{gcontent}Пасля заканчэння Мазырскай адзінай працоўнай школы 2-й ступені ў 1919 годзе настаўнічала на Палессі. Пайшла на грамадзянскую вайну, удзельнічала ў барацьбе з бандамі Булак-Балаховіча. Член ВКП(б) з 1921 года. У 1923 годзе скончыла Цэнтральную савецка-партыйную школу ў Мінску. Працавала загадчыцай палітаддзела ў Мазырскім, Бабруйскім павятовых камітэтах камсамола. У 1923–1924 гадах Вера Харужая працуе ў апараце Цэнтральнага Камітэта камсамола Беларусі, адначасова рэдагуе газету “Малады араты”, супрацоўніца часопіса “Полымя”, газеты “Чырвоная змена”.
У 1924 годзе Вера Харужая накіравана на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь, занятую Польшчай. У лютым 1924 года яна прыехала ў Брэст-над-Бугам і ўзначаліла работу заходнебеларускага камсамолу. З сакрэтнай перапіскі дэфензівы вядома, што ў Брэсцкай рускай гімназіі Вера сустракалася з гімназісткамі-камсамолкамі. За час знаходжання ў Польшчы яна наведала Баранавічы, Пружаны, Гродна, Пінск, Вільню і іншыя гарады.
З чэрвеня 1924 года В. Харужая – сакратар Цэнтральнага Камітэта камсамола Заходняй Беларусі, член Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Цэнтральнага Камітэта камсамола Польшчы.
В. Харужая гуртуе рэвалюцыйную моладзь вакол КСМЗБ, выступае ў нелегальным друку, на мітынгах, праводзіць сходы і нарады моладзі, арганізоўвае выданне нелегальнай газеты ЦК КСМЗБ “Малады камуніст”. Яна кіравала працай ІІ канферэнцыі КСМЗБ (Вільня, 1925), дэлегат ІІ канферэнцыі КПЗБ (1924) і ІІІ з’езда Камуністычнай партыі Польшчы (1925).
Паліцыя выкрыла В. Харужую, за рэвалюцыйную дзейнасць 15 верасня 1925 года яна была арыштавана ў Беластоку. На працэсе 31 студзеня 1927 года ў Брэсце-над-Бугам прысуджана да шасцi гадоў катаргі, а на працэсе 133-х у маі 1928 года ў Беластоку – да васьмi гадоў пазбаўлення волі. На судовых працэсах В. Харужая выступала з прамовамі ў абарону КПЗБ, выкрывала акупацыйны рэжым у Заходняй Беларусі. У 1928 годзе яе перавялі ў катаржную жаночую турму ў Фордан.
З заключэння В. Харужая вяла перапіску з сябрамі і роднымі, частка яе лістоў сабрана ў кнізе “Лісты на волю” (1931), якая выдавалася на рускай, беларускай і польскай мовах. Гэтую кнігу, напісаную ў турэмных засценках ў Польшчы, высока ацаніла Н. К. Крупская. За выдатныя заслугі ў рэвалюцыйным руху Заходняй Беларусі ў 1930 годзе В. Харужая ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У верасні 1932 года ў ліку 40 абменных палітычных зняволеных яна вяртаецца на Радзіму, у Мінск. Адзін з мінскіх тэатраў запрасіў гараджан на сустрэчу з палымянай рэвалюцыянеркай. У Мінску яна актыўна піша артыкулы, брашуры, звароты для выдавецтва КПЗБ.
У 1935 годзе В. Харужая едзе на будоўлю ў Балхаш (Сярэдняя Азія). Працавала інструктарам, загадчыцай агітадзела Балхашскага гаркома партыі, загагадчыцай Дома партасветы, узначальвала гарадское аргбюро МОПРа. Адмоўна адбіўся на лёсе В. Харужай ў гэты час неабгрунтаваны арышт органамі НКУС БССР яе мужа, былога члена ЦК КПЗБ Э. А. Ідаля, які ў 1938 годзе быў расстраляны.
10 жніўня 1937 года яе арыштоўваюць, абвiнавачваюць у супрацоўнiцтве з польскай разведкай і прысуджаюць да двух гадоў турмы. 15 жніўня 1939 года рашэннем суда В. Харужая была апраўдана і вызвалена з-пад варты.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі В. Харужая працуе ў Целяханах (Iвацэвiцкi р-н), у Пінскім абласным камітэце партыі. У яе быў другi муж Сяргей Гаўрылавiч Карнiлаў (загiнуў у першыя днi вайны) i чатырохгадовая дачка Аня. А пасля пачатку вайны нарадзiўся сын Сяргей.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, аставiўшы дзяцей сёстрам, якiя выехалі ў Пензу, В. Харужая змагалася ў партызанскім атрадзе, якім камандаваў В. З. Корж. Партызанскаму атраду, які знаходзіўся ў глыбокім тыле варожых войскаў, трэба было ўсталяваць сувязь з камандаваннем фронту. Гэтую задачу бліскуча выканала Вера Харужая.
