Аўторак, 19 Жнівень 2014 12:05

13 ліпеня 2014 г. – 65 гадоў з дня нараджэння (1949) Анатоля Аляксандравіча Концуба, мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кераміка), жывапісца, заслужанага работніка народнай адукацыі Беларусі

Анатоль Аляксандравіч Концуб нарадзіўся 13 ліпеня 1949 года ў вёсцы Колкі Мярлінскага сельскага Савета Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці).

Маці, Ніна Кандрацьеўна, працавала краўчыхай, а бацька, Аляксандр Васільевіч Концуб, – рабочым. З 1962 года Мерлінскі сельскі Савет і яго населеныя пункты скасаваны ў сувязі са стварэннем ваеннага палігона, жыхары былі пераселены ў іншыя вёскі Століншчыны, сям’я Концубаў пераехала ў г. Давыд-Гарадок.

Анатоль Концуб у 1966 годзе закончыў СШ № 2 г. Давыд-Гарадка. Школьнікам захапляўся паэзіяй, чатыры гады наведваў гурток выяўленчага мастацтва, якім кіраваў разьбяр па дрэве Канстанцін Кандратавіч Казёлка (1915–1989), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Пасля вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні керамікі і шкла ў Ф. Зільберга, М. Бяляева, Т. Парашняка.

З 1971 года Анатоль Аляксандравіч жыве ў г. Бабруйску. Больш за трыццаць гадоў выкладаў у Бабруйскім прафесійна-тэхнічным мастацкім вучылішчы № 15, дзе арганізаваў падрыхтоўку спецыялістаў па мастацкай кераміцы. У 1991 годзе яму дадзена званне “Заслужаны работнік народнай адукацыі БССР”. Затым А. А. Концуб працаваў у Бабруйскіх мастацка-творчых майстэрнях.

А. А. Концуб з 1976 года з’яўляецца пастаянным ўдзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных мастацкіх выстаў у Бабруйску, Магілёве, Мінску, Маскве, Габраве (Балгарыя), Варшаве і Торуні (Польшча), Лінцы (Аўстрыя) і інш. Адбыўся шэраг (каля 20) персанальных выстаў мастака, у т. л. у студзені 2010 года ў Мінску, у маі 2013 года ў Пекіне (Кітай), у ліпені – жніўні таго ж года – у Санкт-Пецярбургу.

З 1980 года – член Беларускага саюза мастакоў.

Сярод асноўных твораў: кампазіцыі «Куфэркі і скрыначкі», «Папараць-кветка», «Элегія»; дэкаратыўныя пласты «Максім Багдановіч», «Ражаство» (абодва 1976 г.), «Вернісаж» (1979), «Тэмы аднаго вечара» (1982), «1941 год» (1984), «У гасцях у Вівальдзі» (1988), дэкаратыўнья скульптуры «Вясна і Восень» (1980), «Кветка папараці» (1985); вазы «Спадчына» (1978), «Горад» (1980), «Зімовыя» (1990-я гг.) і інш.

У апошнія гады Анатоль Концуб усё болей працуе ў жывапісе. У сваіх творах мастак пазбягае адназначнасці і спрошчанасці, у іх відавочнае – таямніча і паэтычна, а фантастычнае – натуральна і нават будзённа. Малаўласцівая жывапісу схільнасць да сюжэта апраўдваецца шчырасцю думкі і патокам імправізацый. Простыя і выгнутыя лініі, чыстыя плямы колеру, стараннасць выканання, мноства цытат і паўтораў ствараюць уласную непаўторную мову мастака, цудоўную аўру яго твораў.

Творы А. А. Концуба знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава, музеях замежных краін, а таксама ў прыватных калекцыях.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Трапец В. Ю., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Концуб Анатоль Аляксандравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. Т. 4. С. 536–537.

2.     Концуб Анатолий Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 496.

3.     Концуб Анатоль Аляксандравіч // Працоўная слава Століншчыны / уклад. Ю. С. Юркевіч ; пад агул. рэд. П. М. Цішука. Брэст : Вячэрні Брэст, 2008. С. 38.

4.     Концуб Анатолий Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск : БелЭн, 2007. Т. 4. С. 197198.

5.     Концуб Анатоль Аляксандравіч// Памяць : гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 498.

6.     Концуб Анатоль Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 412.

7.     Концуб Анатоль Аляксандравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 268.

8.     Концуб Анатоль Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Минск : БелСЭ, 1986. Т. 3. С. 105.

9.     V Международный пленэр по керамике «Арт-жыжаль» [изоматериал] : [комплект открыток] / Отдел культуры Бобруйского горисполкома. [Б. м. : б. и., 2007?]. 1 обложка (21 отдельный л.).

10.                       2-й Международный пленэр по керамике «Art-Жыжаль» [изоматериал] : Art-Жыжаль : [буклет] / Отдел культуры Бобруйского горисполкома, Бобруйская городская организация Белорусского Союза художников ; [автор текста] Валерий Колтыгин. Бобруйск, [б. г.].

11.                       Коркияйнен, Е. Художники и власть / Евгения Коркияйнен // Коммерческий курьер (Бобруйск). 2010. 1 дек. С. 7.

12.                       Рябова, И. «Я рисовал на всех уроках, на всех промокашках и ненужных листиках…» / Ирина Рябова // Вечерний Бобруйск. 2006. 9 нояб. С. 11.

13.                       Сакадынец, М. Мир противоречий Анатолия Концуба / Марина Сакадынец // Бабруйскае жыццё. 2004. 27 крас.

14.                       Ларина, Н. Тот самый керамист… / Наталья Ларина // Бобруйский курьер. 1999. 4 нояб. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1357 разоў Апошняя змена Чацвер, 02 Красавік 2020 10:51