Чацвер, 01 Кастрычнік 2026 12:55

13 лютага 2025 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Іосіфавіча Грэся (1925–2007), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Сацыялістычнай Працы (1976)

Васіль Іосіфавіч Грэсь нарадзіўся 13 лютага 1925 г. у в. Пясчанкі Заблудайскага павета Беластоцкага ваяводства (з 20 верасня 1944 г. у Польшчы) у сялянскай сям’і. Яго бацька быў членам КПЗБ, за актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе арыштаваны і заключаны ў Бяроза-Картузскі канцлагер.

Васіль атрымаў толькі пачатковую адукацыю ў мясцовай польскамоўнай школе. У 1940 г. паступіў у Беластоцкае чыгуначнае вучылішча, але завяршыць навучанне не дазволіла Вялікая Айчынная вайна. Разам з вучылішчам выехаў у эвакуацыю, але дабраўся толькі да Мінска, дзе далучыўся да воінскай часці, з якой дайшоў да г. Барысава, затым пайшлі да г. Дзяржынска. Пасля кароткага бою вымушаны былі адступіть, пры гэтым Васіля як непаўналетняга адпусцілі дамоў.

З лета 1941 г. удзельнічаў у падпольна-партызанскім руху на тэрыторыі Беластоцкай вобласці. Разам з бацькам хавалі байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія засталіся ў акружэнні. Збіралі на месцах баёў зброю і боепрыпасы, якія потым перадалі партызанам. Васіль як сувязны збіраў і дастаўляў агентурныя звесткі аб нямецкіх гарнізонах, удзельнічаў у аперацыях па знішчэнні нямецкіх памагатых.

10 мая 1942 г. Васіль Грэсь добраахвотна ўступіў у партызанскую групу І. А. Цімашэнкі (пазней атрад імя Матросава), прымаў актыўны ўдзел у баявых аперацыях, праявіў сябе адважным разведчыкам. З лютага 1944 г. атрад імя Матросава ўвайшоў у склад партызанскай брыгады імя Каліноўскага. 27 ліпеня 1944 г. атрад імя Матросава сумесна з часцямі Чырвонай арміі прымаў удзел у вызваленні г. Беластока.

21 верасня 1944 г. прызваны ў армію, ваяваў тэлефаністам узвода сувязі 3-га стралковага батальёна 1144-га стралковага палка 340-й стралковай дывізіі на 4-м Украінскім фронце. Удзельнічаў у Заходне-Карпацкай, Марава-Остраўскай і Пражскай наступальных аперацыях. Пасля Перамогі працягваў служыць у Савецкай арміі, дэмабілізаваны ў 1949 г., тады і пераехаў у г. Брэст.

Васіль Грэсь закончыў курсы вадзіцеляў аўтамабіля. Працаваў вадзіцелем грузавога аўтамабіля аўтатранспартнай канторы, якая пазней прераўтворана ў аўтабазу № 3, а затым — у аўтакамбінат № 1. Перавозіў будаўнічыя матэрыялы на будаўніцтвы дамоў, школ, прадпрыемстваў горада. Атрымаў сярэднюю адукацыю ў гарадской школе рабочай моладзі.

У 1956 г. першым у краіне стаў вадзіць цяжкія аўтацягнікі — машына МАЗ-200 з двума прычэпамі. За поспехі ў выкананні сямігадовага плана (1959–1965) па перавозцы грузаў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

За доўгія гады працы В. І. Грэсь зарэкамендаваў сябе як перадавік вытворчасці, адказны і ініцыятыўны работнік высокай кваліфікацыі. За кошт руплівага ўтрымання тэхнікі дабіваўся максімальна эфектыўнага яе выкарыстання. Забяспечваў безаварыйную работу і вялікую эканомію матэрыяльных рэсурсаў. Выконваў і перавыконваў планавыя заданні па перавозцы народнагаспадарчых грузаў. Наездзіў без аварый некалькі мільёнаў кіламетраў.

