апошняя змена Чацвер, 05 Сакавік 2026 10:44