Аўторак, 25 Жнівень 2026 14:38

17 жніўня 2026 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Адамавіча Галяка (1936–2025), мастака

Іосіф Адамавіч Галяк нарадзіўся 17 жніўня 1936 г. у в. Загалле Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У пяцігадовым узросце з-за пачатку Вялікай Айчыннай вайны разам з сям’ёй трапіў у Сібір — г. Кемерава. Перажыў цяжкае ваеннае дзяцінства і страту бацькоў, што зрабіла адбітак на ўсё жыццё.

Іосіф Адамовіч успамінаў, што самым яркім уражаннем дзяцінства стала падораная яму каробка каляровых алоўкаў. «Я буду мастаком», — вырашыў хлопчык яшчэ тады, але мары аб мастацтве прыйшлося адкласці. У 1945 г. памірае бацька, сям’я застаецца без карміцеля. І пасля сёмага класа юнак паступае на фабрычна-завадское навучанне па спецыяльнасці «цясляр», дзе навучэнцы забячпечваліся харчаваннем. Па заканчэнні разам з іншымі хлопцамі паехаў у тайгу (Архангельская вобл.) будаваць баракі для зняволеных.

Але жаданне тварыць не пакідала Іосіфа Галяка, і ў 1954 г. ён паступае ў Таржоцкі індустрыяльна-прамысловы тэхнікум (факультэт «Прамысловая і грамадзянская архітэктура»). У 1961 г. Іосіф Галяк вярнуўся ў родную Беларусь, пераехаў у г. Баранавічы. Працаваў у школе настаўнікам працы, малявання і чарчэння, а пазней (1973) перайшоў у Баранавіцкія мастацкія майстэрні.

У 1971 г. мастак вырашае працягваць прафесійную адукацыю і паступае ў Маскоўскі ўніверсітэт імя Н. К. Крупскай на аддзяленне жывапісу. Знаёміцца з маскоўскім творчым асяроддзем, наведвае вернісажы і шматлікія сталічныя музеі. Гэты час лічыцца станаўленнем Іосіфа Галяка як творцы і пачаткам яго захаплення імпрэсіянізмам, якое пазней знайшло адлюстраванне ў шматлікіх яго працах. Знакавай працай яго маскоўскага перыяду стала карціна «Аўтапартрэт маладога мастака» (1971), якую называлі «натхнёнай» за кошт яе яркіх фарбаў.

У 90-я гг. Іосіф Адамавіч штогод выязжаў на пленэры ў Германію, Італію, Францыю, Бельгію, Аўстрыю, Польшу… Іншаземцы заказвалі мастаку ў асноўным партрэты. Але быў у яго свой недатыкальны запас, свая паўнаводная рака, з якой ён чэрпаў асабістае натхненне, — родная прырода. Мастак вядомы як майстар лірычнага пейзажу, тэматычнай карціны, нацюрморту. Апантанасць прыгажосцю свету, захопленасць жыццём дыктуюць форму і змест твораў, у якіх вызначаюцца знешняя выразнасць і прастата матываў, свежасць каларыту і паэтычнае пранікненне ў стан прыроды.

1999 г. стаў пераломным перыядам у жыцці мастака. Выхад на пенсію і пераход у статус «вольнага мастака» выклікаў шмат пытанняў па прасоўванню новых праектаў. Пісаў шмат партрэтаў, але па характару свайго таленту Іосіф Галяк быў найперш пейзажыстам. Прычым лічыў сябе паслядоўнікам імпрэсіянізму, якім захапіўся яшчэ маладым. Шмат працаваў на пленэры, ні аднаго сюжэта свайго пейзажу ён не прыдумаў.

Удзельнік многіх мастацкіх выстаў, аўтар персанальных выстаў. 4 мая 2012 г. у выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея адкрылася яго выстава «Было и есть…», у аснове якой былі творы серыі «Оттуда». Гэта творы філасофскага плану: роздум аб соцыуме, вечнасці, памылках.

17 жніўня 2016 г. яго персанальная выстава была адкрыта ў Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. П. Таўлая, прымеркаваная да 80-годдзя мастака. Былі прадстаўлены каля 40 твораў. 9 снежня 2016 г. у выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея была адкрыта маштабная выстава «Не толькі пейзаж». У экспазіцыю ўвайшлі больш за 140 работ.

За сваё творчае жыццё Іосіф Адамавіч напісаў каля 1000 твораў, у тым ліку цыклы пейзажаў і філасофскія серыі (самая вядомая «Оттуда»). Галоўнымі тэмамі яго палотнаў былі прырода Беларусі, дабро і зло, пошук сэнсу жыцця. Для сябе мастак вызначыў для працы тры галоўныя рэчы: метадычнасць, паслядоўнасць і крытычныя адносіны да сябе. Адной з самых вядомых яго прац стала карціна «Не одинок паломник одинокий». Творы майстра захоўваюцца ў Баранавіцкім краязнаўчым і іншых музеях Беларусі, калекцыях розных краін.

І. А. Галяк памёр 20 чэрвеня 2025 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая


  1. Иосиф Голяк : каталог картин / фото Михаил Кашко, Станислав Щербаков ; компьютерная верстка Н. Л. Ярошук. – Минск : ОАО «Красная звезда», 2013. – 43 с.
  2. Иосиф Голяк = Joseph Golyk / фото Юрий Пушкарев ; компьютерная верстка и дизайн Ольга Пушкарева. – Минск : Б. и., 2007. – 36 с.
  3. Шубіч, М. У палоне творчасці / Міхась Шубіч // Наш край. Барановичи, 2016. 19 августа. С. 6.
  4. Шубіч, М. У палоне творчасці / Міхась Шубіч // Заря. 2016. 18 августа. С. 6.
  5. Шубіч, М. У палоне творчасці : [аб творчасці мастака І. А. Галяка] / Міхась Шубіч // Наш край. Барановичи, 2016. 1 августа. С. 6.
  6. Шубич, М. «Было и есть...» / Михаил Шубич // Наш край. Барановичи, 2012. 21 апреля. С. 8.
  7. Юркевич, Е. «Всё ещё впереди...» : [о выставке к 70-летию художника И. А. Голяка в выставочном зале Барановичского краеведческого музея] / Елена Юркевич // Заря. 2007. 12 апреля. С. 8.
  8. Сушко, Р. Не одинок паломник одинокий : [беседа с барановичским художником И. А. Голяком] / Р. Сушко // Наш край. Барановичи, 2007. 5 апреля. С. 1, 3.
  9. Мароз, П. Глыток вады : [пра выставу жывапісу І. Галяка ў выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея] / П. Мароз // Народная трыбуна. 2001. 20 студзеня. С. 4.
  10. Воронина, И. Все, как в жизни, – и небо, и цветы : [о выставке живописи И. Голяка] / И. Воронина // Наш край. Барановичи, 2000. 12 декабря. С. 3.
  11. Подольская, Т. Сказка Маршака на Шопена : [раздумья автора о творчестве барановичского живописца И. А. Голяка] / Т. Подольская // Наш край. Барановичи, 1997. 15 августа. С. 2.
  12. «Какое счастье начинать новую Картину» / фото Михаила Кашко // Наш край. Барановичи, 1996. 20 января. С. 1–2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3 разоў Апошняя змена Аўторак, 25 Жнівень 2026 16:55