Пятніца, 17 Красавік 2026 09:58

25 снежня 2022 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Мікалая Рыгоравіча Макарава (1917–1974), ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза (1945)

Мікалай Рыгоравіч Макараў нарадзіўся 25 снежня 1917 г. у сяле Соф’іна ў сялянскай сям’і, у 1928 г. сям’я пераехала ў г. Сярдобск Саратаўскай губерні (цяпер Пензенскай вобласці). Закончыў 7 класаў (1933) і ветэрынарны тэхнікум (1937), працаваў заатэхнікам. У 1937 г. прызваны ў Чырвоную армію.

У 1940 г. закончыў Энгельскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча ў Саратаўскай вобласці. Служыў лётчыкам у 66-м авіяцыйным штурмавым палку 15-й змешанай авіяцыйнай дывізіі 6-й арміі Кіеўскай асобай ваеннай акругі, дзе яго застала Вялікая Айчыннай вайна. На ўзбраенні палка было 58 самалётаў, але ў першы дзень вайны 36 з іх былі знішчаны авіяцыяй захопнікаў. Большасць лётчыкаў засталіся без тэхнікі і былі адпраўлены ў тыл. Больш года Мікалай Макараў правёў у запасным палку, за гэты час засвоіў палёты на штурмавіку ІЛ-2.

У канцы 1942 г. яго перавялі на Варонежскі фронт, дзе першыя ж вылеты былі рэзультатыўнымі: знішчыў нямала танкаў, аўтамашын і жывой сілы ворага. У 1943 г. граміў ворага ў Варонежскай і Харкаўскай аперацыях. У 1943–1944 гг. выконваў разведвальныя палёты над Віцебскам, вызваляў Полацк. У кастрычніку 1944 г. яго самалёт быў пашкоджаны агнём зеніткі, лётчыку давялося катапульціравацца. Ваяваў на Кёнігсбергскім напрамку.

Маёр М. Р. Макараў – камандзір эскадрыллі 826-га штурмавога авіяцыйнага палка 335-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі 3-й паветранай арміі. Да сакавіка 1945 г. здзейсніў 115 баявых вылетаў на штурмоўку скопленай баявой тэхнікі і жывой сілы праціўніка, а таксама яго транспартных магістраляў. Правёў 15 паветраных баёў. На яго ліку 18 знішчаных танкаў, 90 аўтамашын, 80 павозак, 15 палявых гармат, 6 складоў боепрыпасаў, 500 салдат і афіцэраў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 г. маёру М. Р. Макараву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Пасля вайны служыў у розных ваенных акругах. У 1949 г. закончыў вышэйшыя афіцэрскія курсы, назначаны намеснікам камандзіра авіяпалка ў складзе Групы савецкіх войск у Германіі. Затым палкоўнік М. Р. Макараў камандаваў авіяпалком у Беларускай ваеннай акрузе. У 1957 г. выйшаў у адстаўку, з 1958 г. жыў у г. Брэсце, працаваў на пасадзе старшыні гарадскога камітэта ДТСААФ.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1945), ордэнамі Аляксандра Неўскага (1944), Айчыннай вайны І ступені (1943), Чырвонай Зоркі (1956), медалямі «За боевые заслуги» (1947) і інш.

М. Р. Макараў памёр 15 мая 1974 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. У г. Сярдобску імем героя названа вуліца, на доме 5/17 устаноўлена мемарыяльная дошка. На будынку Сярдобскага сельскагаспадарчага тэхнікума (вул. Куйбышава, 58), дзе ў 1933–1937 гг. вучыўся герой, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. Макаров Николай Григорьевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 282.
  2. Зинович, С. А. Макаров Николай Григорьевич / С. А. Зинович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 58.
  3. Макаров Николай Григорьевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 16.
  4. Макаров Николай Григорьевич // Навечно в сердце народном. – 2-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 284.
  5. Макаров Николай Григорьевич // Навечно в памяти потомков : пензенцы – Герои Советского Союза и кавалеры ордена Славы трех степеней. – Пенза, 2010. С. 82.
  6. Полубояров, М. С. Макаров Николай Григорьевич / М. С. Полубояров // Пензенская энциклопедия. Москва, 2001.
  7. Гарнизонное кладбище : могила Макарова Николая Григорьевича : [г. Брест] / А. С. Борисовец и др. // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 60.
  8. Хлюпин, В. И. Сыны России : [о Героях Советского Союза – уроженцах Пензенской области] / В. И. Хлюпин. – Москва, 1985. – 240 с.
  9. Анищенков, П. С. Третья воздушная / П. С. Анищенков, В. Е. Шуринов. – Москва : Воениздат, 1984. – 192 с. – Из содерж.: [Макаров Н. Г.]. С. 108, 145.
  10. Дриго, С. В. За подвигом – подвиг / С. В. Дриго. – 2-е изд, доп. – Калининград : Книжное издательство, 1984. – 358 с. – Из содерж.: [Макаров Н. Г.]. С. 301–301.
  11. Тельбух, О. Взлетная полоса / О. Тельбух // Герои и подвиги. Саратов, 1976. [Кн. 3]. С. 179–186.
  12. Авдонина, О. Мастер штурмовых ударов : [Н. Г. Макаров] / О. Авдонина // Любимая газета. Сердобск, 2014. 21 мая. С. 7.
  13. Маркин, Н. Отважный летчик : [Н. Г. Макаров] / Н. Маркин // Ленинский путь. Сердобск, 1986. 9 января.
  14. Коган, И. Чтим память сердобчанина : [Н. Г. Макаров] / И. Коган // Ленинский путь. Сердобск, 1985. 16 февраля.
  15. Кириллов, М. Герои не умирают : [Н. Г. Макаров] / М. Кириллов // Молодой ленинец. 1979. 22 сентября ; 1981. 16 июля.
  16. Тельбух, О. Взлетная полоса : [Н. Г. Макаров] / О. Тельбух // Пензенская правда. 1976. 6 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў Апошняя змена Пятніца, 17 Красавік 2026 10:07