На жаль, цяжка захварэў, таму атэстат аб яго заканчэнні «Николай Петрович Анцукевич, сын крестьянина, 27 лет от роду, вероисповедания православного» атрымаў толькі ў лютым 1919 г. За «сочинение» «История Турово-Пинского княжества» яму прысвоілі вучоную ступень кандыдата гістарычных навук.
Мікалай Пятровіч звыш 30 год аддаў педагогіцы, адначасова збіраў палескі фальклор і вёў культурна-асветніцкую дзейнасць. У 1920–1927 гг. працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Лунінецкай прыватнай рускай гімназіі, настаўнікам рускага рэальнага вучылішча. Калі ў кастрычніку 1921 г. Лунінец наведаў Прэзідэнт Міністраў (прэм’ер-міністр Польшчы) Антоній Панікоўскі, яго вітаў М. П. Анцукевіч ад імя калектыву «рэалкі». На жаль, шэраг сумных падзей прывялі да яе закрыцця. Сваёй самаадданай працай ён пакінуў дабратворны след у Лунінцы, дзе ў 1926 г. зрабіў пераклад літаратурнага помніка «Слова пра паход Ігараў» на сучасную рускую мову.
Пасля М. П. Анцукевіч працаваў у Стоўбцах, адкуль яго запрасілі ў Віленскую беларускую гімназію выкладчыкам латыні і адначасова — інспектарам па выхаваўчай рабоце. У 1936 г. стаў дырэктарам установы. Але за адстойванне права навучаць дзяцей на беларускай мове ў 1938 г. Мікалая Пятровіча перавялі ў г. Ломжа. У 1938 г. у Вільні выдаў свой пераклад «Слово о полку Игореве».
У пачатку Другой сусветнай вайны быў арыштаваны польскімі ўладамі разам з іншымі заложнікамі беларускага насельніцтва Віленшчыны. Па абвінавачванні ў знявазе нямецкай культуры акупацыйныя ўлады Мікалая Пятровіча звольнілі, толькі па шчаслівай выпадковасці ён пазбег арышту і канцлагера. З 1945 г. працаваў у Віленскім педагагічным інстытуце, а праз некаторы час — на кафедры рускай мовы ў Віленскім універсітэце. У 1950-я гг. сышоў на пенсію. У 1952 г. завяршыў работу над манаграфічным даследаваннем «Слово о полку Игореве», але яно засталося ў рукапісе.
Лунінец стаў для Мікалая Анцукевіча не толькі месцам працы. У 1922 г. ён ажаніўся з лунінецкай настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вольгай Васільеўнай Казюліч, нарадзіліся двое іх сыноў. Сын Алег Мікалаевіч пражываў у Вільнюсе, працаваў у Міністэрстве лясной гаспадаркі, меў ступень доктара сацыяльных навук. Яго намаганнямі манаграфія бацькі «Слово о полку Игореве» выйшла ў свет у Вільнюсе ў 1992 г.
У манаграфіі «Слово о полку Игореве» даследчык падвергнуў карэннаму перагляду традыцыі даследавання «Слова» па частцы палеаграфічнага, філалагічнага і гістарычнага тлумачэння помніка на аснове комплекснага яго вывучэння, у якім спалучаюцца гістарычны, палеаграфічны, літаратуразнаўчы, археаграфічны, тапаграфічны, феналагічны і іншыя падыходы. Вучоны імкнуўся захаваць рытмічны лад арыгінала твора і таму пераклад выканаў белымі (нерыфмаванымі) вершамі, якія да таго ж не парушаюць і паэтычную вобразнасць «Слова».
У аснове гэтай вобразнасці знаходзіцца язычніцкае вераванне ў тры стыхіі: атмасферную (вецер, бура), водную (вада, рэкі Дунай, Каяла, Дняпро) і касмічную (сонца; у іншых частках «Слова» называюцца таксама Месяц, Хорс). Ва ўяўленні нашых далёкіх продкаў стыхійныя сілы маглі выклікаць або зло, няшчасце, або дабро, шчасце. Яраслаўна абвінавачвае гэтыя стыхіі за жорсткае паражэнне войска Ігара ў палавецкіх стэпах, але, як хрысціянка, яна выказвае надзею на ўмяшанне Усявышняга і змену ў паводзінах стыхійных сіл. З тэксту «Слова» мы бачым, што яны сапраўды садзейнічалі паспяховым уцёкам Ігара з палавецкага палону, вяртанню яго на Радзіму. У адказ на гэта Ігар накіраваўся з пакаяннем у сямейны храм Багародзіцы Пірагошчавай. Мікалай Анцукевіч знайшоў у лексіконе беларускай мовы дастаткова сродкаў, каб дакладна перадаць хвалюючыя радкі арыгінала.
