У 1471 годзе як сяло Лулінец маёнтка Ішкалдзь належаў Неміровічам. У 1552 годзе ўдава Я. П. Неміровіча Ганна з роду Сапегаў перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводзе Станіславу Давойне. З 1561 года сяло пачало называцца Лунінец. У 1588 годзе яно ўвайшло ў Навагрудскі павет Вялікага Княства Літоўскага. Было ў Лунінцы 75 дамоў, насельніцтва складала 484 жыхары. У другой палове ХVI – першай чвэрці ХVII стст. Лунінец належаў розным родам: Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам. У 1662 годзе Канстанцін Долмат, які валодаў Лунінцам, падараваў яго Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Лунінец увайшоў у Расійскую імперыю ў складзе Пінскага павета Мінскай губернiі. У 1842 годзе маёнткі манастыра былі перададзены ў казну, а жыхары перададзены ў катэгорыю дзяржаўных сялян. У 1860-я гады ў Лунінцы адкрыта народнае 1- класнае вучылішча.
Хуткаму росту і эканамічнаму развіццю Лунінца паспрыяла будаўніцтва Палескіх чыгунак і будаўніцтва вузлавой чыгуначнай станцыі (1884–1886). У 1884 годзе праз Лунінец прайшоў участак Вільна – Лунінец – Пінск, у 1885 годзе чыгунка злучыла Лунінец з Роўна, а ў 1886 годзе – з Гомелем. У канцы ХIХ ст. былі заснаваны чыгуначныя рамонтныя майстэрні, працавалі два млыны, народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 года ў Лунінцы было 3167 жыхароў, 855 двароў. Чыгуначная станцыя ператварылася ў буйны чыгуначны вузел. У 1890-я гады ў Лунінцы была адкрыта 2-класная царкоўна-прыходская школа з жаночым аддзяленнем, дзейнічала школа, якая рыхтавала хлопчыкаў для паступлення ў чыгуначныя вучылішчы. У пачатку ХХ ст. пачаў працаваць шпалапрапітны завод (1902). У 1907 годзе праведзена карэнная рэканструкцыя станцыі. На пачатак ХХ ст. Лунінец – буйнейшае паселішча рэгіёна.
У 1905 годзе вёска стала мястэчкам, у якім было 7 тысяч жыхароў. У кастрычніку – снежні 1905 года адбылася забастоўка чыгуначнікаў і тэлеграфістаў. Рэвалюцыйныя хваляванні адбываліся і ў 1911–1912 гадах. З лістапада 1911 да лютага 1912 гадоў у Лунінцы жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас, тут ён пачаў пісаць паэму “Сымон-музыка”.
28 кастрычніка (10 лістапада) 1917 года ў Лунінцы абвешчана Савецкая ўлада. 18 лютага 1918 года Лунінец акупіравалі германскія войскі. У час савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў з лютага 1919 года Лунінец быў адным з важных вузлоў абароны на Заходнім фронце. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ён адышоў да Польшчы і стаў горадам, цэнтрам павета Палескага ваяводства. У Лунінцы было 8267 жыхароў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР з 15 студзеня 1940 года Лунінец – раённы цэнтр Мінскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну 10 ліпеня 1941 года горад акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі ў Лунінцы і раёне яны загубілі 16637 чалавек, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чалавек. 10 ліпеня 1944 года горад быў вызвалены часцямі 1-га Беларускага фронту, брыгадамі караблёў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызанамі.
З 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 7 сакавіка 1963 года Лунінец стаў горадам абласнога падпарадкавання. Пасляваенны генеральны план Лунінца быў распрацаваны ў 1973 годзе. У заходняй частцы горада сканцэнтраваны прамысловыя прадпрыемствы, усходняя частка – раён індывідуальнай забудовы. Цэнтр забудаваны 5–9-павярховымі шматкватэрнымі дамамі. Сярод прамысловых прадпрыемстваў дзейнічаюць рэспубліканскія ўнітарныя вытворчыя прадпрыемствы “Палессеэлектрамаш”, “Рамонтна-механічны завод”, адкрытае акцыянернае таварыства “Лунінецкі малочны завод”, хлебазавод, лакаматыўнае дэпо, лесхоз, райаграсервіз.
Дзейнічаюць прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, ліцэі агульнаадукацыйны і прафесійны прыборабудавання, 4 сярэднія школы, дзіцячая школа мастацтваў, 7 дзіцячых садоў-ясляў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Дом культуры, дзве публічныя бібліятэкі, тэхнічная бібліятэка, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, раённы краязнаўчы музей, бальніца, паліклініка, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага обслугоўвання насельніцтва, сацыяльна- педагагічны цэнтр з дзіцячым прытулкам. У 2005 годзе адбыўся абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”. У 2009 годзе ўведзены ў строй рэканструіраваны стадыён “Палессе”, матадром. У 2011 годзе адчыніла дзверы лядовая арэна “Алімп”, у 2013-м – плавальны басейн “Дэльфін”.
