3 маленства цяжка хварэў, з-за чаго патрапіў у школу-інтэрнат. Няпростая хвароба сэрца спадарожнічала яму праз усё жыццё.
Закончыўшы Маўчадскую сярэднюю санаторную школу-інтэрнат, паступіў у 1970 годзе ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Адарваны, здавалася б, ад родных каранёў, ад тае прасторы, што знітоўвае душу з паэтычным светабачаннем, Уладзімір усё ж умацаваўся ў сваіх паэтычных перакананнях. Поруч быў і настаўнік – Аляксей Пысін, які ўмеў заўважыць і падтрымаць талент.
Пасля тэхнікума працаваў бібліятэкарам на Ганцаўшчыне – у Шашкоўскай сельскай, Ганцавіцкай раённай дзіцячай бібліятэках. Затым – вучоба на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аднакурснікі, блізкія па студэнцтве сябры – Кастусь Жук, Хрысціна Лянько, Уладзімір Мазго, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Ягоўдзік... Кожны з іх, адчуўшы да сябе ўвагу кіраўніка ўніверсітэцкага літаб’яднання «Узлёт» Алега Лойкі, ужо ў студэнцкія гады знайшоў свой мастацкі кірунак. 3 рупліўцаў-«узлётаўцаў» Уладзімір Марук – асоба і ў студэнцтве вядомая. Быў старастам літаратурнага аб’яднання. Друкаваўся няшмат, але кожная з публікацый – і ў «Магілёўскай праўдзе», дзе першыя вершы з’явіліся яшчэ ў 1972 годзе, і ў «Чырвонай змене», у «Літаратуры і мастацтве», – была падзеяй для сапраўдных аматараў паэзіі.
Творчы плён паэта Уладзіміра Марука, складаецца з трох паэтычных зборнікаў і дзвюх вершаваных кніжак для дзяцей. Пачынаючы з дэбютнай кніжкі вершаў «Зоркі ў кронах» (1982), ён засведчыў пра сябе як пра неардынарнага і таленавітага творцу.
Сярод тых, хто адгукнуўся рэцэнзіямі ў друку, – і адзін з літаратурных настаўнікаў Алег Лойка. «Вершы Уладзіміра Марука, сабраныя пад адной вокладкай у серыі «Першая кніга паэта», я чытаў, а некаторыя перачытваў, – пісаў знакаміты паэт і літаратуразнаўца ў газеце «Літаратура і мастацтва», – бо памятаў дагэтуль па першапублікацыях, з нейкім вельмі асаблівым пачуццём».
Закладзеныя ў 1970-я – на пачатку 1980-х гадоў, мастацкія, літаратурныя, эстэтычныя прынцыпы Уладзімір Марук развіваў і сцвярджаў праз усё сваё паэтычнае жыццё.
У 1987 годзе пабачыла свет яшчэ адна паэтычная кніга Уладзіміра Марука – «Ліст рабіне». Гэты зборнік выявіў чытацкай публіцы сталага і майстравітага паэта.
Але найбольш уражлівай сталася апошняя прыжыццёвая кніжка яго паэтычнай лірыкі «Інкрустацыя голасам» (1991), вершамі якой захапляліся самыя прыдзірлівыя, праніклівыя і прынцыповыя майстры краснага пісьменства. I ўсё ж яго паэзія, як дарэчы і сама непублічная постаць аўтара, так і не была своечасова і ўдумна прачытаная, патлумачаная і вызначаная нашай крытыкай. Шмат якія публікацыі Уладзіміра Марука апошніх гадоў даюць падставу для высокага завяршэння яго творчага плёну. У апошніх зборніках У. Марук ярка выявіўся як паэт прыроды. У гэтых паэтычных зборніках ён вядзе ціхую, даверлівую размову з прыродай і чытачом. Лірыка У. Марука вельмі зямная, багатая на чалавечыя пачуцці. Паэт імкнецца, каб у аснове яго верша ляжаў душэўны рух радка, шчырасць слова, жывы розум.
Яшчэ праз тры гады – кніга вершаў для дзяцей «Ехаў Чыж у Парыж» (1994), а потым «Чыж вярнуўся з-за мяжы». Адрасаваны яны ў першую чаргу дзецям малодшага школьнага ўзросту, з цікавасцю пазнаёмяцца з ёй і дашкольнікі.
У. А. Марук узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Паэтычная работа сумяшчалася з настаўніцкімі і журналісцкімі клопатамі. Пасля «пяцігодкі» ў «Звяздзе» – рэдактарства ў выдавецтвах «Юнацтва», «Белфакс», «Мастацкая літаратура». Апошнім часам працаваў у часопісе «Полымя» – намеснікам галоўнага рэдактара. У камандзе з Міколам Мятліцкім, сябрам яшчэ са студэнцкіх гадоў, поруч з іншымі таленавітымі творцамі рупіўся над збіраннем і публікацыяй лепшага з сучаснай беларускай літаратуры. На ўсё меў свой прынцыповы погляд, які ўмеў выкласці ясна, прамалінейна і разам з тым тактоўна любому з аўтараў, калег па творчасці.
