Серада, 01 Кастрычнік 2014 14:39

20 кастрычніка 2014 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Данілавіча Махновіча (1924–2007), Героя Сацыялістычнай Працы, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста

Васіль Данілавіч Махновіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1924 года ў в. Варажбіты (цяпер Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У сям’і было сямёра дзяцей, па гэтай прычыне Васіль пачаў працаваць у 11 гадоў.

В. Д. Махновіч удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Ён прымаў удзел у баях за вызваленне Варшавы, потым ваяваў ва Усходняй Прусіі. Быў узнагароджаны ордэнам Айчанный вайны ІІ ступені і шасцю медалямі.

Пасля вайны Васіль Данілавіч працаваў у калгасе. У красавіку 1950 года пераехаў у Брэст, працаваў у рачным порце грузчыкам, качагарам на паравым кране.

З 1951 года В. Д. Махновіч працаваў у будаўнічым трэсце № 8 г. Брэста. Авалодаў прафесіямі муляра, цесляра, бетоншчыка, мантажніка. У 1953 годзе ён узначаліў комплексную брыгаду, якая з 1972 года стала працаваць па метадзе брыгаднага падраду. Брыгада Васіля Данілавіча ўсё рабіла выразна і зладжана, нібы гадзіннікавы механізм, з поўнай самааддачай. Яму давялося працаваць у трох упраўленнях трэсту. Кожны раз, прымаючы рашэнне аб пераводзе Васіля Данілавіча, кіраўніцтва трэста рабіла гэта для ўмацавання калектыву моцнымі, высокапрафесійнымі кадрамі. Так было ў студзені 1961 года і ў кастрычніку 1967 года. Ён умеў працаваць з людзьмі, натхняў іх, дапамагаў. Пры гэтым заўсёды сам падаваў прыклад высокапрадуктыўнай і якаснай працай. Валодаючы несумненнымі рысамі сапраўднага лідэра ў калектыве, В. Д. Махновіч быў пазбаўлены ганарыстасці і гардыні, заўсёды знаходзіўся там, дзе цяжэй за ўсё. За 1965–1970 гады ў брыгадзе былі падрыхтаваны да прафесійнай працы 126 маладых рабочых.

7 мая 1971 года за поспехі ў выкананні заданняў 8-й пяцігодкі і дасягненне высокіх тэхнічна-эканамічных паказчыкаў В. Д. Махновічу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”.

У 1978 годзе Васілю Данілавічу Махновічу прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г. Брэста».

За навучанне больш, чым за 100 маладых рабочых будаўнічым прафесіям, у 1980 годзе яму быў уручаны знак ЦК УЛКСМ «Настаўнік моладзі», а ў 1981 годзе прысвоена званне «Заслужаны настаўнiк працоўнай моладзі».

З 1985 года знаходзіўся на пенсіі. За 22 гады, што В. Д. Махновіч кіраваў брыгадай, яна пабудавала каля 40 буйных аб’ектаў, у тым ліку радзільны дом на вул. Халтурына, тэрапеўтычны корпус абласной бальніцы, супрацьтуберкулёзны дыспансер, медыцынскае вучылішча, 3 дзіцячыя садкі, 4 сярэднія школы. Брыгадай узведзены найбольш складаныя аб’екты на чулочным і дывановым камбінатах, будынак абласнога ўпраўлення МУС, 21 жылы шматкватэрны дом і шэраг іншых. Лёс Васіля Данілавіча даказвае ісціну: “…у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу”.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, (першы 1958 г.), ордэнам Айчыннай вайны І ступені (1985), двума медалямі (у тым ліку «За адвагу»).

Васіль Данілавіч Махновіч памёр 28 студзеня 2007 года.

Яго імем названа вуліца ў Брэсце.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1. Махнович Василий Данилович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 11–12.

2. Трест во втором десятилетии. 19671977 гг. // Кусик, И. М. Созидатели : к 50-летию ОАО «Строительный трест № 8» / И. М. Кусик. Брест, 2007. С. 37–66. Из содерж. : [Махнович Василий Данилович]. С. 42–43.

3. Махновіч Васіль Данілавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка г. Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 642.

4. Махнович Василий Данилович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 256.

5. Алексеева, М. “Следующая – Махновича” / М. Алексеева // Брестский вестник. 2013. 19 дек. (№ 51). С. 17.

6.  Василий Данилович Махнович : [некролог] // Вечерний Брест. 2007. 31 янв. С. 3.

7. Город вырос из-под его руки : [о строителе В. Д. Махновиче] // Вечерний Брест. 1997. 8 мая. С. 2. 

Чытаць 1641 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Красавік 2021 10:28