Аўторак, 03 Верасень 2013 11:08

2013 г. – 430 гадоў з часу заснавання ў г. Брэсце адной з першых аптэк (1583)

У сярэднія вякі Магдэбургскае права давала гарадам прывілей на продаж “зёлак”.

{gcontent}З пісьмовых крыніц вядома, што ў ХV ст. лекавыя сродкі з Беларусі вывозілі ў суседнія землі.

Брэст у сярэдзiне ХVI ст. быў сталіцай стараства – адміністрацыйнай адзінкі Вялікага княства Літоўскага, з 1565 года – ваяводства. Горад станавіўся палітычным і культурным цэнтрам, тут праходзілі сеймы ВКЛ і Каралеўства Польскага, працавала друкарня. У 1566 годзе ў горадзе было 1135 двароў і 2128 асобных сямей, дзейнічалі 8 цэркваў, 5 касцёлаў і некалькі сінагог. Агульная кольцасць жыхароў складала каля 10 тысяч чалавек. У дакументах упамінаюцца 56 рамесных спецыяльнасцей берасцейцаў, сярод якіх – аптэкар Станіслаў.

Такім чынам, у 1566 годзе ў Брэсце была адна з першых аптэк на тэрыторыі Беларусі (першая – у 1561 годзе ў Пiнску). Знаходзілася аптэка Станіслава на Рыначнай плошчы – цяпер гэта пляцоўка перад Холмскімі варотамі на Цэнтральным востраве Брэсцкай крэпасці.

Вядома таксама, што ў 1577 годзе ўладальнікам аптэкі ў Брэсце быў Сымон Душынскі. У інвентары яго аптэкі лічыліся дзве аптэкарскія кнігі.

Доўгі час прафесіі аптэкара і лекара былі нераздзельнымі, і лекі гатавалі самі ўрачы. Яшчэ адна брэсцкая аптэка была заснавана ў 1583 годзе. Цырульнік (г. з. таксама хiрург) з Брэста Генрых Петэрсан атрымаў высачайшы дазвол уладкаваць ў замку склад “аптэкарскіх рэчаў”. Для гэтых мэтаў яму быў адведзены пляц, а яго дом і камора вызваляліся ад подацей і іншых павіннасцей. Цырульнікі ХVІ–ХVIII стст. (знойдзены звесткі пра 150 цырульнікаў у 40 гарадах Беларусі) лячылі людзей у, так бы мовіць, амбулаторных умовах, аказвалі хірургічную і тэрапеўтычную дапамогу.

Паводле даследавання В. П. Грыцкевіча, у ХVI–ХVIII стст. на тэрыторыі Беларусі было не меньш як 40 аптэк, што належалі прыватным асобам ці каталіцкім кляштарам. У маёнтках некаторых магнатаў былі дамашнія аптэкі, якія размяшчаліся ў спецыяльных будынках. Кошт лекаў быў даволі высокім, таму недаступным шырокім народных масам.

Асноўная частка лекавых сродкаў у аптэках таго часу была расліннага паходжання. Лекавую сыравіну збіралі ў натуральных умовах – на зямельных участках, якімі надзяляліся аптэкі і якія называліся аптэчнымі агародамі. З посуду і прыбораў у аптэках таго часу меліся перагонныя кубы, вагі, жбаны, шкляніцы, банкі, фляжкі, корабы і іншае. Прадукты апрацоўкі раслін (алей, смала, эссэнцыі, сокі) прымянялі і ў сумесі з хімікатамі і інгрэдыентамі жывёльнага паходжання. Пры вырабе лекаў карысталіся аптэкарскімі кнігамі. Абсталяванне аптэк Беларусі на саступала такому ж іншых еўрапейскіх аптэк таго часу.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Брестское РУП “Фармация”: вчера, сегодня, завтра. Брест, 2009. 182 с.: ил. Из содерж.: Становление и развитие аптек. – С. 11–13.
  2. Грицкевич, В. П. С факелом Гиппократа : Из истории белорусской медицины / В. П. Грицкевич. Минск : Наука и техника, 1987. 271 с.: ил. Из содерж.: Аптеки. – С. 64–68.
  3. Аптэка // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 235.
  4. Аптэка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 139.
  5. Бабкова, В. …І цуды, і страхі : эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага княства Літоўскага ХVІ–ХVІІ стст. / Вольга Бабкова. Мінск : Логвінаў, 2010. 150 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1692 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 12:29