Серада, 10 Снежань 2014 10:24

25 снежня 2014 г. – 90 гадоў з дня нараджэння (1924) Івана Сцяпанавіча Гулько, вучонага ў галіне медыцынскай рэабілітацыі, выдатніка аховы здароўя

Іван Сцяпанавіч Гулько нарадзіўся 25 снежня 1924 года ў вёсцы Вайская (цяпер у Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігадовай школы паступіў у Брэсцкае дарожна-механічнае вучылішча, але вучоба была перарвана з-за Вялікай Айчыннай вайны.

У 1944 годзе Іван Гулько быў прызваны ў Чырвоную Армію, служыў шафёрам. Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут, які закончыў у 1953 годзе. Свае першыя прафесійныя крокі Іван Гулько рабіў у Брэсцкай гарадской санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. З 1954 па 1957 год загадваў Олтушскім урачэбным участкам Маларыцкага раёна. Можна адзначыць, што тры браты Івана Сцяпанавіча таксама сталі медыцынскімі работнікамі.

Іван Гулько прыняў рашэнне стаць вучоным, паступіў у аспірантуру кафедры шпітальнай тэрапіі Мінскага медыцынскага інстытута, якую закончыў у 1960 годзе. У 1960–1966 гадах з’яўляўся асістэнтам кафедры. Выканаў кандыдатскую дысертацыю «Утрыманне цынка, медзі, марганца, кадмія, кобальта і нікеля ў хворых ракам». У 1961 годзе І. С. Гулько прысвоена вучоная ступень кандыдата медыцынскіх навук. З 1966 па 1969 гады – дацэнт 1-й кафедры шпітальнай тэрапіі, адначасова з’яўляўся намеснікам дэкана лячэбнага факультэта. Затым па 1970 год – дацэнт кафедры ўрачэбнага кантролю і лячэбнай фізкультуры.

У 1970 годзе І. С. Гулько абараніў доктарскую дысертацыю і атрымаў вучоную ступень доктара медыцынскіх навук. У сакавіку наступнага года Івану Сцяпанавічу прысвоена вучонае званне прафесара. З 1970 па 1988 гады – загадчык кафедры ўрачэбнага кантролю і лячэбнай фізкультуры Мінскага медыцынскага інстытута, адначасова (1972–1988) працаваў галоўным спецыялістам Міністэрства аховы здароўя БССР па лячэбнай фізкультуры і ўрачэбнаму кантролю.

З 1988 па 1994 гады – прафесар кафедры фізіятэрапіі, лячэбнай фізкультуры і ўрачэбнага кантролю Мінскага медыцынскага інстытута, адначасова (1992–1994) – галоўны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя Беларусі па медыцынскай рэабілітацыі. У лютым 1993 года яму была прысвоена кваліфікацыя “ўрач-рэабілітолаг вышэйшай катэгорыі”. З ліпеня 1994 года па верасень 1995 года І. С. Гулько з’яўляўся вядучым навуковым супрацоўнікам лабараторыі па медыка-сацыяльных праблемах пажылых. З верасня 1995 года і да выхада на пенсію (2004) Іван Сцяпанавіч працаваў вядучым спецыялістам лабараторыі медыка-сацыяльнай рэабілітацыі пажылых у НДІ медыка-сацыяльнай экспертызы і рэабілітацыі.

Навучэнец прафесара Г. Х. Даўгяла (1902–1974) Іван Сцяпанавіч вывучаў утрыманне мікраэлементаў у арганізме пры захворваннях. У далейшым працаваў над праблемай каранарнага атэраслерозу – «Некаторыя пытанні патагенэза атэрасклерозу» (1966), выканаў доктарскую дысертацыю «Біяхімічная і электрафізіялагічная характарыстыкі праяў каранарнага атэрасклерозу» (1969). У наступныя гады працаваў над стварэннем комплексных методык немедыкаментознага аздараўлення. Асаблівую ўвагу ўдзяляў аздараўленню хворых бранхіяльнай астмай і астматычным бранхітам. Прапанаваў шэраг устройстваў для фарміравання рытму дыхання, за якія быў адзначаны бронзавым медалём ВДНГ СССР.

І. С. Гулько апублікаваў больш за 160 навуковых работ. Ён з’яўляецца навуковым рэдактарам шэрага манаграфій, беларускай энцыклапедыі «Здоровье» (1991), мае 8 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы.

Каля дваццаці гадоў (1970–1990) Іван Сцяпанавіч быў старшынёй Рэспубліканскага навукова-медыцынскага таварыства ўрачоў урачэбнага кантролю і лячэбнай фізкультуры. Ён стварыў грамадскі ўніверсітэт “Здароўе пажылых”, які працягваў курыраваць і пасля выхаду на пенсію.

Іван Сцяпанавіч Гулько ўзнагароджаны медалямі, адзначаны знакам «Отличник здравоохранения» (1981).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф; Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бібліёграф I к.

 

  1. Гулько, И. С. Проблемы укрепления и поддержания здоровья человека : материал в помощь лектору / И. С. Гулько. Минск : Знание, 1982. 22 с.

  2. Гулько Иван Степанович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 279.

  3. Гулько Іван Сцяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 528.

  4. Иван Степанович Гулько: (к 80-летию со дня рождения) // Здравоохранение. 2005. № 5. С. 61.

  5. Гузов, В. Профессор – наш земляк : [о выступлении с лекцией перед медиками Каменецкого района процессора И. С. Гулько] / В. Гузов // Заря. 1971. 21 апр.

  6. 25 декабря – 85 лет со дня рождения И. С. Гулько (25.12.1924 г.) // Здравоохранение Беларуси : знаменательные и юбилейные даты : [Электронный ресурс]. Режим доступа: med.by/content/znamdate/znamdate2009.pdf. Дата доступа: 28.10.2014 г.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1392 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:46