На тэрыторыі Астрамечаўскага сельскага савета ў 1949 годзе было арганізавана 6 сельгасарцелей: 8 лютага ў в. Астрамечава – “Памяць Ільіча” (старшыня Данілюк Андрэй Васільевіч), у в. Цюпрыкі – “Новае жыццё” (старшыня Пятручык Фёдар Карнеевіч); 11 лютага ў в. Кашылава – “Чырвоная зорка” (старшыня Данілюк Іван Антонавіч); 16 лютага ў в. Малыя Сухарэвічы – “Чырвоны партызан” (старшыня Вайцюк Данііл Карнілавіч); 7 сакавіка ў в. Рудавец – “8 Сакавіка” (старшыня Сямак Фёдар Паўлавіч); прыкладна ў гэты ж час у в. Уладычыцы – “Імя Варашылава” (старшыня Сацюк Серафім Варфаламеевіч).
На першым агульным сходзе сялян в. Астрамечава прысутнічалі 77 чалавек. Былі разгледжаны 44 заявы аб уступленні ў калгас. У выніку адкрытага галасавання першым старшынёй калгаса з трох кандыдатур быў абраны Андрэй Васільевіч Данілюк. Членамі праўлення сталі: Сямён Піліпавіч Мізэрыя, Сямён Дзямідовіч Шыш, Аляксей Міронавіч Казаўчук і Міхаіл Ульянавіч Паднюк; членамі рэвізійнай камісіі: Канстанцін Аляксандравіч Ляўчук і Алена Іванаўна Курачкіна.
Ужо ў сакавіку ў калгасе былі скамплектаваны 4 брыгады: 1-я паляводчая (брыгадзір Паднюк Міхаіл Ульянавіч, замацавана 19 коней), 2-я паляводчая (брыгадзір Місіюк Іван Міронавіч, замацавана 20 коней), 3-я паляводчая (брыгадзір Мізэрыя Сямён Піліпавіч, замацавана 19 коней), будаўнічая (брыгадзір Муляўка Фёдар Аксенцьевіч, лічылася 5 чал.). А таксама: агародніцкае звяно (звеньявы Ляўчук Канстанцін Аляксандравіч), супрацьпажарная каманда (3 чал.). Намеснікам старшыні прызначаны брыгадзір 1-й паляводчай брыгады М. У. Паднюк.
2 сакавiка 1949 года ў карыстанне калгаса «Памяць Ільіча» было адведзена 780 га зямлі (рашэнне № 124 выканкама Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных). 23 верасня 1949 года ў сувязі з выдачай калгасу дзяржаўнага акта на вечнае карыстанне зямлёй выканкам вырашыў замацаваць за калгасам «Памяць Ільіча» зямельную тэрыторыю агульнай плошчай 1043 га.
У сувязі з узрослай дапамогай дзяржавы сельскай гаспадарцы трактарамі, камбайнамі і іншымі матэрыяльна-тэхнічнымі сродкамі, а таксама кадрамі спецыялістаў, ствараліся ўмовы для ўздыму сельскай гаспадаркі. Аднак сур’ёзнай перашкодай для далейшага развіцця і ўмацавання калгасаў з’яўлялася наяўнасць значнай колькасці дробных калгасаў, у якіх не было магчымасці выкарыстоўваць з высокай прадукцыйнасцю тэхніку, цяжка ажыццяўляць стварэнне буйных жывёлагадоўчых ферм, будаўніцтва добраўпарадкаваных сёлаў і г. д.
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР № 737 ад 17 чэрвеня 1950 “Аб узбуйненні дробных калгасаў” і рашэннем Брэсцкага аблвыканкама № 630 ад 11 жніўня 1950 года ў Брэсцкім раёне пачалася кампанія па ўзбуйненні дробных калгасаў. Першым аб’яднаннем на ўваходзячай сёння ў склад СВК тэрыторыі стала аб’яднанне калгасаў імя Молатава (в. Кустынь), імя Мічурына (в. Лышчыцы) і “17 верасня” ў адну сельскагаспадарчую арцель імя Мічурына – у 1951 годзе.
