Аўторак, 25 Жнівень 2026 16:17

11 ліпеня 2026 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Паўла Лаўрэнцьевіча Калыска (1896–1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1948)

Павел Лаўрэнцьевіч Калыска нарадзіўся 11 ліпеня 1896 г. у в. Клешчы Дружылавіцкай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у складзе Сочыўкаўскага сельсавета Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

Працоўную дзейнасць Павел Калыска пачаў у 1914 г. Пасля Першай сусветнай вайны апынуўся ва ўсходняй частцы Беларусі. Пасля ўстанаўлення Савецкай улады ўдзельнічаў у стварэнні саўгасаў на тэрыторыі Беларускай ССР. У 1922–1926 гг. працаваў у саўгасе «Мар'іна Буда».

У 1927 г. прыехаў у Любанскі раён Бабруйскай акругі (скасавана ў 1930 г.). Прыняў актыўны ўдзел у асушэнні Мар'інскіх балот. У 1928 г. ва ўрочышчы Сосны быў арганізаваны саўгас «Мар'іна» — першая ў Беларусі гаспадарка на асушаных тарфяніках. Тады ж малады рабочы ўладкаваўся працаваць у гаспадарцы грабарам на пракладцы меліярацыйных каналаў.

У сувязі са святкаваннем дзесяцігадовага юбілею Рэспублікі — у 1929 г. саўгас атрымаў новую назву «10 гадоў БССР» («Дзесяцігоддзе БССР»). Прадпрыемства хутка стала на ногі і з пачаткам калектывізацыі ўпэўнена выйшла на перадавыя пазіцыі ў сельскай гаспадарцы раёна. Добрасумленна і прадукцыйна працаваў рабочы Павел Калыска, які з 1931 г. кіраваў першай паляводчай брыгадай, унёс важкі ўклад у працоўныя здзяйсненні саўгаса. З года ў год разам з падначаленымі ён дабіўся новых поспехаў і заслужыў славу майстра высокіх ураджаяў.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Павел Калыска змушаны быў застацца на тэрыторыі раёна, акупаванага нямецкімі захопнікамі. Удзельнік падпольна-партызанскага руху ў Мінскай вобласці, сувязны партызанскага атрада Г.І. Плышэўскага (пазней прысвоена імя Аляксандра Неўскага), які быў створаны ў чэрвені 1942 г. і са студзеня наступнага года дзейнічаў у складзе 25-й партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі. Пасля злучэння брыгады з перадавымі часткамі Чырвонай арміі 1 ліпеня 1944 г. вярнуўся да мірнага жыцця, быў пакінуты для аднаўлення спустошанага да заснавання Любанскага раёна. Сапраўды гераічнай працай разам з уцалелымі любанцамі адраджаў да жыцця сельскую гаспадарку.

За перыяд з 1945 па 1947 гг. ураджайнасць у перадавой брыгадзе П.Л. Калыска павысілася амаль у пяць разоў. Па выніках 1947 г. калектыў атрымаў ураджай жыта па 30 ц з кожнага з 17 га (замест 120–180 пудоў на круг), амаль дасягнуўшы ўраджайнасці, запланаванай на 1950 г.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 красавіка 1948 г. за атрыманне высокіх ураджаяў жыта пры выкананні саўгасам плана здачы дзяржаве сельскагаспадарчых прадуктаў у 1947 г. і забяспечанасці насеннем збожжавых культур для вясновай сяўбы 1948 г. П. Л. Калыска прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат» (№ 1813).

Павел Лаўрэнцьевіч ударна і самааддана, пацвярджаючы званне Героя, працаваў на чале паляводчай брыгады да выхаду ў 1956 г. на заслужаны адпачынак. Пражываў у пасёлку Сосны Любанскага раёна.

Павел Лаўрэнцьевіч Калыска памёр 31 кастрычніка 1972 г., пахаваны на вясковых могілках. У 1974 г. на магіле пастаўлена стэла.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі


  1. Калыско Павел Лаврентьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2017. Т. 5, кн. 2. С. 62.
  2. Колыска (Калыско) Павел Лаврентьевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 206–207.
  3. Калыско Павел Лаврентьевич // Минская область : энциклопедия : в 2 т. Минск, 2007. Т. 2. С. 136.
  4. Магіла Калыскі Паўла Лаўрэнцьевіча : [пас. Сосны] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 1. С. 279.
  5. Калыско Павел Лаврентьевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 268.
  6. Калыска Павел Лаўрэнцьевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 276.
  7. Калыска Павел Лаўрэнцьевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 278.
  8. Кавалеўскі, М. З. «Дзесяцігоддзе БССР» / М. З. Кавалеўскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 197.
  9. Калыско Павел Лаврентьевич // Время и судьбы / Ивановский районный совет ветеранов ; автор идеи и составитель Л. А. Добродей. Иваново : Ивановская районная типография, 2022. С. 125.
  10. Сацута, Л. Трудился не ради славы : [о Герое Сациалистического Труда Павле Лаврентьевиче Калыско] / Лариса Сацута // Янаўскі край. Іванава, 2022. 15 ліпеня (№ 28). С. 9.
  11. Добились успехов в выращивании зерновых : [о Героях Социалистического Труда работниках савхоза «Десятилетие БССР»] // Голас Любаншчыны, 2022. 22 красавіка (№ 16). С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2 разоў Апошняя змена Аўторак, 25 Жнівень 2026 16:53