Панядзелак, 23 Сакавік 2026 09:29

18 сакавіка 2026 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Валерыя Пятровіча Расафонава (1951), трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы вышэйшай катэгорыі ДУCУ «Драгічынская ДЮСШ»

Валерый Пятровіч Расафонаў нарадзіўся 18 сакавіка 1951 г. у г. Драгічыне Брэсцкай вобласці. Бацькі паходзілі з в. Стаўбун Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Бацька — Пётр Якаўлевіч Расафонаў — ваяваў на 2-м Беларускім фронце ў складзе 434-га стралковага палка 169-й стралковай Рагачоўскай Чырванасцяжнай дывізіі, узнагароджаны медалямі «За отвагу», «За взятие Кёнигсберга», «За взятие Берлина», «За победу над Германией».

У 1947 г. Расафонавы з чатырма дзецьмі пераехалі ў г. Драгічын, дзе нарадзіўся пяты сын — Валерый. Мацярынскі подзвіг Таісіі Васільеўны Расафонавай не застаўся без увагі — яна была ўзнагароджана медалём «Маці-гераіня» II ступені.

Любоў да спорту Валерыю прывіў у пачатковых класах настаўнік фізкультуры Мікалай Міхайлавіч Нікіцін, які быў вельмі моцным, гаспадарчым чалавекам і добрым педагогам. У 1962 г. Валерый Расафонаў пачаў займацца лёгкай атлетыкай у трэнера і першага дырэктара Драгічынскай ДЮСШ Генадзя Іванавіча Кавалеўскага.

Валерый стаў трохразовым пераможцам абласных спаборніцтваў у кіданні дыска, а на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў у г. Мінску заняў ІІ-е месца. За спартыўныя заслугі ён быў удастоены гонару стаць сцяганосцам зборнай каманды Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы падчас урачыстых шэсцяў у гонар Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 1969 г. Валерый Расафонаў скончыў сярэднюю школу № 2 г. Драгічына, за час навучання ў якой тры разы станавіўся сцяганосцам на святкаванні Дня Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, Дня салідарнасці працоўных і Дня Перамогі.

Паступіў у Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на факультэт фізічнага выхавання, які скончыў у 1973 г. У студэнцкія гады ён працягваў спартыўную кар’еру, станавіўся чэмпіёнам г. Брэста і вобласці ў кіданні дыска сярод студэнтаў і дарослых, а таксама з'яўляўся прызёрам рэспубліканскага чэмпіянату «Буравеснік». Выпускнік спартфака стаў трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы ў Драгічынскай ДЮСШ.

У 1974–1975 гг. служыў у Савецкай арміі, дзе працягваў актыўнае спартыўнае жыццё. На спаборніцтвах Беларускай ваеннай акругі заняў ІІ-е месца ў кіданні молата. Перад дэмабілізацыяй прайшоў курсы афіцэраў з прысваеннем звання лейтэнанта.

З 1975 па 1979 гг. В. П. Расафонаў з’яўляўся трэнерам Драгічынскай ДЮСШ. У 1977 г. ён ажаніўся, а ў 1979 г. пераехаў з сям'ёй у г. Брэст, у якім працаваў інструктарам па фізічнай падрыхтоўцы і майстрам участка на заводзе «Брэстсельмаш».

У 1985 г. вярнуўся ў Драгічынскую ДЮСШ, у якой адпрацаваў трэнерам 47 гадоў. Пераабсталяваў кацельню Драгічынскага райвыканкама ў спартзал «Асілак». Па выніках работы за 2011 г. і 2020 г. яму прысвоена званне «Чалавек года» Драгічынскага раёна. У 2015 г. быў занесены на Дошку гонару як пераможца спаборніцтваў за дасягненні ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, спорту па выніках 2014 г. У лістападзе 2025 г. міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь С. М. Кавальчук уручыў В. П. Расафонаву юбілейны медаль і нагрудны знак «За развіццё фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь».

