З 1570 г. у Валавелі існавала царква, пастаўленая на фундуш зямян Берасцейскага ваяводства Пракопія і Ахрэна Валоўскіх (Марходчыкаў). Пазней замест яе ў 1766 г. дбайным клопатам мясцовага землеўладальніка Ажэшкі была ўзведзена драўляная царква Святога Георгія Перамаганосца са званіцай, якая адносіцца да ліку добразахаваных да нашага часу помнікаў.
У 1837 г. мясцовая парафія налічвала 1823 вернікаў. Царква мела 2 валкі і 4 моргі фундушовай зямлі, атрымлівала 25 рублёў срэбрам гадавога прыбытку. Пасля ліквідацыі ўніі была перададзена праваслаўным. Яе апошні ўніяцкі святар Ануфрый Дружылоўскі даў пісьмовую згоду на далучэнне да праваслаўя. У канцы XIX ст. у прыходзе былі жыхары паселішчаў Галік, Гурка, Дзятлавічаў, Корсуні, Сулічова, Ямніка. У 1838 г. быў праведзены капітальны рамонт храма. Раней царква знаходзілася на ўрочышчы Пабядышча. У другой палове XIX ст. па прычыне скарачэння колькасці хутароў, храм апынуўся на ўскраіне вёскі, таму прыхаджане вырашылі перанесці яго ў цэнтр вёскі, дзе ён знаходзіцца і цяпер.
Царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з элементамі стылю барока. Аб’ёмна-прасторавае вырашэнне царквы традыцыйнае: квадратны ў плане асноўны зруб, 5-гранная апсіда і «забраны ў слупы» бабінец размешчаны на падоўжнай восі з захаду на ўсход. Рызніцы прыбудаваны роўна з плоскасцямі бакавых сцен храма і накрыты 1-схільнымі дахамі. Агульны 2-схільны гонтавы дах пластычнымі хвалямі і трохвугольнымі застрэшкамі над апсідай пераходзіць у вальмавы. Вежы на галоўным фасадзе аб’яднаны фігурным 3-лопасцевым франтонам даху, увянчаны 6-граннымі макаўкамі барочнага тыпу. Гонтавыя паверхні пакрыццяў у некалькіх месцах маюць заломы і выгіны. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі (на галоўным фасадзе).
У малітоўную залу, перакрытую плоскай бэлечнай столлю, у заходняй частцы выступаюць трапецападобныя ў плане хоры. Апсіда вылучана драўляным іканастасам, выкананым у 1830-я гг. Абразы ХVIII–ХIХ стст.: «Георгій Перамаганосец», «Архангел Міхаіл», «Маці Божая Замілаванне».
Званіца, пабудаваная побач з царквой, складаецца па вертыкалі з 2 роўных размежаваных адлівам чацверыкоў каркаснай канструкцыі (1-ы ярус — глухі, 2-і — скразны з дашчаным парапетам) і пакрыта шатровым дахам. Унутры яе звон 1858 г.
У 1936 г. у дах храма ўдарыла маланка, сіламі вернікаў агонь быў патушаны, але храм заставаўся без неабходнага рамонту да 1946 г. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў савецкі перыяд дзякуючы дбайным прыхаджанам царква не зачынялася. У ліпені 1944 г. святыня была пашкоджана немцамі, якія таксама часткова разбурылі дом святара. У 1957 г. будынак рамантаваўся, на што была выкарыстана вельмі значная па тым часе сума — 12 тысяч рублёў, сабраная вернікамі дзеля захавання святыні ў надзвычай неспрыяльных для гэтага грамадскіх умовах.
Аднак час браў сваё, сцены знізу падгнілі і пачалі нахіляцца. Чарговы капітальны рамонт Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы быў зроблены сіламі прыхаджан у 2005–2016 гг. У рамонт уклаў значныя ўласныя сродкі Аляксандр Георгіевіч Рапінчук з Масквы, для якога Валавель з’яўляецца часцінкай малой радзімы, сюды ён прыязджаў на канікулы да бабулі і дзядулі.
