Пасля заканчэння ВНУ быў пакінуты на сваім факультэце працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам навукова-даследчай лабараторыі гісторыі. У 1992–2004 гг. навуковы і старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны (Скарынаўскі цэнтр). Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Межнациональные отношения в Беларуси в 20-е годы ХХ в.». Кандыдат гістарычных навук (1995).
У 2004–2015 гг. Эдуард Дубянецкі быў вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела тэорыі і гісторыі беларускай культуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. Даследаваў праблемы міжнацыянальных адносін на Беларусі ў ХІХ–ХХ стст., нацыянальнага характару і этнічнай самасвядомасці беларусаў, узаемаўплываў ментальнасці і нацыянальнай культуры, суадносін язычніцкіх і хрысціянскіх элементаў у беларускім фальклоры, развіцця айчыннай культуры ва ўмовах глабалізацыі.
Аўтар папулярных навукова-даведачных і асветніцкіх кніг для школьнікаў і шырокага кола чытачоў. Сярод іх серыя выданняў у рамках праекта «Ганаруся табой, Беларусь!» выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі», прысвечаная выбітным дзеячам айчыннай гісторыі (Сымону Буднаму, Васілю Цяпінскаму, Казіміру Нарбуту, Яну Снядэцкаму і інш.). Шэраг кніг падрыхтаваў у сааўтарстве з С. Ф. Дубянецкім, П. Брыгадзіным, Л. Лойка, І. Кузняцовым. Адзін з аўтараў энцыклапедычнага даведніка «Асветнікі зямлі беларускай. Х – пачатак ХХ ст.» (2001).
Свае мастацкія творы Эдуард Дубянецкі пачаў публікаваць у рэспубліканскім друку (часопісы «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў», газета «Літаратура і мастацтва»). Выдаў паэтычныя зборнікі «Душы маёй няскончаны палёт» (2011) і «Покліч самотнага неба» (2013). Вершы аўтара вылучаюцца глыбокім псіхалагізмам, філасофскім роздумам над метафізічнымі праблемамі быцця, чалавечымі пачуццямі і гістарычным мінулым.
Напісаў і апублікаваў каля сотні вершаў у розных формах і жанрах. Артыкулы, вершы, эсэ і рэцэнзіі друкаваліся ў айчынным і замежным перыядычным друку, калектыўных зборніках і выданнях. Займаўся перакладамі вершаў замежных аўтараў на беларускую мову (у прыватнасці, украінскіх паэтаў).
На працягу многіх гадоў Эдуард Станіслававіч кіраваў паэтычнай студыяй «Палітра радасці» пры Беларускім таварыстве інвалідаў. Студыя базіравалася ў гарадской бібліятэцы № 5 г. Мінска. Дапамагаў аўтарам з інваліднасцю развіваць творчыя здольнасці, праводзіць літаратурныя мерапрыемствы, рыхтаваць творы да публікацыі.
У вершы «Нідзе і паўсюль» паэт прароча напісаў: «І адчуваць: / Цябе няма / Нідзе ў гэтым свеце Божым, / І ў той жа час ты ёсць паўсюль, / Ў травінцы кожнай, кожным дрэве, / У кожнай кветачцы на лузе…».
Э. С. Дубянецкі заўчасна памёр ад інфаркту 25 лютага 2020 г. у Мінску, пахаваны на Заходніх могілках.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава.
Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Працы і творы Э. С. Дубянецкага
- Асветнікі Беларусі. Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Спірыдон Собаль / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2018. – 64 с.
- Асветнікі Беларусі. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2018. – 64 с.
- Асветнікі Беларусі. Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Ігнат Дамейка / Эдуард Дубянецкі / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2017. – 72 с.
- Асветнікі Беларусі. Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Казімір Лышчынскі / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2017. – 64 с.
- Асветнікі Беларусі. Казімір Семяновіч, Георгій Каніскі, Марцін Пачобут-Адляніцкі / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2017. – 64 с.
- Асветнікі Беларусі. Казімір Нарбут, Ян Снядэцкі, Анёл Доўгірд / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2017. – 64 с.
- Асветнікі Беларусі. Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Іпацій Пацей / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2016. – 72 с.
- Асветнікі Беларусі. Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі (БелЭн), 2016. – 72 с.
- Покліч самотнага неба : вершы, паэма / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 204 с.
- Душы маёй няскончаны палёт : кніга паэзіі / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 124 с.
- Сусветная культура: ад старажытнасці да нашых дзён : папулярны энцыклапедычны даведнік / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : БелЭн, 2001. – 240 с.
- Таямніцы народнай душы : кніга для вучняў / Эдуард Дубянецкі. – Мінск : Народная асвета, 1995. – 47 с.
- Дубянецкі, Эдуард. Спатканні на прыпынках лёсу : [рэцэнзія на кнігу паэзіі А. Замкоўскага «Наступны прыпынак»] / Эдуард Дубянецкі // Літаратура і мастацтва. 2019. 18 студзеня (№ 3). С. 7.
- Дубянецкі, Эдуард. У наструненай цішыні : [аб кнізе Міколы Пракаповіча «Прытулак памяці»] / Эдуард Дубянецкі // Літаратура і мастацтва. 2018. 23 лістапада (№ 46). С. 6.
- Дубянецкі, Эдуард. Патрэба пераадолення : [пра раман Зінаіды Дудзюк «На парозе раю»] / Эдуард Дубянецкі // Літаратура і мастацтва. 2018. 17 жніўня (№ 32). С. 6.
- Дубянецкі, Эдуард. Загадкі Стральцова : [эсэ да 80-годдзя паэта Міхася Стральцова] / Эдуард Дубянецкі // Дзеяслоў. 2017. № 1(86). С. 268–275.
- Дубянецкі, Эдуард. Вандроўнік у прасторы і часе : [пра адметны творчы шлях паэта Алеся Разанава] / Эдуард Дубянецкі // Літаратура і мастацтва. 2017. 8 снежня. (№ 49). С. 7.
- Дубянецкі, Эдуард. Унікальны менталітэт беларусаў / Эдуард Дубянецкі // Беларуская думка. 1994. № 12.
- Дождь-художник : [стихи] / Эдуард Дубенецкий ; перевод Татьяны Бородули // Нёман. 2014. № 9. С. 89–90.
- Дубенецкий, Э. С. Толерантность белорусов: миф или реальность? : основные предпосылки духовной жизнедеятельности народа / Э. С. Дубенецкий, Н. Ф. Гребень // Народная асвета. 2012. № 7. С. 74–79.
Аб жыцці і творчасці Э. С. Дубянецкага
- Дубенецкий Эдуард Станиславович // Корзенко Г. В. Историки Беларуси в начале ХХІ столетия : биобиблиографический справочник / Г. В. Корзенко. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 100.
- Дубянецкі Эдуард Станіслававіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2005. Т. 1. С. 444–445.
- Дубянецкі Эдуард Станіслававіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 380.
- З чарады Страцім-Лебедзя... : [памяці Эдуарда Дубянецкага] // Наша слова. 2020. 4 сакавіка (№ 10). С. 5.
- Пазняк, А. Памёр навуковец з Чудзіна : [памяці гісторыка, пісьменніка, публіцыста Эдуарда Дубянецкага] / Аляксандр Пазняк // Ганцавіцкі час. 2020. 27 лютага (№ 9). С. 5.