Панядзелак, 09 Сакавік 2026 09:11

10 мая 2025 г. — 175 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Рыгоравіча Радзько (1850–1923), інжынера, начальніка Санкт-Пецярбургскага манетнага двара (1905–1912)

Аляксандр Рыгоравіч Радзько нарадзіўся 10 мая 1850 г. у Камянец-Літоўску Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер г. Камянец Брэсцкай вобласці). Яго бацькі Рыгор і Канстанцыя Радзько былі дваранамі, валодалі невялікім маёнткам у в. Алешкавічы, але пражывалі ў Камянцы. Аляксандр атрымаў добрую хатнюю адукацыю.

Здольнасці да дакладных навук прывялі яго ў прэстыжны Горны інстытут у Санкт-Пецярбургу, які на той час быў вядучай тэхнічнай ВНУ Расійскай імперыі. Аляксандр Радзько скончыў поўны курс у 1881 г. і быў зацверджаны ў званні інжынера. У тым жа годзе камандзіраваны на сталеліцейны завод для тэхнічных заняткаў у А. А. Ізноскава, рускага горнага інжынера, прадпрымальніка, выбітнага вынаходніка горнай справы.

У 1885 г. прыкамандзіраваны да Санкт-Пецярбургскага манетнага двара, якому належала цэнтральнае месца ў развіцці манетнай справы Расіі. З 1811 па 1918 гг. гэтым прадпрыемствам кіравалі выключна горныя інжынеры, выпускнікі Горнага інстытута. Праз два гады пасля свайго працаўладкавання на манетны двор А. Р. Радзько ўжо ўносіў вялікі ўклад у развіццё гэтага буйнога прадпрыемства. У 1887–1890 гг. ён апрацаваў адходы, якія змяшчалі золата і серабро, што прынесла больш за 100 тыс. руб. чыстага прыбытку, за што быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава ІІ і ІІІ ступені.

З 1901 па 1905 гг. А. Р. Радзько кіраваў манетнымі перадзеламі (цэхамі), на якіх выраблялася чаканка манет. Ён нёс адказнасць за якасць вырабляемай прадукцыі, таму яго ініцыялы — «А.Р.» — прастаўляліся на гуртах усіх залатых і сярэбраных расійскіх манет, як гарантыя таго, што проба металу і вага строга адпавядаюць дзяржаўнаму стандарту.

Матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне аднаго з самых буйных манетных двароў свету знаходзілася ў жаласным стане. Усе памяшканні былі вельмі цесныя, не ацяпляліся, не вентыляваліся і асвятляліся пальмавымі свечкамі. Работнікі амаль круглы год працавалі ў футрах і валёнках. Медзь, канфіскаваная з абарачэння, захоўвалася пад адкрытым небам у двары. Каналізацыя кепска пракладзена і ледзь працавала.

2 снежня 1905 г. А. Р. Радзько прызначаны кіраўніком манетнага двара. Атрымаўшы ў свае рукі велізарны механізм вытворчасці, ён ініцыяваў маштабныя перамены. Пачалася комплексная тэхнічная рэканструкцыя завода, значна палепшыліся стан вытворчасці і сацыяльна-бытавыя ўмовы працы манетчыкаў. З 1908 г. у цэхах меднага перадзелу пачалася ўстаноўка сучасных паравых катлоў і трубаправодаў, была пабудавана ўласная электрастанцыя.

У гады яго кіравання на манетны двор дапускаліся наведвальнікі для агляду працы асноўнай вытворчасці прадпрыемства. Адначасова А. Р. Радзько быў членам Камісіі па пабудове Траецкага маста цераз раку Няву ў Санкт-Пецярбургу (1897–1902), які з'яўляўся не толькі найбуйнейшым інжынерным збудаваннем (582 м), але і палітычным праектам свайго часу.

