Аўторак, 02 Чэрвень 2026 16:42

15 студзеня 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Фёдаравіча Макухі (1923–2001), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, самадзейнага скульптара

Васіль Фёдаравіч Макуха нарадзіўся 15 студзеня 1923 г. у сяле Рачкі Чудноўскага раёна Жытомірскай вобласці Украінскай ССР. Бацька быў з в. Вулька Папінская Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці), маці паходзіла з Жабінкі.

У 1914 г. сям'я разам з іншымі бежанцамі Першай сусветнай вайны апынулася ў Жытомірскім павеце Валынскай губерні. Пазней бацька знайшоў працу на будаўніцтве Туркестана-Сібірскай чыгункі і сям’я, у якой было шасцёра дзяцей, пераехала ў сяло Белыя Воды пад г. Чымкентам (Туркестан). Там яны засталіся надоўга, там іх заспела Вялікая Айчынная вайна.

У 1941 г. Васіль Макуха быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў Ашхабадскае пяхотнае вучылішча. Прайшоўшы паскораны курс навучання, атрымаў званне лейтэнанта і быў накіраваны на фронт у якасці камандзіра ўзвода марской пяхоты ў 105-ы полк Азоўскай ваеннай флатыліі (па іншых дадзеных, у 115-ы полк Каспійскай ваеннай флатыліі). Баявое хрышчэнне маладога лейтэнанта адбылося гарачым летам 1942 г., калі 255-я марская стралковая брыгада, сфарміраваная з маракоў Чарнаморскага флоту, у складзе 47-арміі прымала ўдзел у баях па абароне Наварасійска. У адным з такіх баёў Васіль Макуха атрымаў цяжкае раненне ў нагу, лячыўся ў шпіталях амаль паўгода, вярнуўся ў свае падраздзяленне.

У 1945 г. скончыў курсы вышэйшага камсаставу і некаторы час служыў па ахове парадку ў лагерах для нямецкіх ваеннапалонных. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1966), Айчынай вайны І ступені (1985), медалямі. У лютым 1946 г. дэмабілізаваўся, прыехаў у Драгічын, куды ўжо пераехалі яго бацькі. Уладкаваўся ў школу ваенруком, але лёс вызначыў яму іншае прызначэнне на гэтым свеце.

У 1950-я гг. Васіль Макуха кіраваў гуртком мастацкай творчасці пры Драгічынскім раённым Доме культуры. Пачаў ляпіць фігуркі з гіпсу, гліны і іншых матэрыялаў. Маментальна авалодаў майстэрствам, якое многія напрацоўвалі гадамі. Ён як быццам быў народжаны для такой справы. Добрая слава аб яго залатых руках разляцелася далёка за межы раёна. У 1952 г. на Пінскай абласной мастацкай выставе майстар быў узнагароджаны дыпломам I ступені і граматай абласнога савета прафсаюзаў за стварэнне барэльефа У. І. Леніна.

Работы майстра ў 1953 г. удзельнічаюць у рэспубліканскай выставе, прысвечанай дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. Скульптура «Багацце», якая адлюстравала калгасную вёску, поспехі, дасягнутыя ў сельскай гаспадарцы за гады Савецкай улады, была адзначана падзякай Рэспубліканскага Дома народнай творчасці і набыта Пінскім краязнаўчым музеем. У 1950-я гг. стварыў скульптурны партрэт першага ў Драгічынскім раёне Героя Сацыялістычнай Працы Сцепаніды Філіпаўны Ільючык.

У другой палове 1950-х – пачатку 1960-х гг. майстар знаходзіцца ў самым росквіце творчых сіл і плённа працуе, дамагаючыся поспеху і прызнання на рэспубліканскім і нават на ўсесаюзным узроўні. У шэрагу яго выбітных тварэнняў гэтага часу — серыя работ Купалаўскага цыклу. Выканаў серыю партрэтаў народнага паэта БССР Янкі Купалы і кампазіцыі на тэмы з жыцця творцы: барэльеф (1955), бюсты (1958 і 1959), кампазіцыя «Янка Купала з піянерамі» (1959).