У розны час у царкве служылі свяшчэннікі: Іосіф Шэмеціла, Ануфрый Дружылоўскі, Флор Балабушэвіч (1864–1892), Ян Балабушэвіч (1892–1921), Філіп Корапкаў (1921–1923), Валянцін Краснікаў (1923–1924), Ян Флароў Балабушэвіч (1924–1938), Павел Златкоўскі (1938–1943), Мікалай Васілевіч (1943–1946), Уладзімір Малаферчык (1947), Мікалай Крэйдзіч (1947–1951), Барыс Новікаў (1951–1953), Мацвей Ляш (1954–1955), Георгій Малішэўскі (1955–1956), Сімяон Костка (1956–1961), Мікалай Занько (1962), Іаан Заруба (1978–1979), Ян Кухарчук (1979–1980), Васіль Жалнерчык (1980–1991), Мікалай Пашкевіч (1991–2004), Сергій Нямшон.
Цяпер настаяцель прыхода храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца ў в. Валавель, настаяцель прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг. Закозель іерэй Сергій Астаповіч. Прастольнае свята — 6 мая (дзень памяці святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца). У склад прыходу ўваходзяць населеныя пункты: Галік, Дзятлавічы, Закозель, Карлавічы, Сулічыва, Ямнік.
Помнік архітэктуры народнага дойлідства ХVIII ст. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Г000190).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Мыслівец Дзяніс Вадзімавіч, бібліятэкар аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы
- Валавельская Юр’еўская царква // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Минск, 1996. Т. 3. С. 468.
- Валавельская Георгіеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 191.
- Воловельская Георгиевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 243–244.
- Воловельская Юрьевская церковь // Республика Беларусь : энциклопедия. Минск, 2006. Т. 2. С. 785.
- Валовель // От Беловежской Пущи до Полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 73.
- Воловельская Свято-Георгиевская церковь // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 53–54.
- Воловельская Свято-Георгиевская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси : энциклопедия. Минск, 2007. С 111.
- Свято-Георгиевская церковь [The Church of the St. George] // Дрогичинский край = Drahichyn and its environs. Пинск, 2007. С. 38.
- Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца : [в. Валавель] // Кулагiн, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусi : энцыклапедычны даведнiк / А. М. Кулагiн. Мiнск, 2007. С. 67–68.
- Свята-Георгіеўская царква : [в. Валавель] / Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 33.
- Адамовіч, С. П. Помнікі архітэктуры Драгічыншчыны : Валавельская Юр’еўская царква / С. П. Адамовіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 457.
- Валавельская Юр’еўская царква // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 102.
- Габрусь, Т. В. Юрьевская церковь : [д. Валовель] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 165–166.
- Габрусь, Т. В. Валавельская Георгіеўская царква / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 561.
- Габрусь, Т. В. Юр’еўская царква: [в. Валавель] / Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 145–146.
- Якiмовiч, Ю. А. Драўлянае дойлiдства Беларускага Палесся, XVII–XIX стст. / Ю. А. Якiмовiч ; кол. авт. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (Мінск). Мінск : Навука і тэхніка, 1978. С. 88.
- Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Валавель. С. 119, 201, 264, 313, 333, 335.
- Иосиф (епископ). Гродненский православно-церковный календарь или Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. 2-е изд. Т. 1–2. Воронеж, 1899. С. 14.
- Малищевский, Н. Из быта белого униатского духовенства / Н. Малищевский // Литовские епархиальные ведомости. 1873. № 6. С. 66–69.
- Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 10. С. 660.
- Юр’еўская царква за званіцай // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Минск, 2009. С. 32.
- Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск, 2004. – 572 с., [2] ил. – Из содерж.: Валовель. С. 330, 331.
- Валавель // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 262.
- Валавель // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 516–517.
- Костюк, В. История Полесской епархии (1922–1944 гг.) / иеродиакон Василий Костюк. Брест : Брестская областная типография, 1999. С. 140.
- Проневич, И. П. Культура, традиции, память... / Инна Прокофьевна Проневич ; беседовал Геннадий Деюн // Драгічынскі веснік. 2022. 28 кастрычника (№ 43). С. 5.
- Шафран, Г. Переплетаются жизнь и судьбы... : [общие заботы о благоустройстве Георгиевской церкви в д. Валовель связывают настоятеля храма Сергия Немшона и москвича Александра Георгиевича Рапинчука] / Галина Шафран // Драгічынскі веснік . 2018. 21 красавіка. С. 3.