Колькасць насельніцтва г. Лунінца на 1 студзеня 2014 года складае 24047 чалавек.
У старажытнасці Лунінец не меў герба, атрымаў яго ў 1998 годзе. У блакітным полі тры срэбныя фігуры. Зверху размешчана карона, якая сімвалізуе належнасць паселішча да княжацкіх уладанняў часоў ВКЛ; у цэнтры перасякаюцца дзве стралы – сімвал руху, што нагадвае пра чыгуначны вузел; ніжэй кветка лілія, якая нагадвае аб прыродзе Лунінеччыны.
Гістарычнай славутасцю Лунінца з’яўляецца Крыжаўздвіжанская царква, якая пабудавана ў 1912–1921 гадах. У горадзе захаваўся будынак касцёла Святога Іосіфа (1931). У памяць аб знаходжанні ў Лунінцы Якуба Коласа і Аляксандра Блока на памяшканні краязнаўчага музея ўстановлены мемарыяльныя дошкі, таксама памяць аб Я. Коласе ўвекавечана ў помніку. На прывакзальнай плошчы города ўстаноўлены помнік-паравоз. Цікавую кампазіцыю мае помнік авіяканструктару Паўлу Сухому. Пабудавана царква Іконы Божай Маці “Взысканне загінуўшых” (2013).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай
бібліятэкай. Бабута Алена Уладзіміраўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
1. Лунинец // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 35–37.
2. Лунінец // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2007. С. 205–209.
3. Лунинец // Туристическая энциклопедия Беларуси. Минск, 2007 . С. 302–303.
4. Лунинец // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т ]. Минск, 2007. Т. 4. С. 563–564.
5. Лунінец // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск , 1999. Т. 9. С. 369.
6. Лунінец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 400.
7. Лунінец // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск, 1995. С. 20–21, 31, 34–35, 37, 39, 45, 55, 68, 121–143, 150–161, 204–208, 211–213, 229, 238–245, 257, 270–289, 316, 317, 321, 324, 335, 373–392.
8. Калинкович, Н. Лунинец : историко-экономический очерк / Николай Калинкович. Минск : Полымя, 1990. 126 с. : ил.
9. Лунинец // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест : Брестская типография, 2012. С. 178.
10. “Лунинец”. 25 лет спустя // Лунинецкая памяць : Дадатак 2 : 2-ая літаратурна-краязнаўчая і навукова-практычная канферэнцыя памяці пісьменніка М. Калінковіча / укл. Т. Канапацкая. Мінск, 2007. С. 19–22.
11. Литвинчук, В. А. Лунинец : историко-экономический очерк / В. А. Литвинчук, Н. Н. Калинкович. Минск, 1981. 62 с., ил.
12. Лунінецкія краязнаўчыя чытанні : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 560-годдзю заснавання г. Лунінца / склад. Т. Карпуковіч. Лунінец, 2009. 23 с.
13. Лунінец і ваколіцы = Luninetsdistrict / гал. рэд. В. Шпарло. Брэст : ТАА “Вечерний Брест”, 2011. 96 с. : іл.
14. Лунінец. Лунін. Луні. Луніца, Лунна // Рогалеў А. Ф. Назвы Бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі) / А. Ф. Рогалеў. 2-е выд. Гомель : Барк, 2011. С. 216.
15. Лунинец // Татаринов, Ю. Города Беларуси / Юрий Татаринов. Минск, 2010. С. 166–170.
16. Г. Лунинец : [о гербе города, утверждённом в 1998 г.] // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск : Беларусь, 2006. С. 40–42.
17. Лунинец // Родная моя Лунинетчина : справочно-информационное издание / сост. А. М. Боецкая, В. В. Жилко. Минск : БелТА, 2005. С. 4–6.
18. Лунинец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 266–271.
19. Прамысловыя прадпрыемствы дарэвалюцыйнай Беларусі / аўт.-скл. М. Ф. Болбас. Мінск : БелСЭ. 1988. С. 96.
20. Громыко, Л. У родных истоков : художественно-документальная повесть, очерки / Лариса Громыко. Пинск : КУП “Пинская региональная типография”, 2005. 224 с.
21. “Нет города милее и родней…» : вершы пра Лунінец / склад. В. Жылко. Лунінец, 2009. 26 с.
22. Преемственности трепетная нить : [стихи о г. Лунинце] // Горгун, Г. Давайте будем жить с любовью… / Галина Горгун ; ред. Войтеховская. Лунинец : Редакция газеты “Лунінецкія навіны”, 2007. С. 47–55.