Чацвер, 05 Верасень 2013 16:19

27 лютага 2013 г. – 65 гадоў з часу стварэння Брэсцкага абласнога анкалагічнага дыспансера (1948)

Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер быў створаны рашэннем аблвыканкама 27 лютага 1948 года.

{gcontent}Галоўным урачом назначаны Рыгор Аляксеевіч Сырнікаў. У штаце былі прадугледжаны 3,5 стаўкі ўрачоў, 2,5 стаўкі медсясцёр, 2 санітары, бухгалтар. З 1 сакавiка загадчыкам арганізацыйна-метадычнага кабінета стаў М. М. Скалькевіч, рэнтгенолагам – Я. Дз. Бандарэнка. Першапачаткова дыспансер размяшчаўся ў двух пакоях паліклінікі абласной бальніцы (вул. Пушкiнская, 17). З 1 верасня дыспансер узначаліў Васіль Васільевіч Зарэцкі.

У першыя гады існавання супрацоўнікі дыспансера праводзілі актыўную работу па выяўленні анкалагічных хворых ва ўсіх раёнах вобласці. Толькі за 1950 год ўрачамі ўстановы было агледжана больш за 30 тысяч чалавек. У 1950-я гады адбываўся працэс паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы дыспансера. Было выдзелена дадатковае памяшканне, а на базе абласной бальніцы для стацыянарнага лячэння адкрылася анкалагічнае аддзяленне на 25 ложкаў. У ліпені 1953 года дыспансеру было выдзелена памяшканне агульнай плошчай 127 кв. метраў на вул. Савецкіх пагранічнікаў, 7. У верасні новым галоўным урачом была прызначана Вера Аляксандраўна Папова, якая з 1957 года выконвала і абавязкі галоўнага анколага вобласці. У 1954 годзе стацыянар быў размешчаны ў асобным трохпакаёвым будынку на вул. Шырокай, 12, а палiклiнiка – на вул. Шырокай, 3. У 1956 годзе у дыспансеры працавалі 9 урачоў і 20 чалавек сярэдняга медперсаналу.

У канцы 1950-х гадоў у анкалагічнай сістэме Брэсцкай вобласці адбыліся істотныя змены. Былі ліквідаваны анкалагічныя кабінеты ў Пружанах, Кобрыне. Гэта значна павялічыла нагрузкі на абласны дыспансер. Існуючая матэрыяльна-тэхнічная база ўжо не адпавядала новым патрабаванням аховы здароўя, і ў 1964 годзе дыспансеру быў выдзелены двухпавярховы будынак на вул. Савецкіх пагранічнікаў, 54.

У 1970–1980-я гады матэрыяльна-тэхнічная база дыспансера ўдасканальвалася: былі абсталяваны аперацыйны і перадаперацыйны пакоі, клініка-біялагічная лабараторыя, рэнтгенкабінет, харчовы блок. Дыспансер пачаў камплектавацца новай медыцынскай аппаратурай. Павялічылася колькасць урачоў, колькасць абследаванных людзей. У гэты перыяд для развіцця анкалагічнай службы многа зрабілі галоўныя ўрачы Аляксандр Максімавіч Марчук, Генадзь Анатольевіч Малашыцкі, Іван Іванавіч Стукала.

1990-я гады адзначаліся далейшым удасканаленнем анкалагічнай службы, развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС набыла актуальнасць праблема росту анкалагічных хвароб. У 1992 годзе была ўведзена першая чарга дыспансера па вул. Медыцынскай, 6: палатны і радыёлагічны карпусы. У верасні 2001 год уведзена ў эксплуатацыю паліклініка. Другая чарга – хірургічны корпус на 220 ложкаў – пабудавана ў 2013 годзе.

У 2012 годзе дыспансер атрымаў сучаснае радыётэрапеўтычнае і рэнтгеналагічнае абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў. Брэсцкім анколагам сталі даступны сучасныя высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння. У дыспансеры працуе больш за 250 супрацоўнікаў, узначальвае калектыў кандыдат медыцынскіх навук Канстанцін Георгіевіч Шэлепень. Штогод у станцыянары праходзіць лячэнне каля 2,5 тысяч хворых, паліклініку наведваюць больш за 45 тысяч чалавек.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 {/gcontent}

  1. Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер / У. В. Здановіч, К. Г. Шэлепень // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 560–561.
  2. Шелепень, К. “Сейчас половина раковых больных полностью излечивается, остальным медицина существенно продлевает жизнь…” / Константин Шелепень ; беседовала Лариса Охремук // Заря. 2006. 21 нояб. С. 16–17.
  3. Охремук, Л. Когда на кону – жизнь : [о главном враче Брестского онкологического диспансера Константине Георгиевиче Шелепене] / Лариса Охремук // Народная газета. 2007. 13 студз. С. 4.
  4. Будчанина, К. Новые аппараты – новые возможности : [о новой аппаратуре в Брестском онкологическом диспансере] / Кристина Будчанина // Брестский вестник. 2013. 4 янв. (№ 1). С. 8.
  5. Козлович, В. Наступление на рак продолжается : [о новой аппаратуре в Брестском онкологическом диспансере] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2012. 28 дек. С. 4.
  6. Шелепень, К. Г. Опыт использования виртуальной симуляции в Брестском онкологическом диспансере / К. Г. Шелепень, В. Э. Пшебылинский, М. Н. Дым // Современные медицинские технологии в условиях регионального здравоохранения : сборник статей республиканской научно-практической конференции. Пинск, 5 окт. 2012 г. Пинск, 2012. С. 147–148.
  7. Гусева, Т. Жизнь на весах : [о научно-практической конференции онкологов в Бресте] / Татьяна Гусева // Вечерний Брест. 2005. 16 окт. С. 2.
  8. Григорьев, В. Руки хирурга : штрихи к портрету : [о старейшем хирурге Брестской области, заслуженном враче РБ Николае Иосифовиче Павлючуке] / В. Григорьев // Брестский курьер. 2005. 19 мая. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1762 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 12:31