28 лютага 1959 года калгасы “Маладая гвардыя”, імя Дзімітрава і “Савецкі пагранічнік”, якія існавалі на той час у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, былі ліквідаваны і на іх месцы ўтварыўся саўгас “Белавежскі”. 10 сакавіка 1962 года да яго далучаны калгас “Новы шлях”.
Зямельныя ўгоддзі саўгаса раскінуліся на тысячы гектараў. Работнікі жылі ў дзесятках населеных пунктаў: Дзмітравічы, Любашкі, Праходы і інш. На 1962 год дзяржава адпусціла на будаўніцтва ў саўгасе “Белавежскі” 154 тыс. рублёў і ўсе яны былі асвоены. Былі пабудаваны кароўнік і цялятнік на 200 галоў кожны, буравая шчыліна, помпавая станцыя і ваданапорная вежа, два механізаваныя кармацэхі, зернасклад на 500 тон, тры пункты штучнага асемянення кароў.
На 1963 год на саўгаснае будаўніцтва было адпушчана 177 тыс. рублёў, іх асвойвалі 6 будаўнічых брыгад, агульнай колькасцю каля 120 чалавек. У в. Асіннікі заканчвалі будаўніцтва тыпавога кароўніка на 200 галоў. У Гвардзейскім аддзяленні ўзводзілі буйны механізаваны зернасклад. У в. Праходы пабудавалі кароўнік на 200 галоў. У в. Любашкі ўзводзілі ваданапорную вежу, пракладвалі вадаправод. Самым буйным аб’ектам быў 8-кватэрны жылы дом. У саўгасе была свая піларама, сталярная майстэрня. Імёны лепшых будаўнікоў: Васіль Ярашук, Васіль Грыцук, Аляксей Жуковіч, Іван Натчук.
У чэрвені 1963 года ва ўрочышчы Гараўскі лес адбылося саўгаснае свята працы і песні. Сакратаром партарганізацыі тады быў Мікалай Ціханавіч Конюхаў, галоўным аграномам – Міхаіл Адамавіч Пашкевіч. У той год кукурузу пасеялі на 638 га. Паўгадавы план па продажу мяса дзяржаве выканалі на 115%. Гаспадарка займала адно з першых месцаў у раёне па продажу малака. На свяце ўшанаваны лепшыя механізатары: Аляксандр Лукіч Гарбачук, Мікалай Грачанік, Леанід Кучынскі, а таксама даяркі, свінаркі, цялятніцы: Марыя Баліевіч, Вера Скалковіч, Антаніна Пратасевіч і інш.
На пачатку 1960-х у краіне назіраліся пэўныя цяжкасці ў сельскай гаспадарцы. Справы ў “Белавежскім” таксама пайшлі не вельмі добра. Па выніках 1963 года страты склалі 280 тыс. рублёў, паказчыкі аказаліся ніжэй сярэдніх па раёне. Лепшая свінарка за гэты год – Еўдакія Лявонцьеўна Піліпук, лепшыя механізатары: Рыгор Сцяпанавіч Кісляк, Мікалай Мікалаевіч Хмара. За студзень 1964 года было атрымана малака на 100 га сельгасугоддзяў 420 кг, надоена малака ад кожнай каровы 38,5 кг, атрымана мяса ў забойнай вазе на 100 га ворыва 690 кг.
Кіраўніцтва раёна прыняло шэраг захадаў па ўдасканаленні планавання і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці. У 1964 годзе было праведзена раздзяленне на два саўгасы: “Белавежскі” і імя Дзімітрава. У 1967 годзе ў “Белавежскім” атрымана малака па 2133 кг ад каровы (у раёне па 2394 кг), з гожнага гектара збожжавых 12,2 ц, бульбы – 133 ц.
У 1970-я калгасы і саўгасы ўмацоўваліся на прынцыпах гаспадарчага разліку, адмянялася рэгламентацыя гаспадарчай дзейнасці, укараняліся дасягненні навукі, павышалася роля спецыялістаў.