У гэты ж перыяд сваёй творчасці В. Ф. Макуха стварае цэлы шэраг скульптурных малюнкаў дзеячаў культуры і мастацтва: Максім Горкі, Пётр Чайкоўскі, Аляксандр Блок, Тарас Шаўчэнка і інш. Пра творчасць драгічынскага скульптара быў зняты кіначасопіс (1963), які дэманстраваўся ва ўсіх кінатэатрах краіны перад паказам мастацкіх фільмаў.

У 1960–1970-х гг. з'яўляецца дыпламантам шматлікіх конкурсаў і выстаў, у тым ліку і міжнародных. У 1968 г. яго скульптурная праца «Бетховен» прадстаўляла мастацтва нашай рэспублікі на выставе ў Аўстрыі. Васіль Фёдаравіч сур'ёзна захапіўся стварэннем манументальных твораў, якія былі прысвечаны памяці аб героях і ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі ўстаноўлены ў населеных пунктах Драгічынскага раёна: Зарэчка, Брашэвічы, Заверша, Заплессе, Гутава і інш. На працягу многіх гадоў ён быў адзіным скульптарам у раёне такога маштабу.

У 1970-я гг. многія перыядычныя выданні рэспубліканскага і ўсесаюзнага значэння пісалі пра творчыя знаходкі і самабытным скульптурным почырку майстра, які таксама славіўся як выключна таленавіты майстар разьбы па дрэве.

В. Ф. Макуха — самабытны драгічынскі скульптар у галіне станковай і манументальнай скульптуры, разьбы па дрэве і тэхніцы мініяцюр. З'яўляўся прызёрам многіх рэспубліканскіх і саюзных выстаў. Яго скульптурнымі працамі захапляўся П. М. Машэраў. Усяго па каталогах і даведніках праходзяць амаль 200 арыгінальных скульптурных работ, створаных нашым знакамітым земляком. Дзякуючы яму з'явіліся помнікі загінуўшым савецкім воінам, ахвярам фашызму, загінулым воінам, партызанам, аднавяскоўцам, якія да гэтага часу ствараюць непаўторнае аблічча Драгічынскага раёна.

Васіль Фёдаравіч Макуха пайшоў з жыцця ў 2001 г.

У Драгічынскім ваенна-гістарычным музеі імя Д. К. Удовікава захоўваюцца тры скульптуры В. Ф. Макухі — «В. З. Корж», «Дан приказ ему на запад» і «Девушка», а таксама фатаграфіі, пісьмы, граматы і дыпломы як актыўнага ўдзельніка выстаў народнай творчасці.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

  1. Леонова, А. К. Народная деревянная скульптура Белоруссии : [есть сведения о В. Ф. Макухе] / А. К. Леонова. – Минск : Наука и техника, 1977. – 102 с.
  2. Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 1997. 572 с.
  3. Дрогичинский район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 159–176.
  4. Драгічынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 140–156.
  5. Кузьмин, С. Творческое наследие самобытного скульптора : [о В. Ф. Макухе] / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2023. 27 студзеня. С. 18–19.
  6. Кузьмин, С. Полотно жизни Геннадия Пясецкого : [Геннадий Степанович Пясецкий – скульптор, член Союза художников БССР, ученик В. Ф. Макухи] / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2022. 22 ліпеня (№ 29). С. 20–21.
  7. Кузьмин, С. Кто автор? : [о творчестве В. Ф. Макухи] / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2021. 26 лістапада. С. 18–19.
  8. Кузьмин, С. Скульптор Макуха: забытая слава / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2021. 4 чэрвеня (№ 22). С. 22–23 ; 11 чэрвеня (№ 23). С. 22–23 ; 18 чэрвеня (№ 24). С. 22–23.
  9. Шафран, Г. Шлях таленавітага творцы: ад людскога прызнання – да забыцця : [о скульпторе В. Ф. Макухе] / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2001. 10 лютага. С. 2, 4.
  10. Кастравецкі, У. Скульптар з Драгічына : [В. Ф. Макуха] / У. Кастпвецкі // Звязда. 1982. 30 красавіка.
  11. Ятвяжский, В. Жажда поиска : [о скульпторе В. Ф. Макухе] / В. Ятвяжсмкий // Заря. 1982. 5 февраля.
  12. Новік, М. Народныя ўмельцы : [В. Ф. Макуха] / М. Новік // Запаветы Леніна. Драгічын, 1970. 27 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 11 разоў