Серада, 24 Чэрвень 2026 09:29

8 студзеня 2024 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Барыса Аляксеевіча Маслава (1904—1952), ваеннага ўрача, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны

Барыс Аляксеевіч Маслаў нарадзіўся 8 студзеня 1904 г. у г. Санкт-Пецярбургу ў сям’і служачага міністэрства фінансаў. Вучыўся ў камерцыйным вучылішчы. У 1918 г. сям’я пераехала ў Маскву ў сувязі з пераводам міністэрства ў новую сталіцу. У 1920 г. Барыс атрымаў сярэднюю адукацыю, пасля чаго закончыў девяцімесячныя ваенна-санітарныя курсы ў г. Уфе і пачаў працаваць фельчарам.

У 1923—1927 гг. Барыс Маслаў вучыўся ва Уфімскім фельчарска-акушэрскім тэхнікуме, у 1928—1932 гг. — на лячэбна-прафілактычным факультэце Другога медыцынскага інстытута ў Ленінградзе. Працаваў урачом, санінспектарам. У 1934 г. прызваны ў Чырвоную армію, служыў урачом, начальнікам шпіталя. У 1938 г. удзельнічаў у баявых дзеяннях на возеры Хасан, яго шпіталь прымаў раненых байцоў. У перыяд Савецка-фінляндскай вайны паспяхова працаваў на фронце, ратаваў жыццё хворым і раненым байцам і камандзірам.

У сакавіку 1941 г. ваенурач ІІ рангу Б. А. Маслаў назначаны начальнікам Брэсцкага ваеннага шпіталя № 2396, які месціўся на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Шпіталь на 300 ложкаў налічваў 11 лячэбных аддзяленняў, меліся паліклініка, прыёмны пакой, лабараторыя, аптэка, віварый, бібліятэка. Па штату налічвалася 196 чалавек. Быў свой транспарт (3 аўтамабіля, 10 коней), добрая падсобная гаспадарка: 19 кароў, 14 свіней, цяпліца, агарод, адкуль хворыя атрымлівалі свежае малако, мяса, гародніну.

17 чэрвеня Б. А. Маслаў атрымаў загад аб перадыслакацыі шпіталя ў г. Лунінец Пінскай вобласці, прадугледжвалася падаць цягнік 28 чэрвеня. 20 чэрвеня большасць хворых была адпраўлена ў г. Пінск, іншыя выпісаны ў свае часці. Вялікая Айчынная вайна застала Б. А. Маслава ў шпіталі, ён укрываў хворых і раненых (каля 50 чалавек) у былым парахавым склепе, рабіў аперацыі новым раненым байцам. З першых гадзін вайны ўрачы і медсёстры выносілі з палаючых будынкаў байцоў, эвакуіравалі раненых, аказвалі першую медыцынскую дапамогу проста на полі бою.

24 чэрвеня ваенныя з склепа былі схоплены немцамі і накіраваны ў лагер ваеннапалонных у Бяла-Падлясцы. Тут Б. А. Маслаў таксама аказваў дапамогу параненым. Пазней доктар пераведзены ў лагер у Паўднёвым гарадку Брэста, дзе ўзначаліў хірургічны рэвір. Дапамагаў уцекачам, а 3 снежня і сам збег з лагера. Уцекачы знайшлі прытулак на хутары Рачкі Жабінкаўскага раёна ў доме селяніна Міхаіла Сямёнавіча Козела. У сакавіку 1942 г. з сям’ёй пераехаў у г. Любяшоў Валынскай вобласці, дзе пад чужым імем адкрыў прыватную практыку.

У чэрвені 1943 г. разам з жонкай Таццянай Маркаўнай і чатырнаццацігадовай дачкой Алай пайшоў у партызаны, узначаліў санчасць атрада імя Б. Хмяльніцкага Ровенскай вобласці. У лютым 1944 г. партызанскі атрад злучыўся з часцямі Чырвонай арміі. Маёр медыцынскай службы загадваў палявым шпіталем № 2514 13-й арміі І Украінскага фронту.

Пасля вайны жыў і працаваў у г. Станіславе (Івана-Франкоўск), узначальваў ваенны шпіталь № 2347. Узнагароджаны медалямі «За боевые заслуги», «Партизану Отечественной войны» I ступені, «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941—1945 гг.». Верай і праўдай служыў Радзіме, не мог абыякава глядзець на недахопы ў працы і паводзінах людзей, таму нажыў недабразычліўцаў. У 1948 г. па стане здароўя звольнены ў запас. Але неўзабаве па подламу даносу быў арыштаваны і «антисоветскую агитацию» Ваенным Трыбуналам прыгавораны да 20 гадоў лагераў.

