Чацвер, 11 Чэрвень 2026 10:21

2 студзеня 2025 г. — 195 гадоў з дня нараджэння Тодара Мінкава (1830–1906), балгарскага і расійскага педагога і асветніка

Тодар Мінкаў нарадзіўся 2 студзеня 1830 г. на ўскраіне Асманскай імперыі ў г. Рушчук, цяпер гэта г. Русе ў Балгарыі. Яго продкі па бацькоўскай і мацярынскай лініях паходзілі з невялікага, але заможнага балгарскага сяла Арбанасі, размешчанага недалёка ад г. Вяліка-Тырнава. Прыкладна ў 1760 г. яны перасяліліся ў г. Рушчук.

Там у сям'і гандляра Ніколы Георгіева і яго жонкі Кiрыяк, народжанай Пеневай, і ўбачыў свет будучы асветнік. Яго бацька жыў адным домам са старэйшым братам сваёй жонкі, паспяховым русенскім гандляром Тодарам Мінкавым, чалавекам уплывовым і шырока адукаваным, але ўладным і жорсткім, чые рашэнні ў сям'і выконваліся беспярэчна. Па яго патрабаванні хлопчык атрымаў імя і прозвішча ў яго гонар, дзядзька цалкам узяў на сябе клопат аб выхаванні пляменніка.

У 1836 г. Тодар паступіў у пачатковую школу, а затым быў адпраўлены дзядзькам у Вену для атрымання гімназічнай адукацыі. Пасля заканчэння аўстрыйскай гімназіі юнак паступіў у Дрэздэнскі політэхнічны інстытут, паралельна праходзячы практыку на чыгунках Саксоніі. У Дрэздэне ён завёў прыяцельства з многімі рускімі студэнтамі, у дасканаласці асвоіў рускую мову (акрамя таго, валодаў грэцкай, турэцкай і нямецкай), запоем чытаў Пушкіна і Гогаля. Менавіта там зарадзілася сімпатыя да Расіі, якая вызначыла ў далейшым яго лёс.

З пачаткам Крымскай вайны (1853–1856) 24-гадовы студэнт, атрымаўшы благаславенне дзядзькі, запісаўся ў балгарскі добраахвотніцкі батальён, стаўшы адным з 4028 балгарскіх удзельнікаў, якія змагаліся ў складзе Рускай арміі. У баях ён атрымаў кулявое раненне ў левую нагу, пасля чаго яго перавялі на пасаду другога ад'ютанта галоўнакамандуючага Паўднёвай арміяй генерала ад артылерыі князя Міхаіла Дзмітрыевіча Гарчакова (1793–1861). Па заканчэнні вайны Тодар Мінкаў збіраўся застацца ў Расіі, тым больш што балгарскім добраахвотнікам было прадастаўлена такое права, але па радзе князя Гарчакова вярнуўся ў Дрэздэн — заканчваць вучобу ў інстытуце. Толькі атрымаўшы ў 1861 г. дыплом, Мінкаў пры дапамозе рускага консула ў Дрэздэне канчаткова перабраўся ў Расію.

У 1862 г. міністр народнай асветы Расіі А. В. Галаўнін аддаў загад папячыцелю Адэскай навучальнай акругі А. А. Арцімовічу аб стварэнні ў Мікалаеве пансіёна для выхадцаў з Балкан. У 1863 г. пасаду малодшага наглядчыка ў гэтым пансіёне атрымаў Тодар Мінкаў, якога ў Расіі сталі называць Фёдарам Мікалаевічам. У Мікалаеве ён хутка стаў агульным улюбёнцам дзякуючы выразнай знешнасці, выдатным манерам і славе севастопальскага героя.

У 1866 г. пансіён быў зачынены па прычыне немэтазгоднасці яго дзейнасці, аднак Тодар Мінкаў прыклаў шмат намаганняў для таго, каб адрадзіць пансіён ў абліччы прыватнай навучальнай установы і сустрэў падтрымку ў асобе вядомых славянафілаў.

10 лютага 1867 г. быў атрыманы найвышэйшы дазвол на аднаўленне пансіёна ўжо ў абліччы прыватнай навучальнай установы, уладальнікам якой стаў выдатны педагог і асветнік. Новы Паўднёваславянскі пансіён адкрыўся 1 сакавіка 1867 г., на момант гэтай падзеі ў ім налічвалася ўсяго 15 выхаванцаў, але колькасць навучэнцаў ўзрастала з кожным годам. Пансіён стаў унікальнай навучальнай установай не толькі для Расіі, але і для ўсёй Еўропы. Менавіта там дзеці і падлеткі-выхадцы з паўднёваславянскіх правінцый Асманскай імперыі маглі атрымаць у поўным сэнсе слова нацыянальнае выхаванне і выдатную адукацыю.

Дакладная колькасць навучэнцаў, якія выйшлі з Мікалаеўскага Паўднёваславянскага пансіёна, невядома. Па розных дадзеных, яна вагаецца ад 400 да 800 чалавек. Многія з гэтых людзей затым ўпісалі свае імёны ў гісторыю Балгарыі. Паўднёваславянскі пансіён стаў «кузняй кадраў». Яго ролю ў гісторыі Балгарыі можна параўнаць з роляй Царскасельскага ліцэя ў гісторыі Расіі. 30 жніўня 1886 г. Тодар Мінкаў атрымаў роўны генерал-маёру чын сапраўднага стацкага саветніка, стаўшы такім чынам нашчадкавым дваранінам Расійскай Імперыі.

