{gcontent}У сувязі з надыходзячым фронтам Першай сусветнай вайны сям’я Петрушэўскіх была ў эвакуацыі. Аляксандр закончыў гімназію ў г. Бранску. У 1915 годзе прызваны ў армію, накiраваны ў Мiкалаеўскае пяхотнае вучылішча ў г. Кіеве, якое скончыў у 1916 годзе. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў чыне падпаручніка. З 8 жніўня 1918 года – у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, камандаваў стралковай ротай, батальёнам і палком на Паўднёвым фронце, быў паранены ў баі.
Пасля Грамадзянскай вайны Аляксандр Петрушэўскi камандаваў батальёнам. У 1923 годзе закончыў Вышэйшую тактыка-стралковую школу камсастава імя III Інтэрнацыяналу, у 1928 годзе – Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе. З 1932 года Аляксандр Васільевіч быў на выкладчыцкай рабоце.
З 1934 года – старшы кіраўнік кафедры механізаваных войскаў у Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе. У 1938 годзе скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба i быў прызначаны намеснікам начальніка штаба Беларускай (Заходняй) ваеннай акругі. Удзельнiк вызвалення Заходняй Беларусi ў 1939 годзе. 5 мая 1941 года ў званнi камбрыга прызначаны начальнікам штаба 13-й арміі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны – начальнік штаба 13-й арміі, камандуючы 46-й арміяй. Ваяваў на Цэнтральным, Бранскім , 1-м, 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, Курскам, за вызваленне Украіны. У якасці начальніка штаба 13-й арміі А. В. Петрушэўскі ўдзельнічаў у Беластоцка-Мінскай бітве. Зімою 1941 года 13-я армія ўдзельнічала ў абароне і вызваленні горада Ялец Ліпецкай вобласці. За дасягненні ў Ялецкай наступальнай аперацыі 27 снежня 1941 года А. В. Петрушэўскаму было прысвоена воінскае званне генерал-маёр.
Летам 1942 года 13-я армія удзельнічала ў Варонежска- Варашылаградскай абарончай аперацыі, у пачатку 1943 года – у Варонежска- Касторненскай наступальнай аперацыі, летам 1943 года – у бітве на Курскай дузе (у складзе Цэнтральнага фронту).
У верасні 1943 года А. В. Петрушэўскі атрымаў воінскае званне генерал-лейтэнант. Са снежня 1943 года камандаваў 104-м стралковым корпусам 40-й арміі 2-га Украінскага фронту, з якім удзельнічаў у Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Уманскай-Боташанскай аперацыях, фарсіраваў Днестр.
Асабліва А. В. Петрушэўскі вызначыўся ў Яска-Кішынёўскай аперацыі. 104-ты стралковы корпус пад яго камандаваннем 20 жніўня 1944 года прарваў абарону праціўніка каля г. Яссы (Румынiя), пераадолеў Трансільванскія Альпы і, прайшоўшы 600 кіламетраў, выйшаў да г. Піцешты, нанёсшы ворагу велізарную шкоду ў жывой сіле і тэхніцы. За гэты подзвіг А. В. Петрушэўскі 13 верасня 1944 года быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі “Залатая Зорка” (№ 2568).
У 1945 годзе ўдзельнічаў у баях на тэрыторыі Венгрыі. У сакавіку 1945 года прызначаны камандуючым 46-й арміяй 2-га Украінскага фронту, удзельнічаў у Венскай наступальнай аперацыі. Праз некалькі дзён 46-я армія падыйшла да мяжы з Чэхаславакіяй і ў маі 1945 года прыняла ўдзел у Пражскай наступальнай аперацыі.
Пасля вайны генерал-лейтэнант А. В. Петрушэўскі працягваў камандаваць 46-й арміяй. З чэрвеня 1946 года па люты 1947 года – начальнік штаба Закаўказскай ваеннай акругі. У 1947 годзе прызначаны старшым выкладчыкам у Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К. Я. Варашылава, ў тым жа годзе прызначаны Галоўным ваенным саветнікам пры Балгарскай народнай арміі. З 1950 года – намеснік камандуючага – начальнік штаба Заходне-Сібірскай ваеннай акругі.
З 1953 года – Галоўны ваенны саветнік пры Народна-вызваленчай арміі Кітая і адначасова ваенны аташэ СССР у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. 21 жніўня 1954 атрымаў воінскае званне генерал-палкоўнік. У 1957–1959 гадах А. В. Петрушэўскі быў начальнікам Ваенна-дыпламатычнай акадэміі Савецкай Арміі. З 1960 года – у адстаўцы. Жыў у Маскве, працаваў у Савецкім камітэце ветэранаў вайны.
Аляксандр Васільевіч меў ўзнагароды: медаль “Залатая Зорка” Героя Савецкага Саюза, тры ордэны Леніна (1944; 1944; 1945), пяць ордэнаў Чырвонага Сцяга (1941; 1943; 1944; 1949), ордэн Кутузава I-й ступені (1945), два ордэны Суворава II-й ступені (1943; 1944), ордэн Чырвонай Зоркі (1941), а таксама медалі і замежныя ордэны і медалі.
У Аляксандра Васільевіча былі жонка Марыя Барысаўна (1902–1983), сын Усевалад (1925–1991).
Аляксандр Васільевіч Петрушэўскі памёр 21 кастрычніка 1976 года. Прах пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Імем А. В. Петрушэўскага названы завулак у Лунінцы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Лунінецкай цэнтральнай раеннай бібліятэкай. Бабута Алена Уладзіміраўна, гал.бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.
{/gcontent}
- Петрушэўскі Аляксандр Васілевіч ; Петрушевский Александр Васильевич // Ваенная энцыклапедыя Беларусi = Военная энциклопедия Беларуси. Минск, 2010. С. 763–764.
- Петрушевский Александр Васильевич // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 323.
- Петрушевский Александр Васильевич // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Борис Долготович. Мінск : БелЭн, 2005. С. 117–118.
- Петрушевский Александр Васильевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2005 : К 60-летию Победы в Великой Отечественной войне. Т. 1. Минск, 2005. С. 231.
- Петрушэўскі Аляксандр Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭн, 2001. Т. 12. С. 336.
- Петрушевский Александр Васильевич // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва : Воениздат, 1988. Т. 2. С. 263.
- Петрушэўскі Аляксандр Васільевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна / уклад. Т. В. Канапацкая. Мінск : Беларусь, 1995. С. 622–623.
- Петрушэўскі Аляксандр Васільевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 : энцыклапедыя / рэд. кал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мінск : БелЭН імя П. Броўкі, 1990. С. 493.
- Калинкович, Н. Н. Наш земляк генерал Петрушевский // Калинкович, Н. Н. Лунинец : историко-экономический очерк / Н. Н. Калинкович. Минск : Полымя, 1990. С. 83–86.
- Наш земляк – герой-палкаводзец : [пра Героя Савецкага Саюза А. В. Петрушэўскага] // Лунінецкія навіны. 2009. 14 жн. С. 4.
- Боевые действия Красной Армии в Чехословакии // История Великой Отечественной войны 1941–1945 : в 6 т. Москва, 1963. Т. 5. С. 306.
- Завершение освобождения Чехословкии // История Великой Отечественной войны 1941–1945 : в 6 т. Москва, 1963. Т. 5. С. 324.
- Наступление советских войск на венском направлении. Освобождение восточных районов Австрии // История Великой Отечественной войны 1941–1945 : в 6 т. Москва, 1963. Т. 5. С. 207.