У апошнія гады жыцця Уладзімір Марук надрукаваў шэраг вершаваных падборак у часопісе «Полымя», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». У перакладзе на рускую мову – у «Литературной газете», часопісе «Вологодский лад». I гэта былі вершы, што пранізвалі душу, адкрывалі многія і многія таямніцы, вялі паэта да вечнасці...
Рукапіс апошняй кніжкі «Кудмень» праляжаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пятнаццаць гадоў і ўбачыў свет у 2011 годзе.
Уладзімір Антонавіч вельмі любіў сваю бацькаўшчыну – і малую, і вялікую. Абхадзіў і аб’ездзіў родны край уздоўж і ўпоперак. Аддаў яму цяпло свайго сэрца і ясны жаль сваёй чалавечай душы. Пісаў: “Я з тых, хто не вякуе, / Хто сее і хто жне. / Прашу, пакуль жыву я, / Не дбайце пра мяне”.
Памёр Уладзімір Антонавіч Марук 23 студзеня 2010 года. Пайшоў з жыцця сапраўдны Паэт і сапраўдны філолаг, чалавек, які аддаў роднай літаратуры тры дзесяткі гадоў таленавітай напружанай працы. Імя Уладзіміра Марука ўвекавечана ў г. Ганцавічы на Алеі пісьменства.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Творы У. Марука
1. Ліст рабіне : вершы / У. Марук. Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. 127 с.
2. Інкрустацыя голасам : вершы / У. Марук. Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. 142 с.
3. Чыж вярнуўся з-за мяжы : вершаванае падарожжа : для мал. шк. узросту / У. Марук ; маст. Р. М. Сустаў. Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. 95 с. : іл.
4. Кудмень : вершы / У. Марук ; уступ. арт. А. Марціновіча. Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. 160 с.
5. Намоўленае : абрысы няспраўджаных вершаў / У. Марук // Дзеяслоў. 2010. № 5. С. 236–245; № 6. С. 182–194.
Аб жыцці і творчасці пісьменніка
1. Уладзімір Марук // Культура малых гарадоў Брэсцкай вобласці. Ганцавічы / кал. рэд. Т. Цібароўская ; склад. С. Несцярэнка, І. Абакумава. Брэст, 2012. С. 15.
2. Уладзімір Марук // Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 116.
3. Уладімір Марук : [некралог] // ЛіМ. 2010. 29 студз. С. 15.
4. Уладзімір Марук // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 165.
5. Марук Владимир Антонович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 4. С. 655.
6. Марук Уладзімір // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 411.
7. Уладзімір Марук. Да 50-годдзя з дня нараджэння : бібліягр. паказальнік / Ганцавіцкая ЦРБ імя В. Ф. Праскурава ; склад. А. М. Рабцэвіч. Ганцавічы, 2004. 16 с.
8. Марук Уладзімір Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 142.
9. Уладзімір Марук // Памяць : Ганцавіцкі р-н : гіст.-дак. хроніка Ганцавіцкага раёна / уклад. К. К. Мохар. Мінск, 1999. С. 429.
10. Марук Уладзімір // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўнік. : у 6 т. Мінск. 1994. Т. 3. С. 219–220.
11. Карлюкевич, А. Зоркі цягнуцца да кронаў : Пайшоў з жыцця паэт Уладзімір Антонавіч Марук / Алесь Карлюкевіч // Народная трыбуна. 2010. 13 лют. С. 11.
12. Гальперович, Н. «Пасядзім, памаўчым з сябруком Маруком…» : успаміны пра Уладзіміра Марука // Нёман. 2014. № 1. С. 96–98.
13. Кендыш, І. Нагоды ўспомніць земляка : [аб прэзентацыі кнігі У. Марука “Кудмень” у Гуцянскім ДСКП] / Ірына Кендыш // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2011. 17 снеж. С. 3.
14. Курловіч, К. Вечар памяці Уладзіміра Марука : [аб вечары памяці паэта ў Ганцавіцкай ЦРБ імя В. Праскурава] / Кацярына Курловіч // Ганцавіцкі час. 2011. 28 студз. С. 2.
15. Рублевская, Л. Мечи и обереги : [о книге В. Марука «Кудмень»] / Л. Рублевская // Советская Белоруссия. 2011. 21 окт. С. 16.
16. Мятліцкі, М. Яго полымя : [успаміны пра паэта У. Марука] / М. Мятліцкі // ЛіМ. 2010. 29 студз. С. 15.
17. Трафімчык, А. Не стала Уладзіміра Марука / Анатоль Трафімчык // Ганцавіцкі час. 2010. 29 студз. С. 5.
18. Пупач, Г. Развітанне з паэтам / Галіна Пупач // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 30 студз. С. 8.