Па вынiках працы за 1981 год у “Белавежскім” было атрымана мяса ў разліку на 100 га зямлі – 8230 кг, малака на 100 га зямлі – 36870 кг, надоена ад адной каровы 1740 кг (у сярэднiм па раёне 2178 кг). Лепшая даярка саўгаса В. Т. Шкутнiк надаiла па 2160 кг ад каровы. Сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы 313 г, свіней – 278 г (сярэднія паказчыкі па раёне: 494 i 339 г адпаведна). У 1982 годзе травамі было занята 1300 га. Было запланавана назапасіць 1400 т сена, 2500 т сенажу, 4500 т сіласу. Збожжа атрымалі па 20,9 ц з кожнага гектара. Сярод лепшых работнікаў жніва: камбайнёры В. В. Епімашка, В. С. Каляда, У. С. Капельчук, М. С. Пратасевіч, шафёры П. А. Антанюк, І. Р. Казакоў, П. С. Назарэвіч.
У 1982 годзе “Белавежскі” змяніў назву на “Першамайскі”, а ў 1991 годзе ён рэарганізаваны ў калгас. На сённяшні дзень калгас “Першамайскі” далучаны да СВК “Хадасы”.
Але назва “Белавежскі” сярод сельгаспрадпрыемстваў Камянецкага раёна не знікла, а было дадзена іншаму прадпрыемству.
У сакавіку 1981 года, пасля вышуквальніцкіх і планіровачна-тапаграфічных работ, на месцы будучага “Белавежскага” забіваецца першы калочак, пачалася раскарчоўка тэрыторыі і вертыкальная планіроўка пляцоўкі. 29 снежня 1982 года выходзіць Пастанова Савета Міністраў БССР № 409, згодна з якой у Камянецкім раёне ўтвараецца новы суб’ект аграпрамысловага комплексу – саўгас-камбінат “Белавежскі”. Будаўніцтва жывелагадоўчага комплексу і аднайменнага пасёлка абвешчана рэспубліканскім ударным будаўніцтвам. Цяпер гэта моцнае сучаснае прадпрыемства, адзін з вядучых вытворцаў мясных прадуктаў у Беларусі – ААТ “Белавежскі” (генеральны дырэктар Юрый Дзмітрыевіч Мароз).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
гал. бібліёграф
1. З гісторыі калгасаў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Камянецкага раёна. Мінск, 1997. С. 466.
2. Вехи истории // Республиканское унитарное сельскохозяйственное предприятие “Беловежский”. Брест, 2002. С. 4.
3. Ярмалюк, В. Асабістым прыкладам, палымяным словам : [аб уборцы збожжа ў саўгасе “Белавежскі”] / В. Ярмалюк // Ленінец (Камянец). 1982. 17 жн.
4. Баркоўскі, М. Рытм зялёнага канвеера : [нарыхтоўка кармоў у саўгасе “Белавежскі”] / М. Баркоўскі // Ленінец (Камянец). 1982. 10 чэрв.
5. Куралікаў, І. Запознены загад : [аб уборцы бульбы ў саўгасе “Белавежскі”] / М. Пашкевіч // Ленінец (Камянец). 1968. 8 кастр.
6. Сцяпанаў, М. Чалавек працай славіцца : [пра наглядчыка маладняку Івана Аляксандравіча Нігірыша з саўгаса “Белавежскі”] / М. Сцяпанаў // Ленінец (Камянец). 1968. 17 лют.
7. Нігірыш, І. Першынство не ўпусцім : [аб жывёлагадоўлі ў саўгасе “Белавежскі”] / І. Нігірыш // Ленінец (Камянец). 1968. 13 лют.
8. Пашкевіч, М. Гарантыя на ўраджай : [аб ураджайнасці ў саўгасе “Белавежскі”] / М. Пашкевіч // Ленінец (Камянец). 1968. 30 студз.
9. Ярашук, В. Саўгас будуецца : [пра навабудоўлі ў саўгасе “Белавежскі”] / В. Ярашук // Ленінец (Камянец). 1963. 10 жн.
10. Яфімовіч, У. Гулянне ў саўгасе : [пра свята працы і песні ў саўгасе “Белавежскі”] / У. Яфімовіч, Б. Брэўдо // Ленінец (Камянец). 1963. 15 чэрв.