Педагагічная дзейнасць Фёдара Мікалаевіча Мінкава была высока ацэненая ў Расійскай імперыі. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Святога Станіслава 3-й (1866), 2-й і 1-й (1890) ступеняў, Святой Ганны 3-й, 2-й (1881) і 1-й (1906) ступеняў, Святога Уладзіміра 3-й ступені (1883). Асветнік быў адзначаны таксама чарнагорскім ордэнам Князя Данілы i 2-й ступені (1871) і балгарскімі ордэнамі «Святой Александр» 3-й ступені (1883) і «За гражданские заслуги» 1-й ступені (1896), медалямі ў памяць вайны 1853–1856 гг., у памяць валадарання Аляксандра III і каранацыі Мікалая II, балгарскім сярэбраным медалём «За заслуги».

У 1892 г. Мікалаеўскі пансіён, які страціў да таго часу фінансавую падтрымку, спыніў існаванне. Фёдар Мікалаевіч вырашыў пераехаць з другой жонкай Лізаветай Міхайлаўнай, народжанай Хаблоўскай, і дзецьмі ў Беларусь, дзе пасяліўся ў невялікім маёнтку Равіны Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (з 1960-х гг. вёска Сірэнеўка Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці). Тут яму было наканавана правесці 14 гадоў. Ён адкрыў невялікі прыватны пансіён — рыхтаваў беларускіх падлеткаў для паступлення ў кадэцкія вучылішчы. Адначасова займаў пасаду ганаровага міравога суддзі Кобрына-Пружанскай акругі.

Тодар Мінкаў пайшоў з жыцця 15 сакавіка 1906 г., пахаваны на старых могілках у г. Драгічыне. У хуткім часе пансіён у Равінах быў зачынены. У час Першай сусветнай вайны, калі Заходняя Беларусь была акупіравана немцамі, велізарны архіў Тодара Мінкава загінуў. У родным г. Русе імя асветніка атрымала адна з вуліц, у Сафіі — школа. У Драгічыне яго магіла і помнік захаваліся да нашага часу.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,

сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы

  1. Бондаренко, В. В. Во имя памяти святой... : Первая мировая война на белорусской земле : [упоминается Тодор Минков] / Вячеслав Бондаренко. – Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014. – 109, [2] с. – (История для школьников).
  2. Ковалева, О. Ф. Очерки истории культуры Южного Прибужья : (От истоков до начала XX в.) : [Моногр. в 3 кн.] / О. Ф. Ковалева, В. П. Чистов ; М-во образования и науки Украины. Одес. гос. ун-т им. И. И. Мечникова, Николаев. учеб.-науч. центр. – Николаев : Тетра. 2000. – 235 с.
  3. Генчев, Н. Българска възрожденска интелигенция = Болгарская интеллигенция эпохи Возрождения / Николай Генчев. – София : Унив. изд-во «Св. Климент Охридски», 1991. – 408 с.
  4. Балканские исследования. Культура народов Балкан в новое время / Ред. кол. : Г. Л. Арш (отв. ред.) и др. – Москва : Наука, 1980. – 277 с.
  5. Тодоров, С. Тодор Николаевич Минков. 1830– Живот. Дейност. Заслуги / С. Тодоров. – София, 1970.
  6. Дертлиева, А. Внукът на Тодор Минков разказва / А. Дертлиева // Летописи. Издание на Съюза на българските писатели. Вып. 1–6. София, 1997. С. 111.
  7. Drohitchin memorial (Yizkor) book. 500 years of Jewish life (Drohitczyn, Belarus) [Выяўленчы матэрыял] / editor: Florence – New York : JewishGen, 2014. – 715 с.
  8. Кузьмин, С. Тодор Минков – яркий след на дрогичинской земле / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2026. 28 сакавіка (№ 13). С. 20 ; 4 красавіка (№ 14). С. 22.
  9. Кузьмин, С. «Пани Минькова» : [о внучке Тодора Минкова Ксении Павловне Минковой (Волосевич)] / Сергей Кузьмин // Драгічынскі веснік. 2022. 12 жніўня (№ 32). С. 20–21.
  10. Куценко, О. Национальный герой Болгарии, знакомый Ленина и знаменитость Средневековья : [кто из известных людей похоронен на Дрогичинщине] / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2021. 24 снежня (№ 51). С. 18.
  11. Александров, Н. Корни и крона Красного двора : [история имения Красный Двор и его владельцев, теперь в черте г. Бреста; упоминается Федор Николаевич Минков] / Николай Александров // Брестский вестник. 2019. 29 августа. С. 14.
  12. Глазов, В. Генерал Тодор Минков воспитывал болгарских патриотов под Дрогичином / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 14 августа (№ 33). С. 20.
  13. Гранік, С. Апошні прытулак Тадора Мінкава / Сяргей Гранік // Літаратура і мастацтва. 2012. № 46. С. 23.
  14. Граник, С. Посетили могилу Минкова / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2012. 28 лістапада. С. 2.
  15. Хаджиниколова, Е. Южнославянският пансион в град Николаев през Възраждането / Е. Хаджиниколова // Исторически преглед. 1975. № 1. С. 61.
  16. Георгиева-Лазарова, М. Тодор Николаевич Минков и неговият южнославянски пансион / М. Георгиева-Лазарова, В. Резачев // Народна просвета. 1965. № 8. С. 84.
  17. Лазарова, М. Учителят и възпитателят – Тодор Н. Минков. По случай 135 годишнината от рождението му / М. Лазарова // История и география. София, 1965. С. 8.
  18. Попов, Н. А. Славянский пансион в Николаеве / Н. А. Попов // Московские Университетские известия. 1870. № 9. С. 23.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў