Аўторак, 19 Жнівень 2014 12:18

2014 г. – 495 гадоў з часу першага ўпамінання (1519) г. Івацэвічы ў пісьмовых крыніцах

Першая згадка пра Івацэвічы адносіцца да 1519 года і звязана з магнацкім родам Іллінічаў.

У Літоўскай метрыцы 26 мая 1519 года зроблены запіс здзелкі Мікалая Мікалаевіча Іллініча з гарадзенскімі яўрэямі Ісакам ды Лазарам, якія атрымалі ад Іллініча за доўг маёнтак, як тады пісалі, Івачэвічы. Пасля смерці Мікалая ў 1540 годзе яго заступнікам стаў сын Ян, які ў тым жа годзе скардзіцца вялікаму князю ВКЛ Жыгімонту II на слонімскага войскага Грыньку Міхайловіча, «держит под собою петнадцать служоб людей моих именья моего Ивачовского и млын с прудом, ку чему дей он никоторого причины не маеть».

У 1555 годзе Івацэвічы, згодна дакументам, з’яўляюцца ўласнасцю слонімскага суддзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Іллініча.

Пасля смерці Яна Віктарына ў 1566 годзе яго жонка Ганна прадае маёнтак Івацэвічы пану Юр’евічу Багамутку. Яна ж у 1568 годзе запісвае на Зэльвенскую алтарню 4 сялянскія службы з іх сем’ямі і землямі, назначае з Шыловіцкага і Івацэвіцкага двароў пэўную колькасць мёду і воску і дае права сеяць хлеб на зямлі, якая належыць названым дварам.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565–1566) Івацэвічы ўвайшлі ў склад Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1594 годзе мясціна належала І. Сапегу. На мапе Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай М. К. Радзівілам (1613) паселішча значыцца як мястэчка. У 1631 годзе Івацэвічы перайшлі ў валоданне Стэфана Кандзежаўскага. З другой паловы ХVI ст. мястэчка ўваходзіла ў склад Боркінскай воласці. У 1654 годзе маёнтак перайшоў да Юндзілаў. Каля 1750 года тут быў узведзены касцёл Святога Крыжа, які ў 1860 годзе перароблены пад праваслаўную царкву, але ў 1922 годзе зноў вернуты католікам. У 1784 годзе Івацэвічы перайшлі ва ўласнасць пана Яна Сяплюцкага, працаваў бровар, смалакурня.

З 1795 года – у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 12 снежня 1796 года – у Літоўскай, з 28 жніўня 1802 года – у Гродзенскай губернях. У 1845 годзе Гродзенскім губернскім камітэтам быў зацверджаны інвентар маёнтка Івацэвічы, што належаў у гэты час памешчыку Івану Юндзілу.

У канцы XIX ст. у Івацэвічах былі бровар і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын, царква. У 1905 годзе маёнтак Івацэвічы знаходзіўся ў Боркінскай воласці Слонімскага павета, тут было 60 жыхароў, у паселішчы – 37 жыхароў.

У Першую сусветную вайну знаходзіліся пад акупацыяй Германіі. З Івацэвіч у целяханскія лясы была пракладзена вузкакалейка, па якой вывозілі лес, працаваў тартак.

З 1921 да 1939 гадоў – мястэчка ў складзе Польшчы. У 1921 годзе – маёнтак (14 двароў, 78 жыхароў); фальварак (10 двароў, 151 жыхар); чыгуначная станцыя (21 будынак, 144 жыхары). У 1935 годзе у Івацэвічах 1860 жыхароў, чыгуначная станцыя, пошта, тэлеграф, аптэка, амбулаторыя, запраўка для аўтамабіляў, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных абшараў у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забяспечваў электрычнасцю не толькі тартак, але і пасёлак, працавала пачатковая школа.

З 1939 года Івацэвічы ў складзе БССР – Косаўскі раён Брэсцкай вобласці (1940). На той час 600 двароў, 2415 жыхароў, МТС, лесазавод, спіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель.

Знаходзіліся пад акупацыяй фашысцкай Германіі (з 24 червеня 1941 па 12 ліпеня 1944 гг.). У вайну загінула больш за тысячу мірных грамадзян. Вызвалялі Івацэвічы часткі 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронта з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкіх воінаў і партызан (пахаваны ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках і ў скверы па вул. Савецкай). У маі 1942 года фашысты закатавалі сакратара Яглевіцкай падпольнай арганізацыі В. С. Клютко.

У 1947 годзе – гарадскі пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага раёна. З 1962 па 1965 гады Івацэвіцкі раён быў далучаны да суседняга Бярозаўскага. Пасля вайны Івацэвічы хутка павялічваліся: з рабочага пасёлка (1945) да гарадскога (1947) і затым да статуса горада (1966).

Даволі шпарка развівалася прамысловасць. У 1970 годзе працавалі лесазавод, леспрамгас, хімлясгас, спіртзавод, маслазавод, раённае аб’яднанне «Сельгастэхніка». Некаторыя дробныя прадпрыемствы перарасталі ў буйныя. У 1973 годзе пабудаваны ільнозавод. Для патрэб будаўніцтва быў створаны завод жалезабетонных вырабаў.

У 1990-я гады прадпрыемствы горада сутыкнуліся з многімі праблемамі і цяжкасцямі, былі парушаны эканамічныя сувязі як унутры рэспублікі, так і з краінамі СНД. І ўсё ж жыццё не стаяла на месцы: ішло інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, з’яўляліся ў горадзе новыя сучасныя школы, іншыя грамадскія будынкі. Шырыўся прадпрымальніцкі рух.

Сёння ў Івацэвічах дзейнічаюць вытворчае аб’яднанне «Івацэвічдрэў», спіртзавод, прыборабудаўнічы завод, завод жалезабетонных вырабаў, малаказавод, камбінаты кааператыўнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання, два лясгасы, леспрамгас, райсельгастэхніка, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, будаўнічыя арганізацыі, рамонтна-будаўнічы ўчастак, а таксама метэастанцыя.

У горадзе агульнаадукацыйны ліцэй і прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчага профіля, тры сярэднія і музыкальная школы, 6 дзіцячых садоў, Дом культуры, дзве бібліятэкі, гісторыка-краязнаўчы музей імя Мікалая Гойшыка, кінатэатр. Выдаецца газета «Івацэвіцкі веснік».

Сярод гістарычных помнікаў: на двух брацкіх магілах помнікі воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны; абеліск на месцы пакарання смерцю нямецка-фашысцкімі акупантамі партызана сувязнога Віктара Клютко; помнікі воінам-афганцам, Леніну; царква ў гонар іконы Маці Божай Дзяржаўнай, касцёл святых Пятра і Паўла.

У 2006 годзе у Івацэвічах прайшлі абласныя “Дажынкі”. Да гэтага свята рыхтаваліся, шмат зрабілі, каб горад памаладзеў, папрыгажэў. У 2009 годзе Івацэвічы адзначалі 490-годдзе з дня першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. Да юбілею ўстаноўлены камень-валун з памятнай дошкай пра першае ўпамінанне паселішча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Ивацевичи // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 416–425.

2.     Ивацевичи // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2007. Т. 3. С. 699–702.

3.     Івацэвічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск : БелЭН, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 441–444.

4.     Івацэвічы // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 663.

5.     Івацэвічы // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны : энцыкл. давед. Мінск : БелЭн, 2004. С. 40.

6.     Івацэвічы // Брэстчына / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. Мінск : Беларусь, 1995. С. 183–189.

7.     Івацэвіцкі раён // Беларуская энцыклапедыя : энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 157–158.

8.     Памяць : гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. 496 с. : іл.

9.     Гарады і раёны Берасцейшчыны : гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён / У. В. Здановіч, С. П. Жлоба, А. І. Пашковіч і інш. ; пад аг. рэд. А. А. Гарбацкага. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2009. – 564 с., фотаздымкі.

10.                       Зайка, А. Івацэвічы / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны. – Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 157–164.

11.                       Татаринов, Ю. А. Ивацевичи / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Брестчина. Минск : Смэлток, 2010. С. 48–51.

12.                       Карлюкевіч, А. На Івацэвічскай зямлі / А. Карлюкевіч // Радзімазнаўства. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 69–73.

13.                       Малішэўскі, У. А. Івацэвічы / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока // Нашы гарады. Мінск : Народная асвета, 1991. С. 99–100.

14.                       Несцярчук, Л. М. Івацэвічы / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. : гісторыя, план, перспектывы. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 153–154.

15.                       Ивацевичский район // От Беловежской пущи до Полесских болот : путеводитель по Брестской области / ред. Н. Плыткевич. Минск, 2013. С. 9899.

16.                       Ивацевичский раён // Брестчина, устремлённая в будущее : фотоальбом / глав. ред. В. Шпарло. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2009. С. 176–183.

17.                       Ивацевичи и окресности : фотоальбом / гл. ред. В. Шпарло. Брест : ООО «РИА “Вечерний Брест”», 2011. 96 с. : ил.

18.                       Мешечко, Е. Н. Ивацевичи / Е. Н. Мешечко // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель. Брест : ОАО «Брестская типография», 2012. С. 168169.

19.                       Князева, В. М. Івацэвічы / В. М. Князева // Падарожжа па Беларусі : гарады і гарадскія пасёлкі. Мінск : Беларусь, 2005. С. 28–29.

20.                       Бобрык, В. Івацэвіччына: падзеі, лічбы, факты / В. Бобрык // Івацэвіцкі веснік. 2010. 29 студз. № 7. С. 2–3.

21.                       Зайка, А. Івацэвічам – 490 / А. Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2009. № 40. С. 4.

22.                       Зайка, А. Уладальнікі Івацэвічаў / А. Зайка // Івацэвіцкі веснік. 2009. 4 жн. С. 3.

23.                       Ростова, З. Ивацевичи – город ты мой… / З. Ростова // Івацевіцкі веснік. 2009. 29 мая. С. 4.

24.                       Міршчына, М. Спатканне з Івацэвічамі : гісторыя (1519 г. – наш час) і ўражэнцы / М. Міршчына // Маладосць. 2008. № 9. С. 140–142.

25.                       http://ivacevichi.brest.by/category/istoriya/z_gistryi_ivacevichy.html

26.                       http://brestobl.com/gorod/centr/10.html

27.                       http://ivacevichi.brest.by/category/istoriya/da_70-goddzya_rajona_padzei_
lichby_fakty.html

28.                       http://belaruscity.net/ivacevichi/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2640 разоў Апошняя змена Чацвер, 02 Красавік 2020 10:53