1 кастрычніка 1939 года ў Брэсце было створана Часовае кіраванне Палескай вобласці. Пад такой назвай яно дзейнічала да канца лістапада. У снежні выканкам вобласці называўся Брэст-Літоўскім, а потым Брэсцкім. Назва вобласці па назве яе цэнтра г. Брэста сустракаецца ў некаторых дакументах яшчэ з сярэдзіны кастрычніка. У сярэдзіне снежня 1939 года Часовае кіраванне Брэсцкай вобласці пераўтворана ў Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, які размясціўся ў будынку былога Палескага ваяводства, дзе размяшчаецца і цяпер (вул. Леніна, 11). Першым старшынёй аблвыканкама стаў Канстанцін Навумавіч Длугашэўскі (1905–1997).
14 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. 19 лістапада 1939 года прыняты пастановы ЦК КП(б)Б “Аб размежаванні абласцей і раёнаў між БССР і УССР” і “Аб абласцях і абласных цэнтрах Заходняй Беларусі”. Прынцыповым пытаннем было аднясенне да Беларусі гарадоў Брэста, Кобрына, Пінска, Лунінца, што было падтрымана І. В. Сталіным.
4 снежня 1939 года выйшаў Указ Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР “Аб стварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей”, які зацвердзіў новае адміністрацыйнае дзяленне заходніх рэгіёнаў Беларусі. Брэсцкая вобласць была ўтворана з тэрыторый былых Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў Палескага ваяводства Польшчы.
15 студзеня 1940 года прыняты Указ Вярхоўнага Савета БССР “Аб стварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР”, у адпаведнасці з якім былі скасаваны паветы і ўстаноўлена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне на раёны. У Брэсцкай вобласці былі створаны 18 раёнаў: Антопальскі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Высокаўскі, Гайнаўскі, Дамачаўскі, Дзівінскі, Жабінкаўскі, Каямнецкі, Кляшчэльскі, Кобрынскі, Косаўскі, Маларыцкі, Поразаўскі, Пружанскі, Ружанскі, Сямяціцкі, Шарашоўскі. На 1 студзеня 1941 года ў Брэсцкай вобласці было 8 гарадоў, 7 гарадскіх і 2 рабочыя пасёлкі, 18 раёнаў, 234 сельсаветы.
Пасля вызвалення вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбыліся змены ў яе тэрыторыі. 20 верасня 1944 года Поразаўскі раён перададзены Гродзенскай вобласці. 16 жніўня 1945 года Польшчы перададзены 4 сельсаветы Высокаўскага раёна, г. Гайнаўка і 11 сельсаветаў Кляшчэльскага раёна, Сямяціцкі раён. 20 верасня 1947 года Косаўскі раён перайменаваны ў Івацэвіцкі.
8 студзеня 1954 года Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР Пінская вобласць была скасавана, яе тэрыторыя далучана да Брэсцкай. Таксама далучаны Быценскі, Гарадзішчанскі, Ляхавіцкі, Навамышскі раёны скасаванай Баранавіцкай вобласці. 8 красавіка 1957 года Навамышскі раён перайменаваны ў Баранавіцкі. У наступныя гады некаторыя раёны былі скасаваны (Дамачаўскі, Шарашоўскі, Быценскі і інш.), у 1965–1966 гадах некаторыя былі адноўлены (Ганцавіцкі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Маларыцкі, Жабінкаўскі).
Цяпер ў Брэсцкай вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі, 21 горад. Плошча складае 32,8 тысячы кв. км.
Герб і флаг Брэсцкай вобласці зацверджаны Указам Прэзідэнта РБ ад 14 верасня 2004 года. Герб мае форму барочнага шчыта, ніжняя частка якога выканана ў чырвоным колеры і завяршаецца формай абарончага збудавання; у цэнтры чырвонага поля размешчаны залаты зубр; верхняя частка шчыта блакітнага колеру. Флаг уяўляе сабой прамакутнае палатнішча чырвона-блакітнага колеру, па яго краях – дзве вертыкальныя блакітныя палосы; пасярэдзіне – шырокая чырвоная паласа, якая завяршаецца формай абарончага збудавання; у цэнтры чырвонай паласы – залаты зубр.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
1. Брестская область // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 509–514.
2. Брэсцкая вобласць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 290–292.
3. Брэсцкая вобласць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 93.
4. Брэсцкая вобласць : [у 2 кн.] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3 : Кн. 1. Мінск, 2006. 528 с.: іл.; Т. 4 : Кн. 2. Мінск, 2007. 608 с.: іл.
5. Брестская область : общегеографический атлас. Минск : Белкартография, 2003. 32 с.: ил.
6. Брестская область : географический атлас : учеб. пособие / под ред. С. М. Быстровой. Брест : БрОИРО, 2010. 45 с.: ил.
7. Брестская область : статистический ежегодник. Брест, 2011. 242 с.: ил.
8. Брестчина, устремлённая в будущее : фотоальбом / А. Антоновский и др. ; гл. ред. В. Шпарло. Брест : Вечерний Брест, 2009. 303 с.: ил.
9. Брестская область / [подгот. Н. А. Александров и др.]. 3 изд., перераб. и доп. Минск : Беларусь, 1987. 205 с., 8 л. ил. (БССР).
10. Брестская область : [герб и флаг] // Адамушко, В. И. Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск : Беларусь, 2006. С. 28–29.
11. Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / Илья Николаевич Курков. Минск : Медиафакт, 2005. 271 с.: ил.
12. Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. 424 с.: ил.
13. Широкорад, А. Б. Русские и белорусы – братья в горе и радости / А. Б. Широкорад. Москва : Вече, 2014. 352 с.: 8 л. ил. – Из содерж.: [об определении границ между Украиной и Белоруссией в 1939 г.]. С. 225–228.
14. Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы / сост. А. Г. Карапузова, И. М. Корнелюк, С. В. Струнец, Н. В. Якута. Брест : Альтернатива, 2012. 246 с., [12] л. фот.
15. Лукашенко, А. Жителям Брестской области : [поздравление с 70-летием со дня образования области] / Александр Лукашенко ; Логвинович, А. Знамя, почёт и – только вперёд! : [о торжественном вечере к 70-летию области] / Александр Логвинович // Заря. 2009. 8 дек. С. 1, 4.
16. 70 лет Брестской области ; Путь в семь десятилетий : [подборка материалов] // Заря. 2009. 3 дек.
17. Литвинович, Е. В списках значились… : [о приезжих кадрах на Брестчине в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 26 нояб. С. 4.
18. Литвинович, Е. Границы перекраивались за ночь… : [об определении границ Брестской области в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 24 нояб. С. 4.
19. Литвинович, Е. Праздник де-юре и де-факто : [об истории образования Брестской области в 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 19 нояб. С. 4.
20. Литвинович, Е. Управление на время : [о временном управлении Брестчиной осенью 1939 г.] / Евгений Литвинович // Заря. 2009. 12 нояб. С. 4.