Атрымала бліскучую адукацыю, ведала права, геаграфію, латынь, тэалогію, філасофію і матэматыку. Сустракалася з вялікім Леанарда да Вінчы, які працаваў у палацы яе бацькоў Джана Галеацца Сфорца і Ізабеллы Арагонскай.
18 красавіка 1518 года яна стала другой жонкай караля Польшчы і вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта I Старога. Бона стала каралевай у 24 гады і ўвайшла ў гісторыю як неардынарная і ўладная асоба. Закаханы Жыгімонт называў жонку “найяснейшай паннай”, надзяляў незлічонымі ўладаннямі.
Бона Сфорца імкнулася павялічыць палітычную ўладу караля і вялікага князя шляхам умацавання яе эканамічнай асновы. Яна значна пашырыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонкаў, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі. Як ні дзіўна, але Бона выступала супраць уніі Польшчы і ВКЛ. Хоць за гэтым стаяла асабістая выгада: яна не хацела са сваіх шматлікіх уладанняў у Вялікім княстве (у тым ліку Кобрынскай воласці ў Берасцейскім павеце) плаціць падаткі ў польскую казну. Каралева і вялікая княгіня садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і ператварэнню іх у сельскагаспадарчыя ўгоддзі, узнікненню некаторых населеных пунктаў на Беларусі.
Пры яе падтрымцы ў 1523 годзе ў Кракаве была выдадзена паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Выдатна адукаваная, яна імкнулася зрабіць з Жыгімонта I абсалютнага манарха не толькі ў палітычных, але і ў фінансавых адносінах. Павелічэнне асабістай уласнасці двара стала адным з галоўных клопатаў каралевы Боны. Вядома, каралю даводзілася спачатку абмяжоўвацца ўнясеннем паправак у выдадзеныя раней прывілеі. Напрыклад, права на валоданне Кобрынам Вацлаву Касцевічу было захавана, аднак указвалася, што пасля яго смерці ўладальніцай Кобрынскага староства стане Бона. I ў 1532 годзе, ледзь толькі былы каралеўскі маршалак Касцевіч памёр, каралева спрытна распарадзілася ўсёй рухомай і нерухомай маёмасцю на кобрынскіх землях. Яна выкупіла маёнткі, якія належалі іншым феадалам, і аб’яднала гэтыя разрозненныя ўладанні, стварыўшы такім чынам маналітную адміністрацыйную і эканамічную адзінку. Так Кобрынскае староства стала поўнай уласнасцю караля (дакладней, самой Боны) і ў якасці павета ўвайшло спачатку ў склад Падляшскага, а потым у 1566 годзе Берасцейскага ваяводстваў.
З 1532 года фактычна ўзнікла Кобрынская эканомія. У яе склад уваходзілі тры гарады – Кобрын, Дабучын (Пружаны) і Гарадзец, пад упраўленнем якіх знаходзілася 6 валасцей: Кобрынская, Чараваціцкая, Вежацкая, Дабучынская, Блудзенская і Гарадзецкая; 8 фальваркаў, 98 вёсак.
Каралева часта наведвала свае маёнткі. Не спадзяючыся на аканомаў, сама ўнікала ў дробныя дэталі і падрабязнасці. Некалькі разоў яна прыязджала і ў Кобрын. Клапоцячыся аб павелічэнні даходаў, Бона заахвочвала развіццё земляробства, гандлю, рамёстваў. Яна праяўляла клопат аб чысціні належачых ёй пасяленняў. Бона загадала будаваць дамы “пад шнур” і ствараць праекты будаўніцтва і добраўпарадкавання горада. Пры ёй была прыведзена ў парадак замкавая служба.
З пачатку 1550-х Бона разгарнула актыўную дзейнасць па правядзенню аграрнай рэформы на прыналежных ёй землях, падчас якой праводзіліся абмеры зямель і падзел іх на валокі. Перасяляла сялян у аддаленыя нешматлікія маёнткі, кантралявала стараст, была актыўным правадніком аграрнай рэформы. Каралева клапацілася аб культуры земляробства, уводзіла новыя віды і спосабы апрацоўкі зямель.
Правядзенне зямельнай рэформы і засяленне раней неабжытых зямель запатрабавала таксама правядзення меліярацыйных работ. Так была зроблена спроба асушыць балота на поўдзень ад Кобрына. Але самым удалым меліярацыйным мерапрыемствам Боны стала пракладка канала, названага ў яе гонар. Канал даўжынёй 34 км, які стаў правым прытокам ракі Мухавец, пачынаецца каля вёскi Завора (Маларыцкі раён), далей праходзіць па тэрыторыі сённяшняга Кобрынскага раёна і трапляе ў Днепроўска-Бугскі канал у Кобрыне. Канал Бона функцыянуе і сёння, ён паказаны на сучасных тапаграфічных картах.
I яшчэ адно каштоўнае пачынанне звязана з імем гэтай энергічнай каралевы. Пры ёй у практыку ўвайшло правядзенне дзяржаўных інвентарных (статыстычных) абследаванняў – так званых рэвізій. Даныя, якія збіралі рэвізоры і камісары, павінны былі адыграць важную ролю ва ўпарадкаванні гаспадаркі ў каралеўскіх уладаннях. У Кобрыне і старостве першая рэвізія была праведзена ў 1549 годзе. Дакументы гэтых абследаванняў малююць даволі дэталёвую карціну сацыяльна-эканамічнага жыцця горада ў другой палове XVI ст.