Нягледзячы на велізарны груз адказнасці на прадпрыемстве, А. Р. Радзько не забываў і сацыяльную дзейнасць. Ён стаў не толькі ганаровым даглядальнікам Камянец-Літоўскага 2-класнага сельскага вучылішча, але і заснаваў імянную стыпендыю Радзько. У народным вучылішчы было заснавана дзве стыпендыі: 1) у памеры 1000 руб. у памяць першага папячыцеля — свайго бацькі Рыгора Карповіча Радзько; 2) у памеры 500 руб. — у памяць заснавальніка г. Камянца-Літоўскага вялікага князя Валынскага Уладзіміра Васількавіча. Працэнты з капіталу імя Рыгора Радзько неабходна было выдаваць выкладчыку царкоўных спеваў, які абавязаны сфармаваць хор з выхаванцаў народных вучылішчаў. Міністр народнай асветы Расійскай імперыі А. М. Шварц зацвердзіў палажэнне аб гэтых стыпендыях у Камянец-Літоўску.

У лістападзе 1911 г. на манетным двары адбылася трагедыя — выбух газу, які пацягнуў смерць некалькіх рабочых. Як чалавек адказны, Аляксандр Рыгоравіч падаў у адстаўку, пакінуў пасаду ў ліпені 1912 г. Але нават пасля сыходу ён не парываў сувязі з прадпрыемствам, на якім прапрацаваў 27 гадоў. Падрыхтаваў фундаментальную працу «Материалы для истории С.-Петербургского монетного двора (1905–1912)» (1914). Гэта выданне, заснаванае на асабістых архівах і дакументах, утрымлівае шэраг цікавых звестак аб стане вытворчасці і ўмовах працы пецярбургскіх манетчыкаў у пачатку ХХ ст.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. заспела А. Р. Радзько ў Петраградзе. На той час ён з'яўляўся сапраўдным стацкім саветнікам, галосным гарадской думы і губернскага земскага сходу. Пасля рэвалюцыйных падзей вярнуўся на радзіму. На 1922 г. ён з жонкай Наталляй Іванаўнай пражываў у бацькоўскім маёнтку ў Алешкавічах Ратайчыцкай гміны Брэсцкага павета. Тут Аляксандр Рыгоравіч правёў свае апошнія гады, памёр 23 лістапада 1923 г. Яго магіла знаходзіцца ва ўсходняй частцы могілак. Побач пахаваныя яго бацька Рыгор Карпавіч Радзько (1818–1891), бабуля Канстанцыя Сямёнаўна Радзько (1763–1831). Трохі назад, на захад стаіць помнік з чорнага мармуру, пад ім пахаваныя дзядзька Ігнат Карпавіч Радзько і пляменік Аляксей Ігнатавіч.

У Свята-Сімяонаўскім храме г. Камянца знойдзена старая мармуровая дошка з надпісам: «Почётный блюститель Каменец-Литовского 2 кл. училища статский советник Александр Григорьевич Редько пожертвовал этому училищу стипендию в 1500 руб. на развитие церковно-хорового пения в Каменец-Литовске».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Рабцэвіч, В. Н. Манетныя двары Расійскай дзяржавы / В. Н. Рабцэвіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 405.
  2. Смирнов, М. И. Со знаком «С.П.Б.» : очерки истории Санкт-Петербургского Монетного двора. 1724–1994 / М. И. Смирнов. – Тольятти : АвтоВАЗбанк ; Современник, 1994. – 159 с.
  3. Орлов, А. П. Монеты России, 1700–1917 : каталог-справочник / А. П. Орлов. – Минск : Паблисити : Константин, 1994. – 254, [1] с.
  4. Рабцэвіч, В. Н. Ініцыялы службовых асоб манетных двароў Расійскай дзяржавы (1707–1917) : АР – Аляксандр Радзько (1901–05) / В. Н. Рабцэвіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 287.
  5. Редько, А. Г. Материалы для истории С.-Петербургского монетного двора : (1905–1912 г.) / собр. и изд. А. Г. Редько. – Санкт-Петербург : тип. И. Бораганского, 1914. – XXX, 322 с. : черт.
  6. Антончик, Е. Минцмейстер из Каменца : [биография А. Г. Редько] / Евгений Антончик // Навіны Камянеччыны. 2026. 28 лютага (№ 9). С. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 52 разоў Апошняя змена Панядзелак, 09 Сакавік 2026 09:21