Аўторак, 13 Май 2014 12:24

24 лютага 2014 г. – 150 гадоў з дня нараджэння Станіслава Карповіча (1864–1921), педагога, грамадскага дзеяча, асветніка

Станіслаў Карповіч нарадзіўся 24 лютага 1864 года ў вёсцы Хацішча Навагрудскага павета Мінскай губерніі (цяпер у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці) у памешчыцкай сям’і.

Быў сынам Казіміра Карповіча і Альбіны з Шпераньскіх.

Пачатковую адукацыю Станіслаў атрымаў у хатніх умовах у маёнтку Крапіўна на Міншчыне, з 1874 года вучыўся ў гімназіях спачатку ў г. Рызе, потым у г. Слуцку. Бацькі мелі намер даць яму ўніверсітэцкую адукацыю ў Расіі, але, сутыкнуўшыся там з казённачыноўніцкім прымусам, Станіслаў Карповіч вырашыў заняцца самаадукацыяй.

У 1882 годзе ён выехаў на Каўказ, дзе ў наваколлі Тыфліса (зараз – Тбілісі) працаваў бухгалтарам, сакратаром на біржы i інш. У 1884 годзе вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у прыватных дамах Вільні, потым у вёсках у розных гаспадароў.

3 самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці Станіслаў Карповіч выкарыстоўваў прагрэсіўныя метады навучання моладзі, даваў найноўшыя тэарэтычныя i практычныя веды. Ён распрацаваў асновы самаадукацыі i ў 1890 годзе склаў дапаможнік “Што чытаць”, рукапіс якога быў забаронены цэнзурай i канфіскаваны.

Пасля смерці бацькі ў 1892 годзе С. Карповіч пераехаў у Варшаву, там узначаліў маладзёжныя гурткі самаадукацыі, зблізіўся з варшаўскай інтэлігенцыяй, супрацоўнічаў з мясцовымі перыядычнымі выданнямі, друкаваў свае артыкулы на тэмы самаадукацыі. Часта наведваў Навагрудчыну, аб’язджаў вёскі i сядзібы, наладжваў дыскусіі па пытаннях самаадукацыі, дапамагаў у арганізацыі бібліятэк на Міншчыне.

Педагагічныя погляды С. Карповіча фарміраваліся пад уплывам пазітывізму і матэрыялістычнай філасофіі. С. Карповіч паставіў перад сабою задачу пераадолець тагачасныя вольнасці ў інтэрпрэтацыях выхаваўчых з’яў і стварыць навуку аб выхаванні, або педагогіцы, заснаванай на аб’ектыўных тэарэтычных прынцыпах. Гэта павінна была быць навука “ўсебаковага фарміравання чалавека згодна патрабаванняў прыроды, у адпаведнасці з патрэбнасцямі грамадства”. С. Карповіч знаходзіўся пад выразным уплывам сацыялістычных ідэй. Асноўным тэзісам педагагічнай сістэмы С. Карповіча з’яўляецца палажэнне аб цеснай залежнасці паміж працэсам чалавечага жыцця і наваколля.

У 1896 годзе разам з М. Баркоўскім заснаваў у Варшаве кнігарню, у якой побач з іншымі выданнямі былі аддзелы нот i школьнай літаратуры. А ў 1899 годзе С. Карповіч заснаваў уласнае выдавецтва нот.

Па ініцыятыве С. Карповіча ў 1903 годзе ў Варшаве ўзнікла тайнае Таварыства педагагічнае, якое ён узначальваў да яго роспуску ў 1905 годзе. Заснаваў тайныя курсы для настаўнікаў, дзе выкладаў педагогіку. Затым, пасля іх закрыцця, выкладаў на курсах легальных да 1911 года. Таксама выкладаў ва “Універсітэце для усіх”, які быў зачынены ў 1908 годзе. Выкладаў у Таварыстве культуры польскай. У 1911 годзе стварыў уласную выхаваўчую ўстанову для дзяцей 5–10 год пад назвай “Дом дзіцячы”.

У час Першай сусветнай вайны С. Карповіч быў у Ваўкавыску, потым пераехаў у Маскву, дзе працаваў выхавацелем у інтэрнаце для хлопчыкаў. У 1918 годзе разам з сям’ёй вярнуўся ў Варшаву. Падаў у Міністэрства працы і апекі грамадскай падрыхтаваную ім праграму курсаў пачатковага выхавання і навучання, намагаўся зноў адкрыць “Дом дзіцячы”. Займаўся выкладчыцкай справай.

Навуковая і публіцыстычная творчасць С. Карповіча складае каля 70 апублікаваных прац. Яго асноўныя творы па адукацыі моладзі: “Навука аб выхаванні” (1902), “Наша літаратура для моладзі”, “Скарбы чалавецтва» (абодва 1904) i інш. Быў таксама рэдактарам і суаўтарам трох зборнікаў-чытанак для дзяцей “Наш свет” (1906), якія вытрымалі некалькі перавыданняў. У 1914 годзе напісаў кнігу аб сваіх педагагічных поглядах, але яна засталася ў рукапісе.

С. Карповіч быў жанаты на Марыі Кручэўскай, яны мелі сына Вацлава, дачок Ванду і Галіну. Вацлаў Карповіч загінуў у час ваенных дзеянняў 1920 года, што было для бацькі цяжкім ударам.

Станіслаў Казіміравіч Карповіч памёр 16 чэрвеня 1921 года ў Атвоцку каля Варшавы, там жа быў пахаваны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 годзе Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Біч Таццяна Анатольеўна, бібліёграф

 

1.     Karpowicz Stanisław // Nowa Encyklopedia Powszchna PWN. Warszawa, 2004. Т. 4. S. 304.

2.     Konarski, S.Karpowicz Stanisław / Stanisław Konarski // Polski Słownik Biograficzny / Polska Akademia Nauk. Instytut Historii. WrocławWarszawaKraków, 1966–1967. Т. 12. S. 121–123.

3.     Савченко, Н. С.Проблемы воспитательной среды и развитие польской «общественной педагогики» во второй половине ХIХ века / Н. С. Савченко // Фан-наука : периодический журнал научных трудов. 2012. № 12 (15). С. 53–57. Из содерж.: Станислав Карпович. С. 54–55.

4.     http://spadchyna.net/index.php?option=com_content&view=article&id=1072:
2009-11-17-12-19-22&catid=36:2009-10-27-12-02-55&Itemid=467

5.     http://www.radzima.org/be/fota/39251.html

6.     http://www.belreform.org/news/220903_res.php

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1673 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:14