Чацвер, 05 Верасень 2013 16:29

5 верасня 2013 г. – 65 гадоў з дня нараджэння (1948) Віктара Георгіевіча Пірскага, майстра спорту СССР, заслужанага трэнера Беларусі

Віктар Георгіевіч Пірскі нарадзіўся 5 верасня 1948 года ў г. Лунінец Брэсцкай вобласці ў сям’і чыгуначнікаў.

{gcontent}Скончыў восем класаў Лунінскай сярэдняй школы ў 1963 годзе. У школе Віктар захапляўся фізкультурай, гуляў у футбол, бегаў на лыжах, нават падабалася падымаць 32-кілаграмовую гіру.

У 1967 годзе скончыў Свярдлоўскае горнае прафесійнае тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці машыніст вугальных і праходніцкіх камбайнаў. У вучылішчы пазнаёміўся са спартыўнай барацьбой, з’явілася мара вучыцца ў фізкультурным інстытуце. У 1973 годзе ён закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры па спецыяльнасці “фізічная культура і спорт”, кваліфікацыя па дыплому – выкладчык-трэнер.

У перыяд з 1967 па 1969 год працаваў трэнерам Свярдлоўскага гарсавета ДСО “Авангард” Луганскай вобласці (Украіна). З 1973 года – настаўнік фізкультуры СШ № 16 г. Мінска, з 1976 года – завуч ДЮСШ № 7. Затым працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы СДЮШАР г. Мінска з вядзеннем трэнерскай работы па вольнай барацьбе (1978), а з 1979 года – намеснікам дырэктара СДЮШАР Мінскага гарадскога спартыўнага камітэта. Дырэктарам СДЮШАР па барацьбе Мінскага гарадскога ўпраўлення па фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Георгіевіч працаваў у 1983–2010 гадах.

Пад кіраўніцтвам В. Г. Пірскага калектыў паспяхова вырашаў задачы па падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, членаў зборных нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь. Штогод да 40 навучэнцаў і выпускнікоў школы ўваходзілі ў склады зборных нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь. Шэраг навучэнцаў школы штогод станавіліся пераможцамі і прызёрамі юніёрскіх і кадэцкіх чэмпіянатаў свету, Еўропы, СССР, СНД і РБ. В. Г. Пірскі з’яўляўся суддзёй нацыянальнай катэгорыі, актыўна ўдзельнічаў у рабоце Рэспубліканскіх федэрацый па відах адзінаборстваў. На працягу многіх гадоў з’яўляўся старшынёй гарадской федэрацыі дзюдо.

Яго асабістыя навучэнцы станавіліся чэмпіёнамі і прызёрамі сусветных і еўрапейскіх першынстваў, пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў. Сярод вучняў, якія дабіліся высокіх вынікаў, Вячаслаў Пірскі (сярэдні сын) – бронзавы прызёр юнацкага першынства СНД (1992, Херсон, Украіна), чэмпіён свету сярод моладзі (1993, Афіны), бронзавы прызёр юніёрскага першынства Еўропы (1994), пераможца Спартакіяды СНД па вольнай барацьбе (1995, Санкт-Пецярбург), чэмпіён Еўропы па сумо (2001); Аляксандр Пірскі (малодшы сын) – бронзавы прызёр першынства Еўропы сярод кадэтаў па вольнай барацьбе (2000).

Больш за тысячу паядынкаў правялі прадстаўнікі дынастыі Пірскіх. У іх актыве ўзнагароды чэмпіянатаў свету і Еўропы, краіны. У кожнага з чатырох прадстаўнікоў дынастыі свае заслугі і дасягненні.

За перыяд работы з 1978 па 2008 год у СДЮШАР пры ўдзеле Віктара Пірскага падрыхтаваны 18 майстроў спорту міжнароднага класа Республікі Беларусь, 282 майстры спорту Рэспублікі Беларусь, 1042 кандыдаты ў майстры спорту і спартсмены І разраду.

У 1993 годзе за шматгадовую практычную дзейнасць па развіццю фізічнай культуры і спорту, якая садзейнічала падрыхтоўцы спартсменаў высокага класа, Віктару Георгіевічу прысвоена званне “Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь”. Неаднаразова В. Г. Пірскі ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама. У 1998 годзе ўзнагароджаны ганаровым знакам Міністэрства спорту і турызму “За развіццё фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь”. Майстар спорту СССР па вольнай барацьбе (1971), заслужаны трэнер РБ, суддзя нацыянальнай катэгорыі, старшыня федэрацыі дзюдо г. Мінска.

У цяперашні час В. Г. Пірскі працуе ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі адзінаборстваў (РЦАПА).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бабута Алена Уладзіміраўна, гал.бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 {/gcontent}

  1. Пирский Виктор Георгиевич // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 335–336.
  2. Голуб, Д. Борьба Пирских : [биография В. Г. Пирского] / Денис Голуб // Минский курьер. 2010. 16 нояб. (№ 209). С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1726 разоў Апошняя змена Серада, 18 Лістапад 2020 15:49