У 1942 годзе на чале групы падпольных работнікаў была перакінута праз лінію фронту ў Віцебск. Яе група правяла шмат дыверсій на чыгунцы, заводах, збірала звесткі для камандавання савецкіх войскаў. 13 лістапада 1942 года гітлераўцы напалі на след групы. Вера Харужая разам са сваімі баявымі таварышамі была схоплена і 4 снежня 1942 года пасля жорсткіх катаў пакарана.
Званне Героя Савецкага Саюза Веры Захараўне Харужай прысвоена пасмяротна 17 мая 1960 года.
Жыццю і подзвігам В. З. Xаружей прысвечаны фільм “Письма к живым” (Беларусьфiльм, 1964), 2-я сімфонія кампазітара Кіма Цесакова. У шэрагу гарадоў і вёсак Беларусі ў гонар гераіні названы вуліцы і плошчы, школы, устаноўлены помнікі, мемарыяльныя дошкі (Мінск, Бабруйск, Мазыр, Баранавічы, Целяханы, Драгічын, Пружаны і інш.). У Брэсце яе імя з 1964 года носіць адна з вуліц горада. На доме, дзе ў 1927 годзе праходзіў суд над В. З. Харужай, усталявана мемарыяльная дошка (вул. Будзённага, 31). У Пiнску ў 1973 годзе ўстаноўлены помнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела
{/gcontent}
- Хоружая, В. З. Статьи и письма о комсомоле / Вера Захаровна Хоружая ; вступ. статья И. Хорватовича. 2 изд. Минск, 1975. 160 с. ; ил.
- Харужая, В. Дакументальная проза / Вера Харужая // Скрыжалi памяцi : з творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны : у 3 кн. Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. Кн. 3. С. 265–312.
- Харужая Вера Захараўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2003. Т. 16. С. 552–553.
- Харужая Вера Захараўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2 С. 60–61.
- Хоружая Вера Захаровна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в
7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 442–443. - Хоружая Вера Захаровна// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 445.
- Вера Харужая // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 258–259.
- Мемориальная доска Хоружей Вере Захаровне // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990.
С. 40–41. - Хоружая Вера Захаровна// Их именами названы улицы Бреста. Брест, 2000. С. 40.
- Хоружая Вера Захаровна // Улицы Бреста рассказывают… /
Л. Илларионова, Ю. Рубашевский и др. Брест : Вечерний Брест, 2007. С. 128–130. - Антонович, С. Трагедия КПЗБ : [о судьбе членов КПЗБ В. З. Хоружей и И. К. Логвиновича] // Антонович, С. Ушедшие в бессмертие : докум. очерки / Славомир Антонович. Минск, 2010. С. 31–43.
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. Са зместу [С. Г. Корнилов и В. З. Хоружая]: С. 273–274.
- Тумин, Ф. В историю города вписана : [об улице Веры Хоружей] /
Ф. Тумин // Брестский вестник. 2009. 5 февр. С. 16. - Шляпникова, А. «Какое я имела право обижаться на мать?!» : [дочь Веры Хоружей вспоминает о матери, рассказывает о семье] / Анна Сергеевна Шляпникова // Народная воля. 2007. 24 авг.
- Хоружая Вера Захаровна ;Хоружей улица // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 377–378.
- Жизнь, отданная борьбе/ сост. Н. А. Селедиевская,
А. И. Селедиевский, А. П. Ярохин. 2 изд., испр. и доп. Минск, 1983.
220 с. - Котельников, Б. «Нарвите подснежников…» : докум. повесть [о
В. З. Хоружей. Для детей] / Борис Котельников. Москва : Молодая гвардия, 1981. 174 с. : 8 л. ил. (Юные герои). - Булацкий, Г. В. Вера Хоружая – революционер, публицист /
Г. В. Булацкий, С. В. Талапина. Минск, 1978. 95 с. : ил. - Хоружая Вера Захаровна : [фотоальбом] / фото К. Л. Дробова,
Е. Ф. Коктыша ; авт. текста И. Г. Новиков. Минск, 1977. 19 с. : ил. - Новиков, И. Г. Вера Хоружая / И. Г. Новиков. Москва, 1973. 159 с.