Чацвер, 24 Ліпень 2014 00:00

24 ліпеня 2014 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Іосіфавіча Нядзведскага (1929–1973), пісьменніка

Уладзіслаў Іосіфавіч Нядзведскі нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года на Рахавіцкіх хутарах Лунінецкага павета (цяпер вёска Рахавічы Салігорскага раёна Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1939 годзе скончыў два класы польскай школы, а перад Вялікай Айчыннай вайной – чацвёрты клас беларускай.

Рахавіцкія хутары ўвайшлі ў партызанскую зону, якую ў лютым 1943 года фашысты абклалі блакадай, а потым пачалі знішчэнне. Падчас аблавы карнікаў жыхары хаваліся ў лесе, тады загінулі бацькі і брат з сяcтрой. Уладзіславу і сястры Віні ўдалося ўратавацца. Сіратам даў прытулак матчын брат К. Я. Данілевіч.

Пасля вызвалення Лунінеччыны пятнаццацігадовы Уладзіслаў Нядзведскі падаўся на вучобу ў Мікашэвічы (цяпер горад у Брэсцкай вобласці), дзе была фабрычна-завадская школа. У лістападзе 1945 года быў накіраваны ў Мікашэвіцкі дзіцячы дом, які нядаўна адкрылі, узначальваў там камсамольскую арганізацыю. Пасля заканчэння восьмага класа ў 1948 годзе застаўся ў дзіцячым доме, працаваў піянерважатым і адначасова вучыўся ў старэйшых класах. Затым нейкі час працаваў сакратаром у газеце “Камуніст”, органе палітаддзела Ленінскага МТС. У 1950–1955 гадах вучыўся ў Мінску на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

Па заканчэнні ўніверсітэта тры гады працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Гайнаўскай сярэдняй школе на Лагойшчыне. У 1958 годзе выдаў першы зборнік вершаў “Вясновыя барозны”, тады ж быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Перабраўся ў Мінск, працаваў на Беларускім тэлебачанні (1958–1960), у часопісе “Маладосць” (1960–1968). З 1972 года – рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Першы верш Уладзіслаў Нядзведскі надрукаваў у 1949 годзе ў абласной пінскай газеце “Полесская правда”, у рэспубліканскім друку публікаваўся з 1950 года. Тэма вайны, гераізму пасляваеннага дзяцінства адлюстравана ў наступных зборніках паэзіі: “Запрашэнне” (1960), “У лясной старане” (1962), “Размова з адсутнымі” (1969). Актыўна працаваў Уладзіслаў Іосіфавіч і ў жанры прозы, светлай усмешкай і дасціпнасцю адзначаны гумарыстычныя творы: “Капронавыя галёшы“ (1964), “Начная пагоня” (1966). У многім аўтабіяграфічная аповесць “Хлопцы з другога корпуса” вытрымала некалькі выданняў, а першая яе публікацыя была ў часопісе “Маладосць” (1963. № 7, 8). У аповесці без прыхарошвання даецца зрэз жыцця народа ў першыя пасляваенныя гады. Аўтар пераканальна паказвае, што прыкладвалася шмат намаганняў, каб вярнуць дзяцей, абяздоленных вайной, да нармальнага жыцця. Трагедыя сям’і і свайго пасляваеннага ранняга юнацтва, дзіцячы дом, мікашэвіцкія ўражанні ўвайшлі ў творы Уладзіслава Нядзведскага “Балада пра дзве рукі”, “Дома”, “Кінамеханік”.

Для дзяцей выдаў кніжку “Сто братоў і сясцёр” (1960) і паэму “Сыны Кастрычніка” (1969). Уладзіслаў Іосіфавіч добра зарэкамендаваў сябе і як паэт-перакладчык. На беларускую мову пераклаў паасобныя творы з польскай класікі, а таксама вершы паэтаў народаў СССР.

Быў чалавекам самабытнага таленту, шырокіх здольнасцей, у яго было нямоцнае здароўе, працаваў да апошняга дня, заставіў шэраг рукапісаў. Ён быў удумлівым, патрабавальным рэдактарам, сціплым таварышам.

Жыццёвы шлях пісьменніка аказаўся нядоўгім. Уладзіслаў Іосіфавіч Нядзведскі трагічна загінуў ў аўтакатастрофе 17 кастрычніка 1973 года. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках на паўднёва-усходняй ускраіне Мінска.

У 1976 годзе выйшла “Выбранае” У. Нядзведскага, у 1988 годзе – кніга паэзіі “Такія і думы і словы”. У Лунінецкім раённым краязнаўчым музеі ў 1996 годзе адкрыты раздзел экспазіцыі, прысвечаны пісьменніку-земляку, прайшла літаратурная вечарына з удзелам сястры У. Нядзведскага – Віні Іосіфаўны Нядзведскай. У г. Мікашэвічах яго імем названа адна з новых вуліц. У Мікашэвіцкай гімназіі ў кастрычніку 2001 года ўрачыста адкрыты грамадскі літаратурны музей, прысвечаны пісьменніку. Брэсцкі аблвыканкам 20 красавіка 2005 года прысвоіў Мікашэвіцкай гімназіі імя У. І. Нядзведскага, на яе будынку размешчана мемарыяльная дошка. Стала традыцыяй штогод восенню праводзіць літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя памяці У. Нядзведскага, ў госці да гімназістаў прыязджаюць вядомыя беларускія паэты і празаікі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бабута Алена Уладзіміраўна, гал.бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы У. І. Нядзведскага

1. Вясновыя барозны : вершы / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1958. 70 с.

