У 1926 г. сям'я пераехала ў г. Люблін, дзе Ігар пайшоў у школу, затым вучыўся ў гімназіі, якую закончыў у 1939 г. У Любліне Сікірыцкіх застала Другая сусветная вайна. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі Ігар Сікірыцкі быў удзельнікам антыфашысцкага супраціўлення, салдатам Арміі Краёвай.
Пасля вызвалення савецкімі войскамі Любліна (1944) быў накіраваны на працу ў Люблінскую рэдакцыю Польскага радыё ў якасці франтавога аглядальніка і дыктара. Вучыўся ў Люблінскім універсітэце. З 1945 г. жыў і працаваў у г. Лодзі: вядучым на радыё (1945–1951), мастацкім (1954–1957) і літаратурным кіраўніком (1957–1959) у тэатры сатыры, літаратурным кіраўніком тэатра лялек «Арлекін» (1966–1967).
Літаратурнай творчасцю Ігар Сікірыцкі пачаў займацца з 1937 г., калі ў часопісе «W słońce» апублікавалі яго апавяданне «Pasażerka na gapę» («Пасажырка-безбілетніца»). У гады вайны былі лірычныя і ваенныя вершы, некаторыя з іх сталі партызанскімі песнямі. Пачаў рэгулярна друкавацца з восені 1944 г. Польскі паэт і аўтар казак для дзяцей, пісьменнік-сатырык, перакладчык. Пісаў скетчы для тэатра і аповесці для моладзі.
Аўтар паэтычных зборнікаў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Старая кузня» (1962), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), «Найвясельша школа» (1972), «Вершы» (1977), «Тры струны» (1980), «Мае байкі» (1980), «49 падарожжаў Яна» (1982), «Падарожжы малое і вялікае» (1984) і інш. Большасць яго кніг выдадзена для дзяцей, а некаторыя перавыдаваліся 2–3 разы. Напісаў настальгічную аповесць «Сямёра адсутных» (1970) — успаміны аб сямі калегах з ліцэя, якія ваявалі і гераічна загінулі падчас Другой сусветнай вайны.
На польскую мову пераклаў асобныя вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Уладзіміра Жылкі, Міколы Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зборніку Максіма Танка «Выбраныя вершы» (1974). Асабліва трэба адзначыць, што ён цалкам пераклаў на польскую мову паэму вялікага грузінскага паэта Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (1960). З армянскай — народны эпас «Давід Сасунскі».
Узнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі (1955), Крыжам кавалерскім ордэна Адраджэння Польшчы (1972), Крыжам афіцэрскім ордэна Адраджэння Польшчы (1979), знакам «Заслужаны дзеяч культуры» (1975), медалём Камісіі народнай адукацыі (1977).
Кавалер ордэна Усмешкі (1983). Спачатку гэта была польская (з 1968 г.), а затым (з 1979 г.) міжнародная ўзнагарода. Ордэн Усмешкі дарослым (урачам, пісьменнікам, педагогам, музыкантам і інш.) прысуджаюць выключна дзеці за асаблівы ўклад у дзіцячае шчасце. Гэта. Сярод узнагароджаных ордэнам Усмешкі савецкія дзеячы: Агнія Барто, Сяргей Міхалкоў, Сяргей Абразцоў, Чынгіз Айтматаў і інш.
Ігар Сікірыцкі вёў актыўную грамадскую дзейнасць у мясцовых органах самакіравання (дэпутат гарадской рады), Таварыстве сяброў дзяцей і ў міжнародных арганізацыях — у Камітэце абаронцаў міру і Польскай секцыі Міжнароднага камітэта дзеячаў літаратуры для дзяцей і моладзі пры ЮНЕСКА.
Ігар Сікірыцкі памёр 2 студзеня 1985 г. у Лодзі, пахаваны на Старых могілках. У 1989 г. яго імем названа вуліца ў Лодзі.
На беларускую мову вершы Ігара Сікірыцкага перакладалі Максім Танк, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Алег Лойка. У 1989 г. у Маскве была выдадзена кніга Ігара Сікірыцкага «Старая кузня», дзе сабраны балады і казкі для дзяцей ў перакладзе на рускую мову.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар У. В., вядучы бібліёграф
Творы І. Сікірыцкага
- Старая кузня : баллады и сказки / Игорь Сикирицкий ; перевод с польского. – Москва : Детская литература, 1989. – 80 с.
- Случ ; Песенька ; Міжзорныя ; «Ніхто паэзіі ад цела не адвее…»: [вершы] / Ігар Сікірыцкі // Напярэймы : ад Буга да Варты : анталогія польскай паэзіі ХХ ст. : у 2 т. / пераклады Алега Лойкі. Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. Т. 1. С. 364–366.
- Драўляны конь ; Дзяўчынка з нутра скрыпкі ; Гагарын ; Перад партрэтам царыцы Тамары ; Ракушка ; На смерць знаёмай сасны ; Пізанская вежа : [вершы] / Ігар Сікірыцкі ; [пер. з пол. М. Танка] // Танк, М. Збор твораў у шасці тамах / Максім Танк. Мінск, 1980. Т. 5. С. 483–487.
- «Мова сардэчна роднага краю...» ; Лясная калыханка ; Імгла ; Голас дрэў ; Начная лоўля ; Паляна ; Поўдзень ; Зямля ; «Калі будую светлы дом…» : [вершы ў перакладзе Н. Гілевіча і Р. Барадуліна] / Ігар Сікірыцкі // Горад мільённы і мы : паэзія чырвонай Лодзі : пераклад з польскай мовы / [складанне, рэдакцыя перакладаў і каментарыі Я. Брыля]. Мінск : Мастацкая літаратура, 1972. С. 150–160.
Аб жыцці і творчасці І. Сікірыцкага
- Верабей, А. Л. Сікірыцкі Ігар / А. Л. Верабей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 716.
- Верабей, А. Л. Максім Танк і польская літаратура / А. Л. Верабей. – 2-е выд., выпр. і дапоўн. – Мінск : Беларуская навука, 2012. – 155 с. – Са зместу: І. Сікірыцкі. С. 94, 116, 117, 124, 127, 130, 134.
- Лойка, А. Роздум пра польскую паэзію ХХ стагоддзя і яе дачыненні да Беларусі : [у т. л. творчасць Ігара Сікірыцкага] / А. Лойка. // На шляхах да ўзаемаразумення : навук. зборнік / Нац. навук.-асвет. цэнтр iмя Ф. Скарыны ; Варшаўскi ун-т. Мінск : Беларускі кнiгазбор, 2000. С. 7–22.
- Барысюк, У. Падкова са Свішчова і чыставуст каралеўскі з Селяхоў : [у т. л. пра польскага пісьменніка Ігара Сікірыцкага (1920–1985)] / Уладзімір Барысюк // Народная трыбуна. 2002. 19 кастрычніка.