Менавіта ў гады праўлення каралевы Боны надыходзіць росквіт многіх беларускіх гарадоў, у тым ліку і Кобрына. З імем каралевы Боны звязаны многія культурныя і тэхнічныя дасягненні ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама цывілізаваныя змены ў пабытовай культуры: машчэнне гарадскіх вуліц і плошчаў, вадаправод i ратушны гадзіннік у Гародні і інш.
У лютым 1556 года каралева выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцей. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта ІІ Аўгуста, яе сына. Памерла Бона Сфорца 19 лістапада 1557 года, верагодна, атручаная па загаду караля Іспаніі Філіпа ІІ. Пахавана ў Бары ў базыліцы Святога Мікалая. Надмагілле, заказанае яе дачкой Аннай Ягелонкай, захавалася да нашых дзён.
На Кобрыншчыне памяць аб гэтай каралеве жыве не толькі ў назве канала. Яе імя носіць мастацкае аматарскае аб’яднанне Палаца культуры – “Галерэя «BonaSforza»”. Мясцовы мастак Сяргей Касцюк адлюстраваў каралеву алейнымі фарбамі на палатне і падараваў гэтую карціну ваенна-гістарычнаму музею імя А. В. Суворава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Сысоева Людміла Пятроўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
1. Бона Сфорца / Міхаіл Спірыдонаў // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2005. Т. 1. С. 337.
2. Бона Сфорца / Міхаіл Спірыдонаў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 211–212.
3. Казлоў, Л. Р. Бона Сфорца : [каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона Сфорца д’Арагона была ўладальніцай Кобрынскага староства ў 1532–1555 гг.] / Л. Р. Казлоў //Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 46–47.
4. Каралева Бона // Дучыц, Л. Сакральная геаграфія Беларусі / Людміла Дучыц, Iрына Клімковіч. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2011. С. 312–314.
5. Курков, И. Королева по призванию : [королева Бона] / Илья Курков // Курков, И. Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 47–49.
6. Кобрын : [Бона Сфорца] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал. : Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і [інш.]. Мінск : БелЭн, 2007. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. C. 108.
7. [Бона Сфорца] // Гісторыя Беларусі : у 6 т. / рэд. М. Касцюк і інш. Мінск : Экоперспектива, 2008. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. С. 261, 267, 300, 350.
8. [Бона Сфорца] // Чаропко, В. Великие князья Великого Княжества Литовского / Витовт Чаропко. Минск, 2012. С. 230–233.
9. Аудерская, Г. Королева Бона : исторический роман-хроника / Галина Аудерская. Москва : Радуга, 1989. 512 с. Из содерж.: г. Кобрин. С. 360–361.
10. Бутэвіч, А. Жыгімонт I Стары : [упамінаецца Бона Сфорца] / Анатоль Бутэвіч // Бутэвіч, А. Паміж Княствам і Каронай. Ад Крэва да Кракава : дакументальны працяг рамана “Каралева не здраджвала каралю” / Анатоль Бутэвіч. Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. С. 298, 300–302.
11. Бутэвіч, А. Хто каго труціў : [Барбара Радзівіл, Бона Сфорца] / А. Бутэвіч // Бутэвiч, А. Таямніцы Нясвіжскага замка / А. Бутэвіч. Мінск, 2013. С. 149–156.
12. Ермаловіч, М. Зноў напады і прымірэнні : [Бона Сфорца] / Мікола Ерамаловіч // Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае / Мікола Ерамаловіч. Мінск : Беллітфонд, 2003. С. 300–301.
13. Мартинович, А. А. Нежность звёздного неба : историческая повесть / Алесь Мартинович. Минск : Лiтаратура i мастацтва, 2011. 240 с.
14. Павловский, Б. «Змея» на троне : [королева Бона Сфорца] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2012. 2 марта. С. 8.
15. Масляніцына, I. Каралева Палесся : [біяграфічныя звесткi аб каралеве Боне Сфорца] / I. Масляніцына // Женский журнал. 2011. № 2. С. 58–59.
16. Дзярновіч, А. Бона Сфорца і Кацярына Медычы. “Чорная” легенда італьянцаў у Еўропе ХVI стагоддзя / Аляксандр Дзярновіч // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 11. С. 14–17.
17. Выпрабаванне вайной, няволяй і… каханнем : [аб Боне Сфорца і яе дочках] // Женский журнал. 2011. № 11. С. 60–61.
18. Скеп’ян, А. Уладарная Бона / Анастасія Скеп’ян // Мастацтва. 2010. № 1. С. 54–55.
19. Рысь, Е. Рачительная хозяйка кобринской экономии : [Бона Сфорца] / Елена Рысь // Кобрин-информ. 2010. 26 авг. С. 6.
20. Вайткун, А. Каралева Бона: міфы і рэальнасць / Аляксей Вайткун // Народная газета. 2009. 21 студз. С. 13.
21. Пичета, В. Волочная устава королевы Боны и Устава о волоках : [аграрная реформа королевы Боны 1552–1555 гг.] / Владимир Пичета // Arche. 2009. № 7. С. 1086–1106.
22. Бона Сфорца, прекрасная королева // Кобрин-информ. 2009. 16 апр. (№ 16). С. 26.
23. Гулецкий, Д. Веяния с Запада : [о королеве Боне Сфорца] / Дмитрий Гулецкий // Советская Белоруссия. 2009. 15 дек. С. 19.
24. Навумчык, М. Канал Бона : [гісторыя канала] / Мікалай Навумчык // Голас часу (Маларыта). 2009. 18 крас. С. 2.