Адным з прыярытэтных напрамкаў Лунінецкай гімназіі імя М. П. Анцукевіча (імя нададзена 17 кастрычніка 2023 г.) з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць асобы М. П. Анцукевіча. З 2012 г. у гімназіі штогод праводзяцца гісторыка-філалагічныя чытанні памяці М. П. Анцукевіча. Юныя ўдзельнікі канферэнцыі рыхтуюць даклады на самыя розныя тэмы — ад невялікіх эсэ па гісторыі роднага краю да сур’ёзных філалагічных і літаратурных даследаванняў.
З чацвёртых «Чытанняў» склаліся дзве секцыі — гістарычная і філалагічная, якія адпавядаюць навуковым інтарэсам самога М. П. Анцукевіча. Сярод дакладчыкаў не толькі дзеці, але і дарослыя — настаўнікі, гісторыкі, краязнаўцы, свяшчэннікі. Неаднаразова «Чытанні» мелі статус міжнародных дзякуючы ўдзелу ў іх праграме госця з Вільні, унука вучонага — Мікалая Алегавіча Анцукевіча. Дзякуючы перакладу літаратурнага помніка, які зрабіў настаўнік, Лунінец адзначаны ў энцыклапедыях Беларусі, Літвы і Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Бушыла І. В., бібліёграф
- Чамярыцкі, В. А. «Слова аб паходзе Ігаравым» / В. А. Чамярыцкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 10–11.
- «Слова аб палку Ігаравым» // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 359–360.
- Конан, У. М. «Слова аб паходзе Ігаравым» / У. М. Конан // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2006. Т. 2. С. 538–539.
- Кароткая, Л. Л. «Слова аб палку Ігаравым» / Л. Л. Кароткая, В. А.Чамярыцкі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 81–82.
- Анцукевіч Мікалай Пятровіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 137.
- Анцукевич Н. П. Слово о полку Игореве : Перевод. Комментарий. Исследование : [концепция палеограф., филолог. и ист. толкования памятника] / Н. П. Анцукевич ; отв. ред. и авт. послесл. Н. К. Митропольская. – Вильнюс : [Пакарскас], 1992. – 284 с.
- Анцукевич, Н. П. Слово о полку Игореве : перевод на современный язык ритмической речью, с историческим введением, объяснениями и приложением текста / Н. П. Анцукевич. – Вильна, 1938.
- Канапацкая, Т. Перакладчык «Слова...» – на сцяжынках Якуба Коласа : [пра Мікалая Пятровіча Анцукевіча і яго сына Алега Мікалаевіча] / Таццяна Канапацкая // Каласавіны. Мінск, 2008. С. 130–133.
- Анцукевич, О. Н. Отличительные особенности труда Н. П. Анцукевича «Слово о полку Игореве» / Олег Анцукевич // Лунінецкая памяць : дадатак 2 / укл. Т. Канапацкая. Минск : В. Хурсік, 2007. С. 173–178.
- Анцукевіч, О. Н. Лунинчанка вдохновляла на творчество / Олег Анцукевич // Лунінецкая памяць : дадатак 2 / укл. Т. Канапацкая. Минск : В. Хурсік, 2007. С. 164–168.
- Петров, Н. Слово об исследователе «Слово о полку Игореве» / Николай Петров // Лунінецкая памяць : дадатак 2 / укл. Т. Канапацкая. Минск : В. Хурсік, 2007. С. 168–172.
- Булахаў, М. Невядомы пераклад «Слова…» / М. Булахаў // Лунінецкая памяць : дадатак 2 / укл. Т. Канапацкая. Минск : В. Хурсік, 2007. С. 178–180.
- Канапацкая, Т. Напачатку было «Слова...» : [пра гісторыка-філалагічныя чытанні памяці М. П. Анцукевіча ў Лунінцы] / Таццяна Канапацкая // Літаратура і мастацтва. 2024. 22 сакавіка (№ 11). С. 3.
- Берлеж, М. У Лунінецкай гімназіі з’явілася імя : [М. П. Анцукевіча] / Мікола Берлеж // Літаратура і мастацтва. 29 снежня (№ 52). С. 2.
- Канапацкая, Т. Лунінчанка натхняла на творчасць... : [пра вучонага М. П. Анцукевіча (1892–1971)] / Таццяна Канапацкая // Краязнаўчая газета. 2006. № 35. С. 6.
- Канапацкая, Т. На творчасць натхняла лунінчанка : [пра М. П. Анцукевіча (1892–1971)] / Таццяна Канапацкая // Лунiнецкiя навiны. 2006. 30 чэрвеня. С. 5.
- Петров, Н. Слово об иследователе «Слова о полку Игореве» / Николай Петров // Эхо Литвы. 1995. 19 января (№ 13).
- Булахаў, М. Невядомы пераклад «Слова…» / М. Булахаў // Літаратура і мастацтва. 1991. 22 сакавіка (№ 12).