Серада, 05 Жнівень 2026 16:55

14 студзеня 2026 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Пятра Пракопавіча Яцуры (1951), Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна (2025)

Пётр Пракопавіч Яцура нарадзіўся 14 студзеня 1951 г. у в. Хаціслаў Маларыцкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы ў 1968 г. пачаў працоўную дзейнасць паляводам мясцовага калгаса «Запаветы Леніна». У 1976 г. завочна закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «заатэхнія». У час вучобы адслужыў два гады ў Савецкай арміі

Пасля вяртання дамоў Пётр Яцура працаваў слесарам, механізатарам, загадваў фермай, быў абраны старшынёй Хасціслаўскага сельскага Савета народных дэпутатаў. У снежні 1978 г. вярнуўся ў гаспадарку, назначаны галоўным заатэхнікам.

Больш за 33 гады (з 9 лютага 1980 г. па 31 жніўня 2013 г.) П. П. Яцура працаваў кіраўніком (старшынёй, затым дырэктарам) сельскагаспадарчага прадпрыемства — калгаса «Перамога», які з сакавіка 2003 г. пераўтвораны ў СПК «Олтуш», з снежня 2005 г. — СУП «Савушкіна» Маларыцкага раёна. З 1 верасня 2013 г. па 29 лютага 2016 г. займаў пасаду памочніка дырэктара. Зарэкамендаваў сябе як патрабавальны, граматны і ініцыятыўны кіраўнік з высокім узроўнем прафесійных ведаў і развітымі арганізатарскімі здольнасцямі. Пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства стабільна выконвала вытворчыя планы, паспяхова працавала нават у складаных эканамічных умовах. У сваёй рабоце ён падтрымліваў ініцыятыву падначаленых, каардынаваў іх дзейнасць і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод спецыялістаў і працаўнікоў гаспадаркі.

За час яго кіраўніцтва СУП «Савушкіна» шматразова дабівалася высокіх вынікаў у рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтвах. Прадпрыемства ўзнагароджвалася Пераходнымі Чырвонымі Сцягамі РК КПБ, ЦК КПБ і Савета міністраў БССР, а таксама Ганаровымі дыпломамі за поспехі ў нарыхтоўцы кармоў, вытворчасці малака і мяса, будаўніцтве і пашырэнні вытворчасці.

У 2004 г. да перадавога СПК «Олтуш» далучылі адстаючы калгас «40 год БССР», што ў першы час пацягнула эканамічныя паказчыкі ўніз, але пазней узбуйненне гаспадаркі прынесла дывідэнды. У 2005 г. П. П. Яцура падтрымаў рашэнне аб замацаванні гаспадаркі за ААТ «Савушкін прадукт».

У 2006 г. гаспадарка заняла другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці малака і другое месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў. У 2007 г. прадпрыемства стала пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод малочных гаспадарак (1-е месца), а таксама заняло першае месца ў раённым і другое месца ў абласным спаборніцтвах па вытворчасці збожжа і рэалізацыі малака. У 2008 г. СУП «Савушкіна» прызнана лаўрэатам конкурсу за дасягненні ў галіне эканоміі і беражлівасці. У 2009 г. гаспадарка атрымала першае месца ў абласным спаборніцтве па ўборцы збожжавых, другое месца ў абласным спаборніцтве па рэалізацыі малака, першае месца ў раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, трэцяе месца ў раённым аглядзе-конкурсе па ахове працы і першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод малочных арганізацый.

У 2010 г. прадпрыемства заняло трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве і было занесена на абласную Дошку гонару, а таксама атрымала другое месца ў рэспубліканскім аглядзе па добраўпарадкаванні машынных двароў, першае і другое месцы ў абласным спаборніцтве па рэалізацыі мяса і вытворчасці кармоў. У 2011 г. гаспадарцы прысуджаны: першае месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, першае месца па рэалізацыі малака і трэцяе месца па рэалізацыі мяса. У 2012 г. калектыў заняў трэція месцы ў абласных спаборніцтвах па рэалізацыі мяса і вытворчасці насення шматгадовых траў, а таксама першае месца ў раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў. У 2013 г. за высокія вынікі выканання паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства зноў занесена на абласную Дошку гонару.

П. П. Яцура з’яўляўся дэпутатам Олтушскага сельскага і Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў XXIII, XXIV і XXVI скліканняў. Дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу (2024). Мае дзяржаўныя ўзнагароды: медаль «За працоўную доблесць» (1985), юбілейны медаль «100 год органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем» (2020). Таксама ўзнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і многімі іншымі граматамі. У 2019 г. яго імя занесена ў Кнігу гонару абласнога аграрнага саюза.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Пётр Пракопавіч абсталяваў у бацькоўскім доме аграсядзібу «Пракопава хата». З жонкай Любоўю Міхайлаўнай выгадавалі трох дзяцей. Дзве дочкі атрымалі педагагічную адукацыю. Малодшы сын Сяргей Пятровіч мае дзве вышэйшыя адукацыі, працягнуў справу бацькі ў сельскай гаспадарцы — з 18 снежня 2025 г. з’яўляецца дырэктарам СУП «Савушкіна».

За шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Маларыцкага раёна П. П. Яцуры прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна» (2025). Дыплом аб прысваенні звання быў уручаны 3 ліпеня 2025 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

Трафімук Вікторыя Ігараўна, бібліёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Молочная страна «Савушкино/ [автор текста С. Мощик ; Б. Павловский ; главный редактор В. Шпарло]. – Брест : ООО «РИА «Вечерний Брест», 2020. – 96 с.
  2. От «Победы» к победам : 60 лет ЧСУП «Савушкино» : рекламное издание / [автор текста С. Мощик ; главный редактор В. Шпарло]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. – 91 с.
  3. Светлова, А. Благодарность – за добросовестный труд : [о поздравлении с юбилеем П. П. Яцуры] / Алина Светлова // Голас часу. Маларыта, 2026. 21 студзеня. С. 5.
  4. Навумчык, М. Новы кіраўнік «Савушкіна» : [С. П. Яцура] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2025. 31 снежня. С. 2.
  5. Наумчик, Н. Жизненные приоритеты Петра Яцуры / Николай Наумчик // Голас часу. Маларыта, 2025. 30 ліпеня. С. 5.
  6. Максимук, С. Избраны делегаты на Всебелорусское народное собрание / Светлана Максимук // Голас часу. Маларыта, 2024. 10 красавіка. С. 2.
  7. Навумчык, М. Галоўная якасць – гаспадарлівасць / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2024. 20 сакавіка. С. 4.
  8. Максимук, С. В гости к юбиляру / Светлана Максимук // Голас часу. Маларыта, 2021. 16 студзеня. С. 3.
  9. Яцура, Н. Сын своей земли : [П. П. Яцура] / Надежда Яцура // Голас часу. Маларыта, 2021. 13 студзеня. С. 1, 5.
  10. Максімук, С. Узнагароды да свята – юбілейныя медалі / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2020. 18 лістапада. С. 2.
  11. Яцура, Н. Цёзка па прозвішчы : землякі / Надзея Яцура // Голас часу. Маларыта, 2015. 19 жніўня. C. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 16 разоў