Аўторак, 19 Жнівень 2014 11:54

9 ліпеня 2014 года – 70 гадоў з дня нараджэння (1944) Ніны Канстанцінаўны Залеўскай, балетмайстра, педагога, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002)

Ніна Канстанцінаўна Залеўская нарадзілася 9 ліпеня 1944 года ў вёсцы Смаляны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

 На працягу двух гадоў (1964–1966) Ніна Залеўская працавала ў Доме культуры г. Пружаны. Затым паступіла ў Ленінградскі інстытут культуры, які скончыла ў 1970 годзе. Працавала выкладчыкам у Гродзенскім каледжы мастацтваў.

Вялікую частку жыцця (1976–2002) Ніна Канстанцінаўна з’яўлялася арганізатарам і мастацкім кіраўніком народнага ансамбля танца «Праліца» (спачатку называўся “Пралля”) пры Гродзенскім Палацы культуры «Юнацтва» прадзільна-нітачнага камбіната (з 2005 г. ансамбль дзейнічае пры ГДК). Ганаровае званне “Народны самадзейны калектыў” ансамбль атрымаў у 1980 годзе. У рэпертуары пераважна беларускія народныя танцы, у т. л. “Пралля”, “Драпак”, “Малацілачка”, “Зязюля”, “Закаблукі”, “Касцы”, “Галубец”, “Пляскач” і інш. Ансамбль меў перамогі ва Усесаюзных аглядах і фестывалях, рэспублікаснскіх і абласных конкурсах народнай мастацкай творчасці. Расія, Літва, Эстонія, Малдавія, Швецыя, Германія, Аўстрыя, Польшча, Румынія – краіны, дзе выступалі гродзенскія артысты.

З 1998 года Н. К. Залеўская таксама працавала мастацкім кіраўніком і балетмайстарам народнага ансамбля танца «Гарадзенскія карункі», які ў 2010 годзе ўдастоены звання заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь.

Актыўна цікавіцца і вывучае вясковы рэгіянальны харэаграфічны фальклор. Н. К. Залеўская – аўтар пастановак больш за 300 беларускіх танцаў розных жанраў: «Беларускія выкрунтасы», «Гродзенскі кракавяк», полька «Прысядушка», «Гродзенская кадрыль» і інш. У пастаноўках Н. К. Залеўскай увасоблены традыцыі беларускай народнай харэаграфіі, нацыянальны каларыт, сюжэтныя карціны. Сярод кампазіцый можна адзначыць: «Закаблукі», «Смалянскі падбіван», «Глушнёўскі ўюн», «Зарачанскі ланцуг».

Беларускі балетмайстар і педагог Ніна Канстанцінаўна Залеўская – заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1998), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За ўклад ў выхаванне творчай моладзі» (2002). Яе сын Максім Уладзіміравіч Залеўскі таксама стаў харэографам, цяпер ён мастацкі кіраўнік народнага ансамбля танца “Праліца” Гродзенскага гарадскога Цэнтра культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Фядун Вера Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Залевская Нина Константиновна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 598.

2.     Залевская Нина Константиновна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская обл. : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 386.

3.     Залевская Нина Константиновна // Большой белорусский энциклопедический словарь. Мн., 2011. С. 135.

4.     Залеўская Ніна Канстанцінаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 30.

5.     Гродзенскі народны ансамбль народнага танца “Праліца” // Культура Беларусі. Мінск, 2012. Т. 3. С. 233.

6.     Гродзенскі заслужаны ансамбль народнага танца “Гарадзенскія карункі” // Культура Беларусі. Мінск, 2012. Т. 3. С. 226.

7.     Гродзенскі народны ансамбль танца “Пралля” // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 194–195.

8.     Янчевская, Ж. Народный ансамбль танца “Пряслица” празднует свое 40-летие / Жанна Янчевская // Гродзенская праўда. 2009. 6 крас.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1701 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 14:22