У 1970 годзе скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі. Валодае сапрана, голасам сакавітага тэмбру, шырокім пеўчым дыяпазонам. 3 1966 года – салістка жаночага вакальнага квартэта «Купалінка». Квартэт «Купалінка» стаў прызнаным майстрам вакальнай культуры, лаўрэатам усесаюзных і міжнародных конкурсаў і фестываляў, уладальнікам залатых медалёў. У пошуку новых творчых магчымасцей Алена Цялькова ў 1986 годзе прынцыпова змяніла аблічча «Купалінкі», узяла за аснову болей свабодную форму выканання, спалучаючы змешаны спеў з інструментальным суправаджэннем. Адметнай рысай ансамбля сталі яркая сцэнічная форма, рух да мастацкага ўдасканальвання і паглыбленне ў сутнасць народнай традыцыі. «Фальклор не павінен пахнуць нафталінам, – лічыць А. С. Цялькова. – Гэты жанр павінен развівацца, рухацца наперад».
З 1988 года А. С. Цялькова – адна са стваральніц, мастацкі кіраўнік і салістка фальклорнай групы. Яна адраджае традыцыі беларускага музычна-песеннага мастацтва, збірае беларускі народны песенны фальклор, які ў рэпертуары групы выконваецца ў рэгіянальных традыцыях спеваў (пераважна Мінскага, Брэсцкага і Гомельскага раёнаў).
У 1991 годзе А. С. Цяльковай прысвоена званне «Заслужаная артыстка Беларусі». А ў 2012 годзе мастацкаму кіраўніку фальклорнай групы «Купалінка» Алене Цяльковай прысвоена ганаровае званне «Народны артыст Беларусі».
Сёння фальклорная група «Купалiнка» працуе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і бліскуча прадстаўляе нацыянальнае мастацтва ў Беларусі, на дзяржаўных і міжнародных мерапрыемствах у Расіі, Прыбалтыцы, зарубежных краінах. Ансамблю неаднаразова ўручаліся каштоўныя ўзнагароды: «Залатыя медалі Міжнароднага конкурсу ў Сафіі», яны двойчы сталі лаўрэатамі першай прэміі на «Міжнародным конкурсе» ў Карэі. У водгуках нацыянальнага і зарубежнага друку, а таксама ў адзнаках знаўцаў фальклору і сцэны «Купалiнка» з’яўляецца «лепшым паслом беларускай культуры і багатых беларускіх традыцый». Французскай фірмай АКВ быў выпушчаны кампакт-дыск «Бал земли Белорусской». Сваёй творчасцю «Купалінка» захоўвае, адраджае і папулярызуе традыцыі і звычаі беларускага народа, дапамагае ўстанаўленню сяброўскіх сувязей паміж народамі ўсяго свету.
Выступленні ў якасці спявачкі А. С. Цялькова пакінула толькі некалькі гадоў назад. Яна – аўтар музычных кампазіцый «Купалле», «На кірмашы», «Прыйдзі, вясна», апрацовак беларускіх народных песень. Адна з аўтараў кінафільмаў «Квартэт “Купалінка”», «Спявае “Купалінка”», «Купалінка».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Казлова Людміла Яўгенаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
1. Цялькова Алена Сяргееўна / І. Л. Чэбан // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 193.
2. Ускова, Т. Алена Цялькова: “Здзіўляць, хваляваць, каб сэрца білася часцей” / Таццяна Ускова // Сельская газета. 2011. 12 марта.
3. «Купалінкі» пачуўшы галасы : гурт народнай песні “Купалінка” пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі // Беларуская думка. 2006. № 6. С. 130–132.
4. О присвоении тт. Богданову Н. А., Тельковой Е. С., Тихевичу В. П. почётного звания «Заслуженный артист Республики Беларусь» : Указ Президиума Верховного Совета Республики Беларусь от 2 декабря 1991 г. № 1263-XII // Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 36, ст. 639.
5. Официальный сайт: www.kupalinka-folk.com
6. Государственных наград Беларуси удостоена большая группа работников различных сфер : [почетное звание «Народный артист Беларуси» присвоено художественному руководителю фольклорной группы «Купалинка» Елене Тельковой]. – Режим доступа:http://www.open.by/country/.
7. Елена Телькова: «В России “Купалинку” принимают с огромным радушием». – Режим доступа:http://www.soyuz.by.
8. «Купалинка» покорила Таллинн. – Режим доступа: http://www.stolitsa.ee/news.
9. Фольклорная группа «Купалинка» : [ художественный руководитель – заслуженная артистка Республики Беларусь Елена Телькова]. – Режим доступа: http://afisha.sb.by.
10. Ансамбль «Купалинка». – Режим доступа:http://ravina.by/ansambl-kupalinka.
11. // http://www.philharmonic.by