У Астрамечаўскім сельскім Савеце першае аб’яднанне калгасаў адбылося 30 сакавіка 1952 года. На аб’яднаным агульным сходзе членаў калгасаў “Новае жыццё” і “8 Сакавіка” было вырашана аб’яднаць гэтыя калгасы ў адну сельскагасарцель “Новае жыццё”. 24 снежня 1952 года на агульным сходзе членаў калгаса “Памяць Ільіча” вырашалася пытанне аб узбуйненні калгасаў “Чырвоная зорка”, “Чырвоны партызан”, “Імя Варашылава”. Было вырашана аб’яднаць гэтыя гаспадаркі ў адну сельскагаспадарчую арцель “Памяць Ільіча”, старшынёй абраць Сямёна Піліпавіча Мізэрыю і “замацаваць у карыстанне ўзбуйненага калгаса 2696 га зямлі”.
29 студзеня 1954 года адбылося аб’яднанне калгасаў “Памяць Ільіча” і “Новае жыццё”. Новы калгас “Памяць Ільіча” валодаў ужо 4033 га зямлі. 15 мая 1981 года “Памяць Ільіча” аб’яднаўся з калгасам “Імя Мічурына”, у які ўваходзілі 555 членаў калгаса. Назва буйнога калгасу засталася нязменнай – “Памяць Ільіча”. 16 кастрычніка 1982 года на агульным сходзе калгасаў “Памяць Ільіча” і “Кастрычніцкая Рэвалюцыя” было вырашана аб’яднаць гэтыя дзве гаспадаркі ў адзін калгас і прысвоіць яму назву калгас-камбінат “Памяць Ільіча” з цэнтральнай сядзібай ў в. Астрамечава. Выканкам абласнога Савета народных дэпутатаў вырашыў да таго ж перадаць зямельны ўчастак плошчай 496,9 га ад калгаса “Ленінскі шлях” Камянецкага раёна калгасу-камбінату “Памяць Ільіча”. 12 чэрвеня 1986 года да калгаса-камбіната былі далучаны частка зямель саўгаса “Заходні” – вёскі Яцкавічы, Пагубяцічы, Сегенеўшчына Брэсцкага раёна. Цяпер у склад гаспадркі ўваходзяць 17 населеных пунктаў.
За час існавання калгаса шэраг работнікаў быў ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі: Праскоўя Дзмітрыеўна Шыш (ордэн Леніна і ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі), Вера Сцяпанаўна Шыш (ордэн “Знак пашаны”), Міхаіл Ульянавіч Паднюк (ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга), Сямён Піліпавіч Мізэрыя (два ордэны “Знак пашаны”), Сцяпан Сцяпанавіч Кандрацюк (ордэн Працоўнай Славы), Уладзімір Уладзіміравіч Аскірка, Лідзія Міхайлаўна Мітрафанава, Яўген Мікалаевіч Шыбун, Валянціна Паўлаўна Хамук, Віктар Герасімавіч Козіч, Аляксей Аляксеевіч Давідзенка, Алег Анатольевіч Бурак, Аляксандр Міхайлавіч Якубоўскі і інш.
13 жніўня 1992 года калгас-камбінат “Памяць Ільіча” ператвораны ў сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства “Астрамечава”. 10 ліпеня 2003 года перайменавана ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Астрамечава”.
Узначальвае гаспадарку з сакавіка 1982 года Аляксей Сцяпанавіч Скакун, заслужаны работнік сельскай гаспаркі РБ (1993), доктар эканамічных навук, член-карэспандэнт НАН РБ (2009). А. С. Скакун узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1986), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), медалём “За працоўную адзнаку” (1973).
На сённяшні дзень СВК “Астрамечава” – адзін з найбуйнейшых у Беларусі сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў. Асноўны напрамак – мясамалочны, працуе комплекс на 8,5 тыс. галоў. Таксама створаны зверакомплекс па вырошчванні каштоўнага пушнога звера – норкі. Зверакомплекс мае статус “племянной гаспадаркі”, дзе вырошчваецца сем каляровых груп. Маецца свой цэх па вырабу і цэх па пашыве футра норкі.
Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2008 годзе сярод комплексаў па вытворчасці ялавічыны першае месца прысуджана калектыву СВК “Астрамечава”. Прадукцыя прадпрыемства – яблыкі “Залатыя лустачкi” стала лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь – 2010 года” ў намінацыі “Харчовыя тавары”. Прадпрыемства было занесена на рэспубліканскую Дошку Пашаны па выніках спаборніцтва за 2012 год.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Васiлюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф
1. Остромечево ; “Остромечево” // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 176–177.
2. Астрамечава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2006. С. 95–96.
3. «Остромечево» // Республика Беларусь: энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 5. С. 644.
4. Астрамечава // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1998. С. 533–534.
5. Скакун, А.С. Единственный выход, или Три НЭПа “Остромечево” / А.С.Скакун ; лит. обраб. О. А. Степаненко.Минск: Беларусь, 2008. 431с., 16 л. ил.
6. Скакун, А. С. Право на жизнь : [сельскохозяйственное коллективное предприятие “Остромечево”] / А.С.Скакун. Минск: Ураджай, 2001. 198с., 10 л. ил.
7. Скакун, А. С. Дорога в завтра : колхоз-комбинат “Память Ильича” / А.С. Скакун. Минск: Ураджай, 1992.214 с. : ил.
8. Скакун, А.С. Деревенская политэкономия / А.С.Скакун. Москва: Агропромиздат, 1990. 127 с.
9. Скакун, А. С. Ориентир – новые высоты / А. С. Скакун. Минск : Ураджай, 1986. 223 с. : ил.
10. Скакун Алексей Степанович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2004. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 257.
11. Апрелев, В. Наши на доске почёта / Владимир Апрелев // Заря. 2013. 6 июля. С. 2.
12. Тоболич, А. Отчётно-выборный марафон: “Остромечево”, “Беловежский”, “Федорский” / Адам Тоболич // Заря. 2013. 26 февр.
13. Екель, Л. В “Остромечево” всё путём / Леонид Екель // Советская Белоруссия. 2012. 11 марта. С. 12.
14. Курец, А. Четыре НЭПа от Алексея Скакуна/ Александр Курец // Белорусская нива. 2011. 1 марта.
15. СПК “Остромечево” – на республиканской доске почёта // Заря над Бугом (Брест). 2010. 8 мая. С. 2.
16. Козлович, В. Четвёртая ступень ускорения / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2010. 11 нояб.
17. Глебов, О. Четвёртый НЭП “Остромечево” / Олег Глебов // Заря. 2010. 11 марта. С. 4.
18. Бунеева, Л. Неизвестное Остромечево со страниц книги Ивана Панасюка / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 16 апр. С. 7.
19. Мощик, С. Четверть века, которые преобразили деревню: четырнадцатый председатель / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2009. 13 февр.
20. Сабіна, П. Сузор’е “Астрамечава” / П. Сабіна // Полымя. 2009. № 3. С. 123–129.
21. Мартовская, С. Алексей Скакун: «Реформы в колхозе я начинал с проволочной сетки» / С. Мартовская // Обозреватель. 2009. 7 авг. С. 2, 4.
22. Курец, А. Остромечевские высоты чётче просматриваются сквозь годы / Александр Курец // Заря над Бугом (Брест). 2009. 14 февр. С. 1, 3.
23. Курец, А. 60 – возраст молодой / Александр Курец // Заря над Бугом (Брест). 2009. 18 февр. С. 1.
24. Крят, Д. Три НЭПа Алексея Скакуна/ Дмитрий Крят // Советская Белоруссия. 2009. 18 июля. С. 2.
25. Карлюкевіч, А. “Астрамечава”: адраджэнне гаспадара / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. 2007. № 9. С. 142–143.
26. Екель, Л. Земное притяжение / Леонид Екель // Советская Белоруссия. 2005. 12 авг. С. 7.
27. Будущее села – за крупнотоварным производством : [СПК “Остромечево”] // 7 дней. 2005. 19 мая. С. 7.
28. Ліпскі, У. Мужык : дакументальная аповесць / Уладзімір Ліпскі. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2011. 213 с., [16] л. іл.
29. Сiтуха, У. Генералы зямлі : паэма : 2-я частка трылогіі / Уладзiмiр Сiтуха. Брэст : Академия, 2006. 182 с.
30. Сiтуха, У. Скакуны : паэма: 1-я часткатрылогіі / УладзiмiрСiтуха. Брэст : Академия.2005. 187с.