Ваенурач Б. А. Маслаў і ў лагеры № 1 «Черногорскстроя МВД СССР» у Краснаярскім краі захоўваў вернасць урачэбнаму абавязку. Барыс Аляксеевіч валодаў незалежным і цвёрдым характарам, адстойваў інтарэсы не толькі свае, але хворых зняволеных, не дапускаў паслабленняў зняволеным, не вызваляў сімулянтаў ад працы. Знарок пра яго распаўсюджвалі паскудныя плёткі, быццам ён здраднік, лячыў раненых немцаў, а ў партызанскі атрад прабраўся падманам. У выніку Б. А. Маслаў на абходзе быў забіты крымінальнікам 7 сакавіка 1952 г.

Пра Б. А. Маслава сабіраў звесткі і клапаціўся аб яго рэабілітацыі пісьменнік С. С. Смірноў. 16 красавіка 1964 г. пастановай Ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда СССР прыгавор быў адменены «за отсутствием состава преступления». Шмат гора выпала на долю Барыса Аляксеевіча, але захапляе яго адданасць сваім духоўным перакананням, сумленню і ўрачэбнаму абавязку. Вобраз Барыса Маслава паказаны ў мастацкім фільме «Брестская крепость» (2010), дзе яго сыграў акцёр Аляксандр Сірын. Рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў № 119 ад 7 ліпеня 2020 г. адна з новых вуліц г. Брэста названа ў гонар ваенурача Б. А. Маслава.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., загадчык сектара рэгіянальнай бiблiяграфii

  1. Смирнов, С. С. Солдаты жизни : [о брестском хирурге С. Т. Ильине и военвраче Б. А. Маслове] / С. С. Смирнов // Брестская крепость / С. С. Смирнов. Москва : КоЛибри, 2010. С. 325–334.
  2. Бешанов, В. В. Брестская крепость / Владимир Бешанов. – Москва : Яуза : Эксмо, 2010. – 352 с. : ил. – Из содерж.: [Б. А. Маслов]. С. 211.
  3. Аб яго подзвігу расказвалі немцы : з успамінаў Юрыя Віктаравіча Пятрова : [упомянут военврач Б. Маслов] / падрыхтавалі С. С. Самойленка, А. П. Кондак, А. В. Башчук // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 30–31.
  4. Участие медицинских работников в обороне Брестской крепости в июне 1941 года (к 65-летию освобождения Беларуси) / В. В. Колбанов, А. А. Коркотадзе, Т. Г. Светлович, Е. Л. Дашкевич // 90-летие здравоохранения Республики Беларусь : материалы республ. науч.-практич. конф., посвящённой 90-летию здравоохранения Республики Беларусь, Минск, 19 июля 2009 г. Минск, 2009. С. 90–96.
  5. Ткачева, П. Л. На территории госпиталя / Ткачева Прасковья Леонтьевна // Героическая оборона : сборник воспоминаний об обороне Брестской крепости в июне–июле 1941 г. 2-е доп. изд. Минск, 1963. С. 70–73.
  6. Мочалов, С. Герои в белых халатах / Сергей Мочалов // Івацэвіцкі веснік. 2025. 27 верасня. С. 12.
  7. Горбунов, А. Здесь начиналась война : [о героической обороне Брестской крепости от немецко-фашистских захватчиков] / Алексей Горбунов // 7 дней. 2024. 20–26 июня (№ 25). С. 24–2
  8. Игнатович, О. Верные долгу : [история Брестского военного госпиталя] / Ольга Игнатович // Заря. 2023. 21 июня. С. 5.
  9. Митюкова, Е. Сражаться без оружия в руках : подвиг военврача Маслова / [Елена Митюкова ; записала] Ирина Малицкая // Служба спасения. 2021. № 5. С. 96–99.
  10. Кондак, А. Все знали, что его «не купишь» : [военврач II ранга Б. А. Маслов (1904–1952), в июне 1941 г. начальник Брестского военного госпиталя на Волынском укреплении] / Алла Кондак // Брестский вестник. 2019. 20 июня (№ 25). С. 5.
  11. Как назовем новую улицу : [обсуждение названия новой улицы, предлагается назвать «улица Военврача Маслова»] / Служба информации «БВ» // Брестский вестник. 2019. 20 июня (№ 25). С. 5.
  12. Санчук, Н. Военврач из крепости : [Б. А. Маслов] / Н. Санчук // Заря. 1991. 9 мая.
  13. Тормасаў, П. Па слядах подзвігаў : [аб медыках – абаронцах Брэсцкай крэпасці] / Павел Тормасаў // Беларусь. 1975. № 3. С. 25.
  14. Ласкович, В. Верность : [о Б. А. Маслове и других медиках – защитниках Брестской крепости] / В. Ласкович // Советская Белоруссия. 1972. 16 февраля. С. 4.
  15. Ткачев, П. Под стенами Бреста : [медики – защитники Брестской крепости, 1941 г.] / П. Ткачев // Медицинская газета. 1970. 9 мая.
  16. Смирнов, С. С. Солдаты жизни : [о брестском хирурге Степане Трофимовиче Ильине и военвраче Б. А. Маслове] / С. С. Смирнов // Здоровье. 1963. № 6. С. 26–28.
Чытаць 12 разоў