З часу заснавання школы і па сённяшні дзень пасаду дырэктара займае Уладзімір Сцяпанавіч Грыцук, выкладчык па класу акардыёна.
У першы год навучання ў музычнай школе налічвалася 90 вучняў і працавалi шэсць настаўнікаў па класах: фартэпіяна, баян, акардыён, духавыя інструменты. У 2008 годзе быў адкрыты клас цымбал. У 2007–2011 гадах пад кіраўніцтвам Мікалая Аляксеевіча Дзенісюка пры школе дзейнічаў дзіцячы ансамбль саксафаністаў.
Зараз у школе працуе 10 настаўнікаў. Колькасць вучняў на 1 верасня 2012 года склала 83 чалавекі. Навучанне ў музычнай школе ажыццяўляецца на платнай аснове, выключэнне складаюць мнагадзетныя сем’і і сем’і, якiя выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
Высокаўская музычная школа ажыццяўляе актыўную канцэртную дзейнасць. Яе навучэнцы і педагогі прымаюць удзел у культурна- пазакласнай рабоце, з’яўляюцца пастаяннымі гасцямi на ўрачыстых лінейках агульнаадукацыйнай школы і гарадскіх святах. У канцы кожнага навучальнага года ў музычнай школе праходзяць справаздачныя канцэрты, якія становяцца значнай падзеяй ў жыцці горада.
Выхаванцы музычнай школы ўдзельнічаюць у абласных, міжнацыянальных і міжнародных конкурсах і фестывалях, неаднаразова былі ўзнагароджаны дыпломамі, граматамі і прызамі. Прымалі ўдзел у фестывалі фартэпіяннай музыкі “Пінская вясна – 2008”, IVабласным фестывалі дзіцячай фартэпіяннай музыкі (2008), міжнацыянальным музычным конкурсе “Золота троянда” (Львоў, Украiна; 2008), VIмаладзёжным музычным фестывалі “Золота троянда” (2010), міжнародных фестывалях “Мы вместе” (Брест; 2011) і “Музыка без границ” (Друскінінкай, Літва; 2012).
Музычная школа пакідае значны след у жыцці сваіх навучэнцаў, дапамагае ім пераканацца ў выбары прафесіі. Нямала выхаванцаў сталі прафесійнымі музыкантамі, скончылі акадэмію музыкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф
1. Лінкевіч, Л. І. Высокае, 1494–1994, 500 гадоў : ілюстраваны гістарычна-архітэктурны нарыс / Л. І. Лінкевіч, Л. М. Несцярчук, Ю. І. Сахарчук. Брэст, 1994. – Са зместу: Музычная школа. – С. 18.