На шэсць месяцаў раней Васіль Грэсь выканаў сваё пяцігадовае заданне дзявятай пяцігодкі (1971–1975). Перавёз звыш плана 3650 т грузаў, пры гэтым зэканоміў 7 т паліва і 6 камплектаў аўтамабільных шын. Заняў першае месца па фігурнаму ваджэнню грузавога аўтамабіля і быў прызнаны лепшым вадзіцелем Міністэрства аўтамабільнага транспарту БССР.

За наватарства, эфектыўнае выкарыстанне транспартных сродкаў, значныя поспехі ў выкананні заданняў і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці 14 студзеня 1976 г. В. І. Грэсь адзначаны званнем «Заслужаны работнік транспарту Беларускай ССР».

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 сакавіка 1976 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў дзявятай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў В. I. Грэсю прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп и Молот» (№ 17436).

У канцы 1976 г. прыняў новы аўтамабіль — сядзельны цягач КАЗ-608 («Колхида») з паўпрычэпам-фургонам (8 т), на якім таксама прадэманстраваў высокую культуру эксплуатацыі. У серыі «Герои девятой пятилетки» выдадзена брашура В. І. Грэся «Счастливый путь» (1977).

За баявую і працоўную дзейнасць В. І. Грэсь узнагароджаны ордэнамі Леніна (1976), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі «За отвагу» (1945), «Партизану Отечественной войны» I ступені (1945).

Васіль Іосіфавіч выбіраўся сакратаром пярвічнай партарганізацыі (член КПСС з 1962 г.), грамадскім інспектарам аўтапарка, членам прэзідыума Брэсцкага аблсаўпрофа. З 1985 г. персанальны пенсіянер саюзнага значэння. У 1986 г. узначальваў ветэранскую арганізацыю Маскоўскага раёна г. Брэста, вёў выхаваўчую работу сярод моладзі.

В. І. Грэсь памёр 7 лютага 2007 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.

Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар У. В., вядучы бібліёграф


  1. Гресь Василий Иосифович // Твои Герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 79.
  2. Грэсь Васіль Іосіфавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 619.
  3. Гресь Василий Иосифович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 169.
  4. Грэсь Васіль Іосіфавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 180–181.
  5. Гресь, В. И. Счастливый путь : [рассказ водителя Брестского автокомбината № 1] / В. И. Гресь ; [лит. запись Р. Е. Айзенштата]. – Минск : Беларусь, 1977. – 31 с. – (Герои девятой пятилетки).
  6. Бурко, И. М. Путь без привалов / И. М. Бурко // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской обалсти]. Минск, 1978. С. 75–80.
  7. Гордимся и помним : [В. И. Гресь – Герой Социалистического Труда, участник Великой Отечественной войны, заслуженный работник транспорта Белорусской ССР, водитель автокомбината № 1 г. Бреста] // Вестник ОАО «Брестоблавтотранс». 2025. 22 февраля (№ 2). С. 3.
  8. Великоселец, Ф. 5 дней одного года : [о юбилейной вахте в честь 60-летия Страны Советов водителя первого филиала Брестского автокомбината № 1 В. И. Греся] / Ф. Великоселец // Советская Белоруссия. 1978. 26 февраля.
  9. [Не один десяток лет трудится…] : [информация о водителе В. И. Гресе] // Заря. 1976. 28 августа.
  10. Владимиров, Н. Миллион километров труда : [о водителе филиала 1-го брестского автокомбината, Герое Социалистического Труда В. И. Гресе] / Н. Владимиров // За безопасность движения. 1976. № 7. С. 2–3.
  11. Бурко, И. Один день и вся жизнь водителя Василия Греся / И. Бурко // Заря. 1976. 4 мая.
  12. Поздравляем со званием Героя! : [водителя грузового автомобиля В. И. Греся из г. Бреста] // Заря. 1976. 16 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 18 разоў