У 2020 г. рашэннем Брэсцкага аблвыканкама за высокія спартыўныя вынікі Драгічынскую ДЮСШ перайменавалі ў дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву.

За час трэнерскай дзейнасці В. П. Рассафонаў падрыхтаваў 2 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, 10 майстроў спорту, 23 кандыдаты ў майстры спорту, а 57 яго выхаванцаў маюць першы разрад. Яго спартсмены ў кідальных відах спорту заваявалі 3 медалі свету, 9 медалёў Еўропы, 257 медалёў БССР і Рэспублікі Беларусь, 1155 медалёў абласных спаборніцтваў, а таксама паставілі два рэкорды краіны.

Лепшымі з іх з'яўляюцца кідальніцы молата: Ганна Малышчык (Зінчук) — шасціразовая чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка свету сярод студэнтаў, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра і Токіа; Анастасія Маслава — рэкардсменка Рэспублікі Беларусь, двухразовая прызёрка чэмпіянату Еўропы, пераможца чэмпіянату краін БРІКС, пераможца чэмпіянату Расіі, удзельніца Чэмпіянату свету і Алімпійскіх гульняў у Токіа; Кацярына Валадкевіч — прызёрка Чэмпіянату свету ў Кеніі, рэкардсменка Рэспублікі Беларусь; Кацярына Гражэўская — чэмпіёнка Сусветнай гімназіяды ў Марока.

Валерый Пятровіч мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і сёння працягвае сваю трэнерскую дзейнасць, таму, магчыма, у Драгічынскім раёне ўзыдуць новыя зоркі кідальнага спорту.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

  1. Родько, М. Юные атлеты показали характер / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2026. 28 лютага (№ 9). С. 14.
  2. Родько, М. Наставник чемпионов : [тренеру-преподавателю Дрогичинской районной детско-юношеской спортивной школы В. П. Рассафонову вручили юбилейную медаль и нагрудный знак «За развитие физической культуры и спорта в Республике Беларусь»] / Максим Родько // Драгічныскі веснік. 2025. 21 лістапада (№ 47). С. 6.
  3. Родько, М. Успешные старты ушедшего сезона / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2023. 13 студзеня (№ 2). С. 19.
  4. Родько, М. Юные надежды / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2023. 10 сакавіка (№ 10). С. 19.
  5. Куценко, О. Всю жизнь в спорте / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2020. 16 мая. С. 12–13.
  6. Рассафонов, А. День прошел под знаком легкой атлетики / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2019. 28 снежня. С. 12.
  7. Рассафонов, А. Несколько ступенек на пути к Олимпу / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2019. 7 жніўня. С. 7.
  8. Рассафонов, А. 10-й «А». Встреча через 50 лет / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2019. 26 чэрвеня. С. 6.
  9. Куценко, О. Подрастающее поколение спортсменов «завоевало» область / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2018. 29 верасня. С. 13.
  10. Куценко, О. Как писалась спортивная история района / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2018. 8 верасня. С. 15.
  11. Рассафонов, А. Первые в спорте высших достижений / А. Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2018. 14 сакавіка. С. 2.
  12. Куценко, О. На пути к олимпийским вершинам / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2018.17 лютага. С. 12.
  13. Куценко, О. Мы выбираем спорт! / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 9 жніўня. С. 3.
  14. Наумовец, А. Медали куются молотом / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2017. 8 ліпеня. С. 2.
  15. Наумовец, А. Мечты сбываются / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 2 ліпеня. С. 2.
  16. Наумовец, А. Успешные легкоатлеты / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 15 чэрвеня. С. 3.
  17. Наумовец, А. К победам ведут удача и труд / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 21 мая. С. 4.
  18. Наумовец, А. Медальный урожай / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2013. 14 верасня. – С 2.
  19. Наумовец, А. Их дорога к Олимпу / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2013. 28 жніўня. С 3.
  20. Голета, А. О, спорт, ты – жизнь! / Анна Голета // Драгічынскі веснік. 2013. 18 мая. С 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 187 разоў