2. Запрашэнне : вершы / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1960. 95 с.

3. Сто братоў і сясцер : вершы і паэма / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1960. 33 с.

4. У лясной старане : вершы / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Дзярж. выдавецтва БССР, 1962. 71 с.

5. Хлопцы з другога корпуса : аповесць / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Беларусь, 1964. 292 с.

6. Капронавыя галёшы : [гумарыстычныя апавяданні] / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Звязда, 1964. 49 с.

7. Начная пагоня : апавяданні, гумарэскі, аповесць / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Беларусь, 1966. 180 с.

8. Ребята из второго корпуса : повесть [для сред. и старш. шк. возраста] / Владислав Недведский ; авториз. перевод с бел. В. Тараса ; худож. Г. Скоморохов. Минск : Беларусь, 1966. 286 с. : ил.

9. Размова з адсутнымі : вершы / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Беларусь, 1969. 54 с.

10. Вузлы : вершы / Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Беларусь, 1971. 56 с.

11. Выбранае : вершы і паэмы / Уладзіслаў Нядзведскі ; укл. Г. Кляўко. Мінск :  Мастацкая літаратура, 1976. 210 с.; 1 л. партр.

12. Хлопцы з другога корпуса : аповесь [для ст. школьнага ўзросту] // Уладзіслаў Нядзведскі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. 289 с. : іл.

13. Такія і думы і словы : кніга паэзіі / Уладзіслаў Нядзведскі ; уклад. Н. Нядзведскай. Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. 110 с. : іл. (Бібліятэка беларускай паэзіі).

 

 Аб жыцці і творчасці У. І. Нядзведскага

1. Уладзіслаў Нядзведскі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : АА “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 333335.

2. Нядзведскі Уладзіслаў Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 405–406.

3. Нядзведскі Уладзіслаў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 406–409.

4. Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі : старонкі  жыцця і творчасці / аўт.-склад. Вадзім Жылко. Лунінец, 2001. 32 с. (Альманах “Лунінецкая муза; № 6).

5. Магіла Нядзведскага Уладзіслава Іосіфавіча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінск. Мінск, 1988. С. 313.

6. Нядзведскі Уладіслаў Іосіфавіч  // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Лунінецкага раёна / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск, 1995. С. 637–638.

7. Нефідовіч, С. “Вясновыя барозны” // Нефідовіч, С. Сустрэчы і раставанні / Сцяпан Нефідовіч. Лунінец, 2009. С. 5–6. (Альманах “Лунінецкая муза; № 29).

8. Зарэцкая, В. Уладзіслаў Нядзведскі (1929) // ЗарэцкаяВ. Літаратурная ніва… / Вера Зарэцкая. Лунінец, 2008. С. 10–12. (Літаратурныя старонкі гісторыі Лунінеччыны : дадатак да альманаха “Лунінецкая муза”).

9. Нефідовіч, С. Памяці Уладзіслава Нядзведскага : [верш] // Нефідовіч, С. Махаю крыламі гадоў… : вершы / Сцяпан Нефідовіч. Лунінец, 2010. С. 16. (альманах “Лунінецкая муза”; № 31).

10. ЖылкоВ. Самвыдат: “Лунінецкі варыянт” / Вадзім Жылко, Васіль Туміловіч // Информ-прогулка (Лунинец). 2013. № 49. С. 13.

11. Нефідовіч, С. Літаратурная традыцыя : [аб ушанаванні памяці У. І. Нядзведскага ў Мікашэвіцкай гімназіі яго імя] / Сцяпан Нефідовіч // Народная трыбуна. 2010. 4 снеж. (№ 49). С. 9.

12. Жылко, В. Памяць не знікае… : [пра вечарыну памяці пісьменніка У. Нядзведскага ў Мікашэвіцкай гімназіі] / Вадзім Жылко // Информ-прогулка (Лунинец). 2010. 21 окт. С. 11.

13. Жылко, В. “Знітавацца на роднай зямлі…” : [пра вечар памяці пісьменніка У. Нядзведскага ў Мікашэвіцкай гімназіі] / Вадзім Жылко // Информ-прогулка (Лунинец). 2009. 22 окт. С. 11.

14. Мацкевіч, А. Яднаючая сіла творчасці : [пра сустрэчу, прысвечаную памяці пісьменніка У. Нядзведскага ў Мікашэвіцкай гімназіі] / Аляксандр Мацкевіч // Лунінецкія навіны. 2007. 19 кастр. С. 1–2.

15. Дымаў, В. У гонар паэта-земляка : [аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі У. І. Нядзведскаму на будынку Мікашэвіцкай гимназіі] / Віталь Дымаў // Информ-прогулка (Лунинец). 2005. № 51. С. 8.

16. У памяць аб пісьменніку : [аб адкрыцці мемарыяльнай дошкі У. Нядзведскаму на будынку Мікашэвіцкай гімназіі] // Лунінецкія навіны. 2005. 23 снеж. С. 2.

17. Уладзіслаў Нядзведскі : [некралог] // ЛiМ. 1973. 26 кастр. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2147 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 15:50